Традыцыйна ў навагодні час фальклорны гурт «Варган» ладзіць ў Полацку калядныя вечарыны. Адна з іх прайшла ў дысказале ПДУ. Глядзіце, як палачане раздавалі каларытны святочны вайб. Атмасфера этна-імпрэзы – на фотаздымках ад Горад214.
Фота: Кірыл Смалякоў
На абрадавых выступах знакамітага фальклорнага гурта «Варган» мы бывалі шмат разоў. Ахвотнікаў прытуліцца да народных традыцый звыяайна збіраецца шмат. Такія святы не могуць надакучыць: у іх закладзены сакральныя сэнсы беларускай культуры і гісторыі, а ўдзельнікі мерапрыемстваў усё робяць з душой і зайздросным імпэтам.
Так было і гэтым разам. Удзельнікі гурта «Варган» заўзята танчылі з гасцямі, кружылі усіх у карагодзе, вучылі народным гульням і спевам.
Аўтэнтычныя спевы – больш, чым проста музыка. Кажуць, яны лекуюць душу і цела, пасля іх можна адчуць энергетычны ўздым і неверагодны спакой і цеплыню ўнутры.
Любімы момант для многіх гасцей – частаванне Казы, якая з'яўляецца адным з галоўных герояў абраду калядавання. Гарэзлівая, бойкая, у адзін момант яна падае на зямлю і не падае прыкметаў жыцця. Калядоўшчыкі кажуць: «Дайце ж сала, каб каза ўстала!», і добрыя людзі шчодра адорваюць Казу, каб тая прыйшла ў прытомнасць.
Выконвае загады і суворы мядзведзь: паказвае, як дзеткі мульцікі ў бацькоў паглядзець просяць і як полацкія дзяўчаткі ў Інстаграме фоткаюцца.
Дзеці і дарослыя (многія ў народных строях ці ў адзенні з нацыянальным каларытам) увесь вечар радаваліся нараджэнню Хрыстову і новаму гадавому колу так, як рабілі гэта іх продкі. Традыцыі жывуць, яднаюць і натхняюць.
Читайте также: С чем уходит 2024-й? Вспоминаем главные события года в Полоцке и Новополоцке
Зарплаты, штрафы и не только. Что изменится для белорусов в январе?
«Пусть все мы будем благодарными полочанами». Читатели рассказали, чем запомнился 2024 год