Гэта бадай самая трагічная старонка ў гісторыі Беларусі. У ноч з 29 на 30 кастрычніка ў Менску каты НКВД расстралялі больш за сто чалавек, у тым ліку 22 пісьменнікі. Такога беспрэцэдэнтна масавага знішчэння літаратараў не было нідзе - ні да, ні пасля. Учора ў многіх гарадах Беларусі адбыліся абмысловыя імпрэзы памяці, ў тым ліку і ў Полацкім музеі беларускага кнігадрукавання.
Арганізатарам імпрэзы ступіла супрацоўніца музея Вера Ашуева. Полацкі пісьменнік Алесь Аркуш, які выступіў першым, расказаў гісторыю стварэння полацкай філіі літаратурнага аб’яднання «Маладняк».
Менавіта сябры гэтага аб’яднання найбольш пацярпелі падчас сталінскіх рэпрэсій. Алесь Аркуш пазнаёміў з выданнямі і публікцыямі, якія распавядаюць пра тыя падзеі, а таксама прачытаў верш полацкага «маладнякоўца» Язэпа Козіка.
Вершы расстраляных паэтаў чыталі не толькі літаратары Полаччыны, а і студэнты Полацкага ляснога каледжа. Свае аўдыё- і відэазвароты даслалі пісьменнікі, якія паходзяць з Полацку — Уладзімір Арлоў, Зараслава Камінская і Іна Снарская.
Пра габрэйскага пісьменніка Мойшэ Кульбака, таксама ахвяру сталінскага тэрору, расказала віцебская драматур і сцэнарыст Вольга Прусак.
Адзін з вершаў Міхася Чарота, што чыталі падчас імпрэзы:
Каб я быў крылатай птушкай,—
Не ляцеў бы я у гай,
Пеў бы песні-весялушкі
Там, дзе слёзы лье ратай.
Каб я быў бурлівай рэчкай,—
Мужыка паганы лёс
Не знайшлі б тады са свечкай,
Так далека б я занёс.
Каб я быў прыгожай кветкай,—
Расцвітаў бы кожны год
На няўродлівым палетку,
Дзе расце палын, асот.
Каб я быў вясеннім сонцам,
Што прыгожа так гарыць,—
Бедным людзям у аконца
Першым стаў бы я свяціць.
Каб я быў на небе зоркай,—
Што блішчыць, аж любата,
Я глядзеў бы на надворкі,
Там, дзе вечна цемната.
Фота: Кірыл Смалякоў
Читайте также: Новый выпуск спецпроекта о самых интересных зданиях Полоцка. Рассказываем о лесном колледже
Каким было открытие юбилейного фестиваля «Званы Сафіі» в Полоцке – фотографии