Запісала Паўліна Купрысь, «Наша ніва»
На сценах самага старажытнага храма Беларусі, полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы, навукоўцы адкрылі 4000 надпісаў ХІІ—ХІХ стагоддзяў. Што і дзеля чаго пісалі продкі? Расказвае гісторык Іна Калечыц, аўтар манаграфіі пра царкоўныя графіці.
Пра тое, што на сценах храма ёсць надпісы, стала вядома ў ХІХ стагоддзі, калі паабсыпалася алейная фарба, якая іх хавала. Самы ранні датаваны запіс — 1189 год. Гэта запіс пра смерць Паўла — магчыма, святара. Побач запіс «Прэставілася Алена Паўлаўна» — магчыма, яго дачка.
Наступныя датаваныя надпісы— з XV стагоддзя. Самы позні запіс— ад 8 жніўня 1832 года.
Надпіс-алфавіт: выгляд на сцяне і расшыфроўка.
Надпісы сустракаюцца паўсюль. На ніжнім ярусе царквы — у алтары, ахвярніку, дыяканніку… Вялікая колькасць на слупах — на кожным да шасцісот надпісаў можа быць. Надпісы ёсць нават у аркасоліях — паўкруглых пахавальных нішах у сценах. Там хавалі ігуменняў, можа, кагосьці з княжацкай сям’і. Самы вялікі аркасолій прызначаўся для пахавання Еўфрасінні, але яна памерла ў Ерусаліме. І ўсё ж у гэтай нішы, магчыма, нехта быў пахаваны.
Над пахаваннямі святар павінен быў стаяць і чытаць малітву. На частцы сценкі аркасоліі адкрыта шмат надпісаў, напрыклад, архімандрыта Іаана, які жыў недзе ў XIV стагоддзі. Ён напісаў з памылкай: «Госпадзе, памажы рабу свайму анхімадрэту Іавану», а зверху ёсць прыпісачка: «А піў есмь».
То бок архімандрыт выпіваў і каяўся ў гэтым. Надпіс аформлены цудоўна: рамачка ўся ў дыяганальных лініях, гэта значыць, што архімандрыт меў час: стаяў там, маліўся і вось напісаў.
Запіс архімандрыта Івана, які грэшнай справай выпіваў.
Ёсць графіці і на верхнім ярусе царквы. На хорах, у дзвюх келлях — недзе па тысячы надпісаў у кожнай. Гэта амаль выключна надпісы шкаляроў, студэнтаў езуіцкага калегіума: лацінскія, канца XVI—XVIII стагоддзяў.
Адна з келляў належала прападобнай — месца яе малітваў. Рэстаўратары знайшлі ў келлі балкон — гэта як у вагоне другая паліца. Мяркуюць, што там Еўфрасіння спала, у галавах нават захаваўся вялікі камень.
Спаса-Праабражэнская царква: пабудаваная ў 1150-я як частка Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. Добра захавала да нашага часу рысы дойлідства ХІІ ст. Захавалася імя яе будаўніка — дойлід Іаан. На сценах храма пад слаямі пазнейшай фарбы зберагліся ўнікальныя фрэскі ХІІ стагоддзя і шматвекавыя надпісы палачанаў.
Лічылі малітвы за душу
Увогуле, надпісы сустракаюцца ва ўсіх цэрквах. Найчасцей памінальныя: нехта памёр — пішуць яго імя, часам год. Побач маглі ставіць вертыкальныя рысачкі — гэта колькасць малітваў за душу памерлага.
Гістарычныя асобы згадваюцца менавіта ў такіх надпісах. Напрыклад, тры полацкія ігуменні, якіх мы не ведаем ні па якіх іншых крыніцах: Ганна, Кацярына, Акіліна. І, магчыма, Уліта, але там імя сапсаванае, і мы дакладна сказаць не можам. Таксама імёны епіскапаў, святароў, вялікай княгіні Ульяны, жонкі Альгерда.
Гэта класічныя надпісы, якія пісаліся аднолькава ва ўсіх цэрквах.
Дарэчы, графіці дапамагаюць вызначыць першую назву царквы, эклезіёнім. Бо ў XII—XIV стагоддзях мы не ведаем, як царква называлася. Першая, самая старажытная назва царквы — яна зафіксавана і ў «Жыцці» — Святы Спас. Ёсць надпіс «Крылас Святога Спаса» (клірас) ці пішуць: «Панамар Святога Спаса», або «пабіце», бо «не ходзіць спяваць да Святога Спаса». У гонар Перамянення царква была асвечана ў 1656 годзе. Эклезіёнім ставіць пытанне пра дату першага асвячэння царквы: гэта Спас, але які з трох? Магчыма, 29 жніўня.
Ёсць таксама запісы-алфавіты, ад трох літар і далей. Напрыклад, запіс «абв» ужо абазначаў: я ведаю літары, я пісьменны.
На сценах таксама ёсць доўгія шэрагі літар «а»: першая літара, якую чалавек навучыўся пісаць. І вось ён ужо сядзеў і ад душы пісаў гэтую літару, пакуль не атрымаў, магчыма, ад кагосьці. Потым ёсць яшчэ надпісы малітоўныя: «Госпадзе, памажы рабу свайму» і імя.
Сярэднявечны беларускі гумар
Самыя цікавыя — побытавыя надпісы. Яны ж і самыя складаныя для вывучэння. Такія надпісы ёсць у дыяканніку: «Па чэраву па хрыбту Спірыда папа біце пугамі паеў праскур адзін канун» (канун— гэта памінальная вячэра), а далей: «а се пісаў…» Імя аўтара запісу сапсаванае, і імя Спірыда таксама закрэсленае. Хто сапсаваў? Або гэты самы Спірыд, або той, хто пісаў, зразумеў, што не меў рацыі і закрэсліў.
Потым надпіс пра панамара Саўку, які мне вельмі падабаецца: «А Саўка панамар Святога Спаса служыць чэраву работае целу». Гэта значыць, што ён любіў паесці і цела сваё песціў. Надпіс старанна закрэслены, аднак ён прадрапаны глыбока, і бачныя ніжнія часткі літар, па якіх можна яго аднавіць.
Таксама цікавы запіс: «Спірыда біце не ходзіць пець да Спаса». Але сустракаліся не толькі суровыя надпісы — на слупе, напрыклад, ёсць запіс: «Спірыд поп добры». І побач тры малюнкі — профілі людзей, магчыма, адзін з іх Спірыд.
І яшчэ адзін надпіс, які павесяліў рэстаўратараў, — на акне ў келлі, якое раней было выхадам на галерэю: «Пабіце за злыя ігранія чрэва і хулен смех в келье». Магчыма, «ігранія чрэва» звязваюцца з нейкай ежай, якая ў гэтым чэраве брадзіла.
Таксама ёсць цікавы малюнак— партрэт дыякана з подпісам, а побач чалавек, які працягвае рукі да яго ў малітоўным прашэнні. А побач надпіс: «Дыякану Алешку пёс на шыю». Ёсць жа такі выраз— «навешаць сабак». Вось такі гумар Сярэдніх вякоў.
Яшчэ нехта запісаў на сценах царквы сярэднявечную загадку: «Айцец мяне радзіў, я радзіў сабе жану». Адказ — першачалавек Адам.
«Коцікі»
Калі сустракаем надпісы ў алтары, то амаль дакладна можам вызначыць аўтарства — доступ да алтара мелі найперш святары. Таксама там пісалі служкі і панамары. Гэта звычайна маладыя хлопцы, якія ўдзельнічаюць не ва ўсім богаслужэнні і таму маюць вольны час. І вось у вольны час яны займаліся гэтымі не вельмі добрымі справамі — прадрапвалі надпісы і малюнкі ў ахвярніку (ахвярнік — частка алтарнай прасторы, дзе знаходзіцца стол, на якім рыхтуецца ахвяра для прычасця: хлеб і віно).
Там на паўднёвай сцяне ёсць бусел, ёсць паўлін, таксама прадрапаныя плеценыя арнаменты і пачвары, якіх бачылі ў кнігах.
Вельмі цікавы малюнак над ахвярнікам: шмат рук, каля сарака, якія павернуты на ўсход як знак бласлаўлення. Ёсць таксама воін на кані. Ён прадрапваўся з нейкага чалавека, якога мастакі ведалі, таму што ёсць партрэтныя рысы, барада.
У царкве таксама знаходзяцца самыя раннія выявы катоў на тэрыторыі Беларусі.
У праходзе паміж дыяканнікам і алтаром — тры кошкі, і ўсе розныя. Адна паласатая, прычым паласа на хрыбеціне ідзе так, нібыта рэнтген глядзім і бачым, што кошка з’ела рыбу. Кошка ідзе, у яе адна лапка сагнутая, а на пысцы такая шчырая ўсмешка — як у чашырскага ката. Другая котка бачна што калматая, шарсцінкі тырчаць купкамі. А трэцяя, мабыць, была чорная з белымі лапамі, таму што лапы так акрэсленыя, вылучаныя. Гэта маглі быць царкоўныя коткі, чаму не.
Я думаю, што і паўлін, выяву якога мы знайшлі, таксама жыў пры манастыры, і малюнак панамары рабілі з натуры. Таму што ў Ваўкавыску знайшлі косткі паўліна. А ў кнігах ёсць згадкі: «Пісаў павіным пяром». Як цяпер ёсць ручка «Паркер», тады былі пёры паўліна.
Сярэднявечная мова
Першыя рысы беларускай мовы сустракаюцца ў надпісах ХІІІ стагоддзя. Напрыклад, у ахвярніку знойдзена адно толькі слова — «терам». Цвёрдае беларускае «р» з’яўляецца на пісьме! Адно слова — але яно вартае многіх слоў.
Калі казаць пра імёны, то яны ў Сярэднявеччы пачынаюць перарабляцца. У тагачаснага чалавека было два імені: хрысціянскае, дадзенае па календары, і паганскае, хатняе. Хатняе людзі добра разумелі, а каляндарнае было з чужой мовы. Таму чужыя імёны перараблялі. Напрыклад, Кіпрыяна называлі Купрыян, так пісалі і ў царкве. У XVII стагоддзі пачынаюць сустракацца імёны, пераробленыя на лацінскі кшталт: Паўлус, Петрус, Базіліус.
Адзін шкаляр адзначыўся: у калегіуме вывучалася грэчаская, і вучань падпісаўся Сімон Сіманідас. А яго аднакашнікі дапісалі: «бембеніста, пузаніста, сацыганіста». З «пузаніста» больш-менш зразумела, а наконт іншых вызначэнняў трэба яшчэ пакапаць, што яны могуць значыць.
Жанчыны, салдаты, шкаляры…
На слупах, на сценах пісалі рознымі інструментамі, што мелі пад рукой. Напрыклад, пісалам — прыладай для пісьма: з аднаго боку завостраны стрыжань, з другога — лапатачка, каб пісаць па воску і заціраць. Таксама пісалі іголкай — тады запісы вельмі тоненькія, ледзь-ледзь бачныя. Ёсць проста каліграфічныя. Напрыклад, «Albertus Kaspersky». Ён напісаў карычневым атрамантам і прадрапаў іголкай. Таксама рабілі запісы нажом — у такіх неахайныя, рваныя абрысы. А студэнты — такое ўражанне, што яны насілі з сабой «кружалы», — цыркулі, бо сустракаецца шмат ідэальна роўных акружнасцяў.
Аўтографаў шкаляроў — студэнтаў Полацкага езуіцкага калегіума — вельмі многа. Іх, відаць, вывозілі сюды ў час вакацый, бо ўсе запісы з красавіка, мая і летніх месяцаў. Яны спявалі песні на беразе Палаты, гулялі, ну а храм, магчыма, быў нядзейным, бо ў дзейным храме яны не маглі б так сябе паводзіць.
Большасць пісала проста «тут быў …», але нехта і адчуваў святасць месца — сярод шкалярскіх подпісаў ёсць звароты да Бога: памяні, Госпадзе, пазбаў кар нябесных. Магчыма, гэта быў студэнтуніят. Таксама быў выпадак звароту да Бога і кірыліцай, і лацінкай — відаць, каб Бог дакладна зразумеў: «Памяні Госпадзе Pomin Hospody». Таксама шкаляры запісвалі свае тытулы, якія атрымлівалі ў калегіуме за поспехі. Напрыклад, званне аўдытара, пасля атрымання якога маглі правяраць хатняе заданне ў іншых. Адзін такі шкаляр напісаў: «Philippus Azarovicz auditor poetas» — то бок ён аўдытар паэтыкі, а іншы аўдытар рыторыкі, красамоўства: «Laurentius Kowalsky auditor eloquentiae».
У царкве сустракаюцца запісы часоў войнаў. Напрыклад, на ўсходняй сцяне: «Часу абляжэнья Полоцка» — падчас аблогі Полацка.
Літары нахіленыя ў розныя бакі. Я ўяўляю, як чалавек там сядзеў пад гарматамі і пісаў. Таксама ёсць запіс на лацінцы, які чытаецца: «Места Полацкае пад Масквой». У 1579 годзе ў Полацку спыняюцца войскі Стэфана Баторыя. Пасля гэтага і яны, і мясцовыя ўжо пішуць дзе хочуць — у алтары, у келлях, на слупах, прычым існуе пэўная мода: усе пішуць па-лацінску «тут быў» — «hic fuit…» — і сваё імя ды прозвішча.
І цікава: ёсць такі прамежак, прыкладна ад 1581 да 1584 года, калі там стаялі наёмнікі. У графіці сустракаюцца галандскія, нямецкія імёны, напрыклад, Герт Фагет, ці Іахім Зонэнбом, ці Лудэр Ронэкен. 20 лютага 1584 яны склалі вялікі спіс з 14-ці імёнаў — і ўсё. Магчыма, гэта дата іх сыходу.
Жаночых імёнаў — не ў памінальных запісах, а ўласнаручна выкананых — сустракаецца няшмат. Зоф’я, Хрысціна, Апалонія Цэханавецкая, якая ў подпісе адзначыла, што яна «ваяводжанка» — дачка ваяводы. Ёсць таксама кранальны запіс, які, магчыма, зрабіў святар па сваёй жонцы: «Мая Феўронія» і шмат памінальных рысак.
Звязацца з Богам
Людзі выбіралі найлепшае месца для надпісу. Пісалі па разгранках — стужках паміж іканапіснымі сюжэтамі, пісалі па німбах фрэсак, па вачах, па тварах… Калі кірылічныя надпісы ніколі не сустракаюцца на выявах святых, дык познія, лацінскія, ідуць і па ліках, і па фігурах… Каталікі і ўніяты ўжо не баяліся пакрыўдзіць святых у праваслаўным храме.
Дзеля чаго рабіліся запісы? Пазнейшыя — з мэтай пакінуць памяць пра сябе: тут быў… Вось у XVII стагоддзі быў такі Геліяш Шэвердзіч ці Шэвердзіц — ён піша сябе па-рознаму. Гэты Геліяш распісаўся ў царкве некалькі разоў — на слупах і на хорах, каб памяць пра яго дайшла. Адзін раз напісаў дакладна і дату — 15 сакавіка 1661 года.
З’яўленне самых старажытных запісаў звязваецца з тым, што людзям хацелася, каб стан чалавека пасля смерці палепшаў. Што трэба рабіць? Маліцца за душу, памінаць. А матэрыялаў для пісьма было няшмат. І імёны наносіліся на сцяну, сцяна выступала нібы матрыцай падчас богаслужэння, Бог мог счытаць з яе інфармацыю. Магчыма, было такое ўяўленне, але дакладна мы казаць не можам.
Іна Калечыц
нар. 1973 у Бабруйску. Кандыдат гістарычных навук, эпіграфіст. Працуе ў БДПУ. Аўтарка больш як 50 навуковых публікацый.