Часовая экспазіцыя прысвечана 25-годдзю з часу правядзення першай Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Сімяон Полацкі: светапогляд, грамадска-палітычная і літаратурная дзейнасць». З 1999 г. кожныя пяць год на радзіме грамадскага і рэлігійнага дзеяча XVII ст. Сімяона Полацкага праходзіць канферэнцыя, удзельнікі якой традыцыйна абмяркоўваюць актуальныя пытанні жыцця і дзейнасці асветніка, яго эпоху.
За мінулыя 25 год амаль 90 удзельнікаў з розных краін свету прадставілі вынікі даследаванняў па шырокаму колу пытанняў гісторыі, археалогіі, мовазнаўства, літаратуразнаўства, культуралогіі, філасофіі, музеязнаўства, кнігазнаўства.
У 2024 г. праводзіцца ўжо VI Міжнародная навуковая канферэнцыя «Сімяон Полацкі: светапогляд, грамадска-палітычная і літаратурная дзейнасць», прысвечаная 395-годдзю з дня нараджэння Сімяона Полацкага і 30-годдзю Музея-бібліятэкі Сімяона Полацкага. У мерапрыемстве прымаюць удзел навукоўцы, якіх цікавяць жыццё і творчасць Сімяона Полацкага ў кантэксце эпохі, уплыў яго дзейнасці на сучасную культуру; этнаканфесійнае і сацыякультурнае развіццё Беларускага Падзвіння ў ХVI–ХVIII стст.; захаванне, прэзентацыя і інтэрпрэтацыя помнікаў кніжнай культуры Беларусі ў музеях, бібліятэках і прыватных зборах.