У 1987 годзе мастакі Васіль Васільеў, Галіна Васільева, Алег Ладзісаў і Аляксандр Канавалаў аб’ядналіся ў групу «4-63».
Карцінная галерэя ў той час з’яўлялася цэнтрам мастацкага жыцця Полацка. Галерэя ў раённым цэнтры — з’ява рэдкая і значная, гэта было адзінае месца, дзе экспанаваліся арыгінальныя жывапісныя творы. Менавіта тут збіраліся і абмяркоўвалі свае праблемы і праекты сябры аб’яднання, тут жа яны імкнуліся паказаць свае творы.
Што ж такое творчае аб’яднанне «4-63»? Якія былі яго мэты і задачы?
Назва аб’яднання цесна звязана з тагачасным прыстанкам мастацтва ў Полацку — Карціннай галерэяй, якая знаходзілася ў Богаяўленскім саборы, а «4-63» — першыя лічбы яе тэлефоннага нумара.
У выбары такой назвы адразу некалькі тлумачэнняў. Па-першае, двое з чатырох сяброў групы мелі самыя непасрэдныя адносіны да галерэі — працавалі ў ёй. Па-другое, мастакоў горада так ці інакш не можа не прыцягваць да сябе выставачная зала. І нарэшце, традыцыі самой галерэі, заснаваныя на прапагандзе класічнага і сучаснага мастацтва, не маглі не ўплываць на станаўленне эстэтычных прынцыпаў полацкіх мастакоў.
«4-63» — за гэтымі лічбамі стаяць чатыры таленавітыя мастакі:
Васіль Васільеў. Выпускнік мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава. Але для сур’ёзнай творчасці яму здалося гэтага мала, таму ён адвучыўся яшчэ ў Беларускай акадэміі мастацтваў у Мінску. Удзельнік абласных, рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных выстаў.
Галіна Васільева. Творчае станаўленне пачалося ў сценах Віцебскага педагагічнага інстытута. Мастачку цікавіць канкрэтнасць жыцця, яна любіць яркія колеры, спрабуе перадаць імі складанае эмацыянальнае становішча. У актыве — удзел у некалькіх выставах у рэспубліцы.
Аляксандр Канавалаў. Мастацкую адукацыю атрымаў у Віцебскім дзяржаўным педагагічным інстытуце. Натура і суб’ектыўны псіхалагічны стан — аб’екты творчага інтарэсу мастака. Яго творы таксама знаёмы і абласному, і рэспубліканскаму гледачу.
Алег Ладзісаў. Скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў і Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. У жывапіс улюблёны з дзяцінства. У сваёй творчасці распавядае пра чалавека праз асабіста перажытае. Яго творы адносяцца да інтуітыўнага ўспрымання жывапісу. Работы экспанаваліся на абласных і рэспубліканскіх выставах.
Усе мастакі абсалютна розныя. Іх аб’ядналі агульныя погляды на адны і тыя ж пытанні: што такое жывапіс і ўвогуле мастацтва. «4-63» з’яўляліся амаль што ці не адзінымі прадстаўнікамі яшчэ не распрацаванага ў беларускім мастацтве напрамку абстрактнага экспрэсіянізму.
К моманту аб’яднання ўсе чацвёра перажывалі перыяд творчай актыўнасці. На фоне існавання ў горадзе карціннай галерэі, дапаўняючы, узгадняючы, супрацьпастаўляючы, праходзіла творчасць мастакоў аб’яднання «4-63». Яны заявілі сябе як група прыхільнікаў свабоднага самавыяўлення, тым самым уносячы ў мастацкае жыццё Полацка імпульс творчай энергіі.
З віртуальнай выставай можна азнаёміцца тут.