18 жніўня загарэлася знакамітае балота Ельня ў Мёрскім раёне. Верагодна, зборшчыкі ягад разбурылі плаціну, пабудаваную валанцёрамі. Выпадковы акурак прывёў да пажару на падсушанай тэрыторыі, паведамляе Ахова птушак Бацькаўшчыны.
Пачатак пажару. Фота Андрэя Літвінава
Пажар удалося аператыўна загасіць ляснікам Дзісненскага лясгасу і ратаўнікам Мёрскага РАНС. Агонь быў павярховы, ён не пайшоў у глыбіню торфу і не паспеў перакінуцца на лес. На балоце паспелі ягады дурніцы (буякі), з 14 жніўня дазволена збіраць брусніцы. Журавіны таксама незаконна ўжо збіраюць, хаця дазвол пачне дзейнічаць толькі з 6 верасня.
Гаспадар аграэкасядзібы “Жураўліная Ельня” Андрэй Літвінаў, захавальнік дзікай прыроды АПБ, што дапамог патушыць пажар, расказвае:
— Калі пажар заўважылі, гарэла чвэрць гектара. Адразу выехалі пажарныя, леснікі, і мы, валанцёры. На той час пажар ужо разросся да 6,8 га. У 20.11 мы цалкам яго затушылі.
Пажар адбыўся на паўночным захадзе заказніка “Ельня”, недалёка ад вёскі Сухавержа. Агонь палаў недалёка ад аднаго з самых маляўнічых азёр Беларусі – Курганістага — за 300 метраў ад насціла для балотахода, але рухаўся ў бок леса на краі балота.
— Мы адразалі агонь, каб не дай Бог не зайшоў у лес, бо была б вялікая бяда, — кажа Андрэй Літвінаў. – Уратавала тое, што сціх вецер. Бо калі мы прыехалі, агонь быў вельмі вялікі, высокі і распыляўся ўмомант. Валанцёры падцягнуліся, пажарныя машыны прыгналі, расцягвалі шлангі – метраў 500 па балоце – збілі полымя вадой. Сёння, на наступны дзень, мы зноў былі на Ельні, шукалі, дзе якія ачажкі яшчэ тлеюць, каб загасіць іх.
Андрэй быў адным з валанцёраў АПБ, якія летась будавалі на Ельні плаціны на Дульскім канале, каб уратаваць балота ад перасыхання і пажараў. Гэтай вясной ён бачыў, што плаціна яшчэ была цэлая. Андрэй упэўнены, што яе разбурылі зборшчыкі ягад, каб спусціць ваду і каб ім было камфортней хадзіць.
З ім пагаджаецца і Мікалай Чэркас, кіраўнік валанцёрскага летніка па будаўніцтве плацін, які АПБ ладзіла ў 2019 годзе пры падтрымцы кампаніі “Кока-кола” ў межах праекта “Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён”, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам.
— У мінулую суботу падчас падрыхтоўкі да новага летніка я аглядаў плаціны, і ўбачыў, што адну з іх развалілі людзі, — расказвае Мікалай. — Гэтая плаціна добра трымала ваду: мы яе ўмацавалі дошкамі, каб вада не прасочвалася. Для зборшчыкаў ягад зрабілі кладку, лавачку, каб яны адпачылі, выйшаўшы з балота. Я ўпэўнены, што плаціну зламалі зборшчыкі ягад, адарвалі дошкі, каб спусціць ваду, якая накопліваецца за плацінай.
З такой з’явай мы даўно ўжо не сутыкаліся. Каля 20 гадоў таму мы зрабілі першыя плаціны на Ельні, і людзі пачалі іх разбураць, бо па вадзе хадзіць не вельмі прыемна. Мы мабілізавалі каля 30 захавальнікаў Ельні, арганізоўвалі сустрэчы і тлумачылі, што калі не будзе вады, то не будзе ягад, балота згарыць, і людзі перасталі разбураць. У нашых летніках па пабудове і рамонце плацін удзельнічалі мясцовыя жыхары. Але цяпер зноў вярнулася тая ж праблема.
— Трэба працаваць з людзьмі, каб не разбуралі плаціны, акуратна абыходзіліся з агнём, не выкідвалі нават затушаныя акуркі ў балота, — падкрэслівае Андрэй Літвінаў.
Дырэктар адміністрацыі заказніка “Ельня” Іван Барок сказаў:
— Хачу адзначыць і падзякаваць егеру Віктару Мацуру і вядучаму спецыялісту заказніка Алене Бандарук, якія не толькі самі ўдзельнічалі ў тушэнні пажару, але і прывезлі з сабой памочнікаў. Безумоўна, мы ўдзячныя і іншым захавальнікам дзікай прыроды, якія дапамагалі змагацца з агнём: Марыне Гернат, сям’і Маскаленка.
АПБ заклікае збіральнікаў ягад не разбураць плаціны, каб балота заставалася жывым.
Калі ты хочаш дапамагчы Ельні і ўзяць удзел у валанцёрскіх летніках па аднаўленні воднага рэжыму гэтай тэрыторыі, пішы на адрас sarakavik@ptushki.org.
Тэкст: Алеся Башарымава
Чытайце таксама: Место, благодаря которому в Полоцке и Новополоцке есть чем дышать. Еще одна поездка на уникальное болото Ельня
Редкие животные и птицы из Красной книги: в Полоцком районе появился новый природный заказник