«Мастацтва ёсць ілюзія жыцця, перайначанага творцам, але хто ведае — можа, і само жыццё з’яўляецца ілюзіяй рэальнай рэчаіснасці. Мастацтва расквечвае быццё, упрыгожвае і робіць яго разнастайным, дае магчымасць зазірнуць углыб падсвядомасці і ўбачыць свет не толькі такім, які ён ёсць, але і такім, якім ён можа быць».
Васіль Шаранговіч
Імя Васіля Пятровіча Шаранговіча — гэта цэлая эпоха беларускага мастацтва, нават школа беларускай графікі.
У апошні дзень 2021 года супакоіўся Васіль Пятровіч на Алеі славы Усходніх могілак у Мінску. Ён пайшоў праз два дні пасля сваёй жонкі Галіны Андрэеўны, спадарожніцы ўсяго яго жыцця. Яны былі паасобку толькі пару дзён.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка выказаў спачуванні родным і блізкім народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча. «Ён выхаваў некалькі пакаленняў таленавітай моладзі, значна ўзбагаціў духоўную спадчыну айчыннай культуры і ўнёс неацэнны ўклад у захаванне і развіццё лепшых традыцый нацыянальнай школы графікі», — зазначыў кіраўнік дзяржавы, а таксама падкрэсліў, што творчасць Васіля Шаранговіча, непарыўна звязаная з выяўленчым мастацтвам, набыла ўсенародную любоў і прызнанне: «Светлая памяць аб ім назаўсёды захаваецца ў нашых сэрцах».
Васіль Пятровіч Шаранговіч — знакаміты беларускі графік, педагог. Прафесар (1981). Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1978). Заслужаны дзеяч культуры Польшчы (1986). Народны мастак Беларусі (1991).
На працягу 17 гадоў Васіль Пятровіч узначальваў кафедру графікі Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, а потым 8 гадоў быў рэктарам гэтага інстытута (зараз — Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Яго вучні сёння з’яўляюцца элітай беларускага мастацтва.
Наступным культурна-асветніцкім захапленнем В. Шаранговіча стала стварэнне Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, дырэктарам якога ён быў 12 гадоў.
Нарадзіўся Васіль Шаранговіч 14 студзеня 1939 года ў вёсцы Качаны Мядзельскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Яшчэ не споўнілася і двух гадоў будучаму мастаку, як пачалася Вялікая Айчынная вайна. Уражанні дзяцінства, цікаўнасць і цяга да малявання сталі асноўнымі напрамкамі ў пошуках жыццёвага шляху. Колеры беларускай прыроды і сутнасць беларускай літаратуры ў будучым стануць асновай яго творчасці. І не выпадкова па заканчэнні вучобы ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце дыпломнай работай Васіля Шаранговіча сталі ілюстрацыі да паэмы Янкі Купалы (серыя лінагравюр паводле паэм «Курган», «Бандароўна», «Магіла льва»), якія былі адзначаны дыпломам Акадэміі мастацтваў СССР. Сёння гэтыя творы з’яўляюцца класікай беларускай графікі.
Выстава памяці «Ген жыцця» Васіля Шаранговіча, якая будзе на працягу года экспанавацца ў пастаяннай экспазіцыі Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, знаёміць цікаўнага наведвальніка з творчай спадчынай мастака, а таксама з жыццёвай пазіцыяй чалавека, улюблёнага ў сваю радзіму і людзей Беларусі. Творчасць В. П. Шаранговіча адкрывае гледачу дзівосны, паэтычны свет беларускай прыроды, адухоўленую прыгажосць нацыянальнага характару. Галоўны змест творчасці мастака — маральныя пошукі, імкненне паказаць чалавека ў лепшых праявах яго духоўных якасцей. Вобразы знакамітых сучаснікаў, створаныя мастаком, увабралі ў сябе лепшыя рысы чалавека стваральнай працы і сталі класікай у айчынным выяўленчым мастацтве. Усё мастацтва В. П. Шаранговіча напоўнена высокай духоўнасцю і праўдзівай чалавечнасцю, што асабліва актуальна ў наш час.