З 8 кастрычніка 2024 года ў Дзіцячым музеі пачынае сваю работу выстава «Жывы подых ганчарства», дзе будзе прадстаўлена калекцыя мініяцюрнай керамікі, якую з 1990 года пачала збіраць палачанка Наталля Леанідаўна Анцімонава.
Шмат гадоў Наталля Леанідаўна працавала дырэктарам Полацкай дзіцячай мастацкай школы. Разам з іншымі выкладчыкамі школы яна адкрыла шлях у свет мастацтва многім юным палачанам. Сёння Наталля Анцімонава ўзначальвае калектыў Мастацкай галерэі — філіяла Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Адно з захапленняў таленавітага педагога, майстра і мастака — падарожжы па розных гарадах Беларусі ды іншых краін, знаёмства з таленавітымі майстрамі-ганчарамі. Таму нічога дзіўнага, што неўзабаве пачала фарміравацца арыгінальная калекцыя сувеніраў мініяцюрнай керамікі.
У складзе калекцыі больш за семдзесят прадметаў не толькі беларускай керамікі, але і вырабы з Польшчы, Балгарыі, Латвіі, Партугаліі, Расіі і іншых краін. Керамічныя вырабы ў калекцыі розныя па сваёй форме і прызначэнні. Адрозніваецца посуд і сваім вонкавым выглядам: круглы, выцягнуты, цыліндрычны; разнастайны па колеры, матэрыяле і дызайне.
На выставе вы зможаце ўбачыць і аўтарскі мініяцюрны керамічны збан вышынёй не больш за сантыметр, і збан з ружовай гліны, і мініяцюрны спарыш!
Маленькія сувенірныя керамічныя гаршчочкі нібы захавалі цяпло рук майстроў, якія стваралі іх з любоўю да сваіх традыцый.
Выстава сувенірнай мініяцюрнай керамікі «Жывы подых ганчарства» будзе працаваць у Дзіцячым музеі да 30 лістапада 2024 года. Запрашаем на выставу!