Цёплым вераснёвым вечарам на плошчы Францыска Скарыны ў Полацку разгарнулася незвычайнае дзейства. Жыхарам і гасцям горада прапанавалі перанесціся ў XV стагоддзе і на свае вочы пабачыць, як калісьці жылі нашы продкі: адчуць подых гісторыі, апынуцца ў віры сярэднявечнай музыкі, танцаў, гульняў, стаць часткаю гэтага чароўнага пераўтварэння.
Фота: Кірыл Смалякоў
Ажывіць гісторыю дапамаглі нашы сучаснікі. Імпрэза пад назваю «Полацк. Дыярыуш падарожніка» стала эксперыментальным праектам народнага тэатра гістарычнага касцюма «Полацкі зьвяз».
Упершыню была прапанавана пастаноўка ў форме імерсіўнага тэатра, калі гледачы становяцца ўдзельнікамі падзей, максімальна пагружаюцца ў прапанаваны кантэкст і адчуваюць эфект прысутнасці.
Па задуме, прастора сучаснага горада на некалькі гадзін пераўтварылася ў старажытнае гарадское места. Тут раскінулася сапраўдная рынкавая плошча, дзе можна было на ўласныя вочы пабачыць цуд батлейкі, пачуць старадаўнія спевы ці самому далучыцца да кола танцаў і гульняў.
У працэсе падрыхтоўкі стваральнікі імерсіўнага спектакля, каб перадаць дух Полацка канца XV стагоддзя, вывучалі старажытныя пісьмовыя крыніцы, знаёміліся з дыярыушамі і ўспамінамі іншаземных падарожнікаў.
У той час Полацк квітнеў як буйны горад з шырокімі міжнароднымі стасункамі, але між тым захоўваў самабытны лад жыцця, асаблівыя мясцовыя традыцыі і светапогляд.
Згодна з сюжэтам, іншаземны падарожнік трапляе ў Полацк і апісвае ў сваім дзённіку (дыярыушу) тутэйшае жыццё.
«Вандруючы далей на ўсход ад Рыгі, воляй Божай апынуўся я ў горадзе Полацку, што на высокім беразе велізарнай ракі Дзвіны стаіць. Горад гэты, хоць і не такі, як нашыя нямецкія, але моцны, з мурамі, вежамі і кірмашом гучным» – менавіта з такіх слоў пачаўся расповед пра Полацк.
На вачах героя горад здабывае княскі прывілей на атрыманне магдэбургскага права, якое дазваляла мяшчанам весці бесперашкодны гандаль.
На плошчы адбываецца сапраўдны рыцарскі турнір, разгортваецца гісторыя кахання маладых улюбёных, што шчасліва пераходзіць у вясельны абрад.
У адной з запамінальных сцэн ледзь не спальваюць на вогнішчы бязвінную дзяўчыну, якую наўмысна абвінавацілі ў пошасці.
У вырашэнні спрэчных пытанняў гараджане звяртаюцца за дапамогай да кіраўнікоў горада – пана войта і пана падчашага.
Акрамя таго, па восеньскай традыцыі, гараджане пахавалі старое вогнішча, а на зіму запалілі новы жывы агонь, які раздавалі адзін аднаму.
Гэта гісторыя пра самабытнасць, гонар, каханне, мудрасць, пра нас – палачан.
Напрыканцы вечара над горадам панесліся чароўныя гукі гусляў. Сапраўдны сярэднявечны музыка Алесь Чумакоў падараваў магчымасць пачуць не толькі старажытныя балады, але і рок па-беларуску ў гуслярскім выкананні.
Дапамогу ў арганізацыі падзеі аказаў адзел культуры Полацкага раённага выканаўчага камітэта. У стварэнні спектакля дапамагалі фальклорны гурт «Варган», клуб гістарычнай рэканструкцыі «Чорны война» і народны тэатр лялек «КапялюШ».
Арганізатары перадаюць шчырыя словы падзякі гледачам, што ў гэты вечар прыйшлі на плошчу, бо менавіта яны сталі галоўнымі ўдзельнікамі інтэрмедый.
«Для нас гэта была не зусім звычайная пастаноўка, хутчэй эксперымент, таму мы хваляваліся, наколькі яна будзе цікава палачанам. Але Полацк пераўзыйшоў усе чаканні. Атмасфера, якая ўтварылася на плошчы, была проста неверагодная – вельмі ўтульная, шчырая, калі незнаёмыя людзі сталі часткай вялікай полацкай сям’і. Гледачы вельмі лёгка прынялі правілы гульні і сапраўды сталі самай важнай часткай сюжэта, разам весяліліся, радаваліся, перажывалі і, галоўнае, дзяліліся цеплынёй і святлом адзін з адным.
Палачане! Вы самыя найлепшыя!!! Дзякуй, што маем гонар жыць пад адным небам!», – такія словы адрасавалі арганізатары ўсім, хто прыйшоў у той вечар на плошчу імя Францыска Скарыны, каб пабыць разам, спазнаць полацкую еднасць, засведчыць павагу да гісторыі, прызнацца ў любові да лепшага ў свеце – самага старажытнага горада Беларусі.
Читайте также: Красная Луна взошла над Полоцком. Публикуем впечатляющие фото читателей
Август в Беларуси стал самым холодным за 16, а лето – за последние 8 лет. Где было теплее всего?