8 верасня Музей беларускага кнігадрукавання адзначыў сваё 30-годдзе. Свята, якое меркавалася як ціхае і дамашняе, нечакана вылілася ў яркае і насычанае мерапрыемства. У Полацк завіталі госці з Мінска і Віцебска. Падрабязна пра імпрэзу gorod214.by распавяла вядучы навуковы супрацоўнік Вера Ашуева.
Самым чаканым і дарагім госцем стала Галіна Пятроўна Ладзісава – адна са стваральнікаў музея, аўтар яго навуковай канцэпцыі і першая яго загадчыца, якая зараз узначальвае Музей гісторыі горада Мінска. Яе расказ пра тыя часы, калі музей толькі яшчэ нараджаўся, аказаўся надзвычай эмацыянальным.
Свае ўспаміны пра падзеі 1990 года і тое, што ім папярэднічала, дадаў мастак Ігар Куржалаў, які калісьці разам з Сяргеем Дзмітрыевым працаваў над мастацкім рашэннем музейнай экспазіцыі.
А потым пачаліся віншаванні ад шаноўных гасцей, сярод якіх былі начальнік упраўлення культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Пётр Мікалаевіч Падгурскі, старшыня Полацкага раённага выканаўчага камітэта Ігар Іванавіч Марковіч.
У прафесійнай сферы ўвогуле і ў музейнай справе ў прыватнасці вельмі важна ацэнка і прызнанне калег. У гэты дзень прадстаўнікі музейнай супольнасці Беларусі не скупіліся на добрыя словы ў адрас Музея кнігадрукавання. Алена Ляшковіч, дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, павіншавала калег не толькі ад калектыву свайго музея, але і зачытала зварот ад імя Рэспубліканскай рады дырэктараў музеяў.
Даўнія прафесійныя сувязі звязваюць Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік (у склад якога ўвагодзіць і музей-юбіляр) з Нацыянальным мастацкім музеем і з Нацыянальным гістарычным музеем. Гэта было адзначана іх кіраўнікамі Уладзімірам Пракапцовым і Паўлам Сапоцькам.
У той жа дзень была афіцыйна аформлена яшчэ адна дамоўленасць: па ініцыятыве Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры паміж літаратурным музеем і Полацкім музеем-запаведнікам было заключана пагадненне аб супрацоўніцтве, якое падпісалі Міхаіл Рыбакоў і Тамара Джумантаева.
Цесныя сувязі ўстанавіліся з калегамі з віцебскіх музеяў, ад імя якіх выступілі дырэктар Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Таццяна Старынская і дырэктар Віцебскага абласнога музея Героя Савецкага Саюза Міная Піліпавіча Шмырова Ірына Шышкова.
Музей атрымаў шматлікія падарункі. Пры гэтым як ніколі было актуальным сцверджанне, што лепшы падарунак – гэта кніга. Нават торт, уручаны ад кіраўніцтва горада, меў форму разгорнутай кнігі.
Але і музей падрыхтаваў падарункі для гасцей. Гэта і бясплатныя экскурсіі ў гэты дзень, і адмыслова падрыхтаваная выстава «У самы жывы з усіх музеяў з пажаданнямі...», на якой прадстаўлены не толькі кнігі з дароўнымі надпісамі ад вядомых пісьменнікаў, мастакоў, афіцыйных асоб, але і фотахроніка музея за 30 год.
Фота: Сяргей Крышэн
Дарэчы, з нагоды юбілея ў Музеі кнігадрукавання падрыхтавалі розныя актыўнасці для наведнікаў. Падрабязней пра іх можна пачытаць тут. А нам, напрыклад, вельмі спадабалася нефарматнае інтэрв'ю з супрацоўнікамі музея:
Читайте также: Детям и взрослым здесь открывают Беларусь заново: гид по Центру ремесел и традиционной культуры Новополоцка
Что нового у археологов на Верхнем замке в Полоцке? Поговорили об интересных находках и не только