Папулярнымі ў нашым рэгіёне сталі навагоднія калядныя сустрэчы, што ладзіць Музей традыцыйнага ткацтва Паазер'я сумесна з фальклорным гуртом «Варган». Сёлета свята «Ехала Каляда з Полацку» зноў сабрала вялікую колькасць жыхароў і гасцей горада. Яны з захапленнем слухалі традыцыйныя беларускія спевы, далучаліся да гульняў, танцаў і абрадавых дзеянняў, рабілі каларытныя фота на памяць.
Фота: Кірыл Смалякоў


Усе, хто прыйшоў у музей, змаглі не толькі пабачыць, як беларусы калісьці ладзілі калядаванне, але і стаць часткаю чароўнага дзейства. Магчымасць перанесціся ў іншую рэальнасць гасцям падарылі ўдзельнікі гурта «Варган», які займаецца вывучэннем і аднаўленнем беларускай традыцыйнай творчасці, папулярызуе беларускую культуру сярод моладзі.


Каляды для нашых продкаў былі галоўным святам навагодняга перыяду, прымеркаваным да зімовага сонцавароту. У гэты час нараджалася новае маладое сонца, ноч адступала, дзень павялічваўся, святло атрымлівала перамогу над цемрай. Разам з тым пераўтвараўся і ўвесь сусвет, пачынаўся новы віток жыцця, напоўнены магутнай, стваральнай энергіяй.


Беларусы верылі, што на памежжы старога і новага года адкрываецца магчымасць зазірнуць у будучыню і паўплываць на свой лёс. Распаўсюджанымі ў гэты час былі варожбы, з дапамогай якіх імкнуліся прадвызначыць і асабісты лёс чалавека (каханне, замужжа, смерць), і ягоны дабрабыт (ураджай, прыбытак, нястачу).

Запраграмаваць сабе лепшую будучыню імкнуліся і з дапамогай розных рытуальных дзеянняў. Неад’емнай часткай свята быў працэс калядавання.

Калядоўшчыкі называлі сябе людзьмі няпростымі, што ідуць «з далёкага краю, з-пад самага раю». Тым самым падкрэсліваўся іх асаблівы статус як прадстаўнікоў боскага свету, носьбітаў долі для ўсёй грамады.

Удзельнікі гурта пераапраналіся ў розных міфалагічных істот, звяроў і птушак – Казу, Мядзведзя, Жураўля, Каня. Яны абыходзілі двары аднавяскоўцаў, гралі на дудзе, гармоніку і бубне, спявалі велічальныя песні, ладзілі імправізаваныя сцэнкі, а на развітанне жадалі гаспадарам здароўя, поспеху, дабрабыту на ўвесь год.

Вясёлае карнавальнае дзейства не ўспрымалася простаю забаваю. Людзі верылі, што пажаданні калядоўшчыкаў абавязкова збудуцца, а калі яны да некага не завітаюць – шчасце можа абмінуць той двор.

Асаблівая роля ў калядным дзействе належала Казе, што выступала сімвалам плоднасці, ўрадлівасці і багацця. Падчас вясёлага танца Каза раптам падае і памірае, што азначае смерць знясіленага Старога году. Каб яна ажыла, а тым самым адрадзіўся новы жыццёвы цыкл, трэба падарыць калядоўшчыкам грошы або прысмакі.

«Нашай козаньцы нямнога трэба, паўбоханы хлеба.
Дайце нам бліна, каб любілі дзеўкі вашага сына.
І яшчэ аладкі, каб былі бокі гладкі!
Яшчэ дайце пірог, каб дзед казу сцярог!
Дайце сала, каб каза ўстала,
І каўбасы па кусочку, каб любілі хлопцы вашу дочку!».

Нашы сучаснікі не менш за сваіх прабабуль і дзядуль імкнуцца да лепшага і хочуць верыць ў шчасце. Наведвальнікі музея падтрымалі традыцыю і шчодра закідвалі ў мех калядоўшчыкам цукеркі ды іншыя пачастункі – каб год для ўсіх быў удалы і паспяховы.
Госці шчыра дзякавалі арганізатарам свята за магчымасць адчуць прыгажосць традыцый роднай зямлі, акунуцца ў атмасферу каляднай магіі, усмешак, радасці, весялосці, атрымаць добры настрой і пазітыўныя эмоцыі.












Читайте также: Кубок СНГ «Полоцкая купель» соберет любителей зимнего плавания на Бельчицком водохранилище. Публикуем программу
В Полоцке открылся каток на стадионе «Химик». Работает прокат коньков
В Беларуси определили новый размер семейного капитала на 2026 год. На сколько больше?