Главная > Новости > Город во мне > Неверагодная Сафійка і сакрэтнае прыгожае месца ў Полацку. Гуляем па горадзе з Вадзімам Цітовым


Неверагодная Сафійка і сакрэтнае прыгожае месца ў Полацку. Гуляем па горадзе з Вадзімам Цітовым

08:15, 13.01.2022 3190 Источник: gorod214.by/

В традиционной рубрике «Город во мне» жители региона продолжают рассказывать нам о «своем» Полоцке, отмечать те особенности, которые видны только им. В этот раз экскурсию проводит наш постоянный читатель Вадим Титов: он покажет шесть значимых для себя мест и объяснит, что его с ними связывает.

Кацярына Іванова, фота Кірыла Смалякова

2drZgPc1mIo

Герой сённяшняга шпацыру Вадзім Цітоў  бездакорна падыходзіць да гэтага спалучэння слоў – «Горад ува мне». Ён працуе на «Полацк-Шкловалакно», але шмат хто ведае яго яшчэ як кіраўніка дзвюх цікавых суполак у Фэйсбуку – «Верхні замак у Полацку» і «Полацк: мінулае і сучаснасць». А бацька Вадзіма, дарэчы, не аднаго нашага чытача экзаменаваў па гісторыі Беларусі: Вадзім Рыгоравіч Цітоў быў выкладчыкам у Полацкім педкаледжы. Напэўна, гэтае імя былым навучэнцам знаёма і адгукаецца добрымі ўспамінамі. А мы пайшлі гуляць!

ric0SJnsDPc 

Марыненка – тыповы і шэры, але раён майго дзяцінства

Мікрараён Марыненка, дзе я вырас,  – тыповы, шэры, савецкі. Ён кампактна ўціснуўся на поўдні Полацка ў чатырохкутнік, сфармаваны шашой на Мінск, вуліцай Петруся Броўкі, драўлянай забудовай вуліцы і шматлікіх завулкаў Нікіціна і чыгункай. Безаблічны спальны раён. Клоны пяці- і дзевяціпавярховікаў паўтараюцца бы ўзоры на ручніках, і ты арыентуешся ў прасторы толькі таму, што «там овощной, а следующий – приём стеклотары», або «гэта за 8-ай школай», «там, дзе магазін на балоце». Гэтая прастора не пакідае гістарычнай памяці ці рэха падзеяў. Людзі сыходзяць, і нібыта нічога не было. Але людзі забіраюць з сабой успаміны і перажытае, і гэта застаецца назаўсёды з імі.  

Дом, у якім я пражыў большую частку жыцця, знаходзіцца на ўскрайку шматпавярховай забудовы і нібыта ўгрызаецца ў прыватны сектар. Гэтая ўмоўная лінія разлому «цывілізацый» у дзяцінстве мела свае перавагі. Можна было паліць вогнішчы: якая розніца, адкуль ідзе дым – з прыватнага агарода ці з нашага агромністага двара, на якім не было нічога, акрамя стандартнага набора – горкі, металічнага глобуса і рагазюлін для выбівання дываноў. «Нікітка» (так мы называлі павуцінне вуліцы Нікіціна з ейнымі завулкамі) давала месца, каб ганяць на роварах і гуляць у «Чудзіка». Недалёка была чыгунка з невялікай сажалкай. На гарачых каменчыках мы лавілі яшчарак, а ў вадзе – трытонаў, якіх потым прыносілі ў двор, каб пахваліцца «здабычай» і даведацца, хто злавіў «каралеўскую» яшчарку ці «каралеўскага» трытона.

Узімку мы заглыбляліся ў прыватны сектар – туды, дзе Бяльчанка выпісвала зігзагі паміж вялікіх узгоркаў, на якіх мы каталіся на лыжах і поліэтыленавых пакетах. Некаторыя горкі нават мелі назвы Суперка, Суперлюкс. Мінулай зімой я, маючы кволую надзею, паехаў паказаць сваім дзяўчынкам тую Суперку. І быў прыемна ўражаны – яна яшчэ існуе, і там дагэтуль катаюцца дзеці! Чаго не скажаш пра астатнія «трасы»  – лыжныя горкі па той бок ад чыгункі параслі непралазным хмызняком, ды і па суседніх горках не скажаш, што калісьці тут бавілі час у пошуках адрэналіну і зімовай весялосці.

Мікрараён паступова змяняецца: у ім з’явіўся сучасны супермаркет, пачалі асфальтаваць тратуары і дарогі. Так, можа, дачакаемся, калі ў дварах з’явіцца штосьці для дзяцей, а ўвесну і ўвосень мікрараён перастане быць агромністай лужынай з непралазнай граззю. А ці памятаеце, дзе была самая першая крама “Дыёніс”? А ці ведаеце, дзе на Марыненка была маленькая будка па продажу піва? Гісторыі і ўспаміны, вартыя асобнага аповеду.

             

8OJWu-a-X1o 

Былы бернардынскі кляштар

Амаль усе славутасці Полацка знаходзяцца на правым беразе Дзвіны. Але і на левым ёсць тое-сёе, што можа быць цікавым і незвычайным. Хачу згадаць будынкі былога бернардзінскага кляштара. Турыстаў сюды не водзяць, а калі каму распавядаюць пра касцёл і кляштар, дык толькі на адлегласці – з другога берага ракі. Адтуль не бачна трэшчын-маршчын на сценах занядбаных будынкаў, не разгледзець раструшчаную часам тынкоўку. Ад касцёла засталіся самотныя руіны. Калі вы не аматар закінутых будынкаў, то лепш, канешне, выключыць гэтае месца са спіса «Што паглядзець у Полацку». Бо тое, што тут месціцца цяпер, дадае дэпрэсняку ў агульную карціну.

Але вось вам маленькі сакрэт: калі вы маеце аўто і крыху вольнага часу позна ўвечары, спусціцеся па вуліцы 23-х гвардзейцаў да самай ракі. Можаце застацца ў машыне, можаце выйсці – але вы абавязкова атрымаеце асалоду ад сузірання горада на супрацьлеглым баку. І ад цішыні, што хавае стагоддзі багатай гісторыі, раскрыццё якой усё яшчэ наперадзе.

AHqOxd3IKhQ

Верхні замак, з якім не ўсё так проста

Калі я камусьці паказваю Полацк ці гуляю па горадзе з сям’ёй, звычайна прагулка, дзе б яна не пачыналася (з плошчы Свабоды, з Ніжне-Пакроўскай) заканчваецца пад’ёмам на Верхні замак. Так, там крынічка, Барысаў камень і Сафійскі сабор. Так бы мовіць, абавязковыя рэчы, якія ты павінен наведаць, трапіўшы ў сталіцу нашай першай старажытнай дзяржавы. На жаль, веды звычайных людзей гэтым і абмяжоўваюцца, а сам Верхні замак асацыюецца з невялікім кавалкам зямлі вакол Сафійскага сабора. Калі вы паглядзіце на мапу, то ўбачыце, што плошча замка ў некалькі разоў большая за тую турыстычную «рэзервацыю», куды можна прайсці і нешта ўбачыць. Цікавостак нашмат болей.

Ці вы чулі пра Папова азярко, дзе паводле легенды, схаваны скарб? А ці ведаеце, дзе знаходзіліся старадаўнія манастыры – Машоначны і Петрапаўлаўскі? А княжацкі церам? Стагоддзі таму гэтае месца было сакральным цэнтрам, дзе жыла эліта горада, дзе мясціліся цэрквы і замкавыя ўмацаванні. Лічы – сэрца Полацка. Сёння Верхні замак згубіў сваю гісторыю, аўру і выгляд.

Я па-ранейшаму лічу, што будаваць тут кадэцкую вучэльню было памылкай, і з’яўляюся прыхільнікам ідэі, каб зрабіць з Верхняга замка шыкоўны турыстычны аб’ект. Маю надзею, што ён спакваля ператворыцца ў прывабнае, ўтульнае месца для турыстаў і саміх жыхароў горада.   



s9T3Z89khts_1

Сафійскі сабор – заўсёды шукаю вачыма дзве белыя вежы

Сафійка... Здавалася б, так ласкава можна называць толькі таго, каго моцна любіш ці кахаеш – дачку ці жанчыну. Але месцічы ў маім горадзе так завуць яшчэ і галоўную святыню. Гэта асаблівая сувязь. Я не ведаю больш прыкладаў, каб паміж царквой і людзьмі ўзнікалі настолькі блізкія стасункі, што канцэнтруюцца ўсёй сваёй цеплынёй і пяшчотай у простым выкарыстанні жаночага імя. Афіцыйныя найменні нібыта парэчаць маёй тэзе – Сафійскі сабор, Сабор Святой Сафіі, Храм Прамудрасці Божай. Але палачане прыходзяць да ЯЕ – да Сафіі. Гэтаксама, як і да Еўфрасінні.

Сафію цяжка фатаграфаваць. Прайшло два з паловай стагоддзі з таго моманту, як яна вярнулася да нас з руінаў. За гэты час не мянялася звонку. Таму яе выявы на тысячах фота і карцін могуць здацца звыклымі і нецікавымі. Але кожны, хто завітвае ў горад, не з’язджае з яго без здымкаў, зробленых на Верхнім замку. Ды й гараджане фатаграфуюць яе бясконца – у любую пару года і ў любое надвор’е. Нібыта спрабуючы адлюстраваць яе ў Вечнасці. І сябе таксама. Па кожным вяртанні ў Полацк я заўсёды шукаю вачыма дзьве белыя вежы. Магчыма, так рабілі цягам стагоддзяў і нашыя продкі. Каб упэўніцца, што ўсё на месцы – Сафія, Полацк і ўсе вякі нашай славы і гонару.

yDooYdXzEQM

Помнік Францыску Скарыне, велічны і любімы

Мая дачка неяк сказала мне, што яе любімы помнік у Полацку – Еўфрасінні Полацкай. І спытала мяне: а твой які? Я сказаў, што гэта помнік Францыску Скарыне. На яе пытанне «а чаму?» я не змог даць уцямнага адказу. Калі ўсё ж спрабаваць вытлумачыць пачуцці, то, магчыма, таму, што сама асоба нашага першадрукара – вялікая і выбітная не толькі для Беларусі, але і для Еўропы. І помнік велічны. Не тое, што скульптуры 2000-х гадоў (нікога не хачу пакрыўдзіць). Калі праходжу побач, задуменнасць і самота Скарыны – менавіта такім я яго адчуваю – сугучна майму настрою. Не будзем называць гэта песімізмам, няхай гэта будзе філасофскасць ці лёгкая лірычная меланхолія. Не прынята прыносіць кветкі да Скарыны. Упэўнены, што яму было б дастаткова ведаць, што палачане дагэтуль да свайго горада «вялікую ласку маюць». 

k1s-PCWNhT8

Дзвіна – на адной хвалі з ракой і горадам   

Люблю нашу раку ўзімку – калі яна хаваецца пад ільдом. У апошнія гады праз змены ў клімаце гэта здараецца ўсё радзей. Але нараджаюцца незабыўныя адчуванні, калі можна пешкі перайсці з аднаго берага на другі. Памятаю, калі першы раз у дзяцінстве мама ўзяла мяне з сабой на такі шпацыр. І не патрэбныя табе ні масты, ні аўтобусы. Ідзеш па крывулястай сцяжынцы на балюткім снезе, і вочы становяцца вільготнымі ад яркага зімовага сонца. А горад – ён ужо не падзелены ракой на дзьве паловы – выглядае зусім інакш. Увогуле назіраць за ракой цікава ў любое надвор’е. Хвалі нібыта перадаюць настрой Дзвіны – ад трывогі (тады вада чорная з няўрымслівымі хвалямі) да спакою (летнім вечарам рака як люстра – дазваляе гораду падвоіць сваю прыгажосць адлюстраваннем на сваёй паверхні). І нейкім таямнічым чынам ты адчуваеш, што з ракой вы – на адной хвалі. Як і з усім горадам. 

DSC_4581_1

…Не ведаю, як вас, а мяне словы Вадзіма Цітова прымушаюць задумацца, магчыма, нешта пераасансаваць. Аднойчы адзін сталічны госць сказаў выпадкова сустрэтым палачанам: горад вам можа даць шмат энэргіі, якую не дасць больш нішто і ніхто, вы толькі бярыце – скарб пад вашымі нагамі.

Прыкладна тое ж кажа і наш герой. Прапаную скарыстацца парадай. А ці атрымаецца, пішыце нам у каментары ў сацсетках.

b9fe9415fd2417289ef176fd8c05d3fd

Фото: Сергей Плыткевич

Читайте также: Где в Полоцке жить хорошо? Определяем лучший микрорайон города с помощью наших читателей

«Гимназистки румяные» показали нам «свой» Полоцк. Тот самый кораблик, реально вкусный чай и никогда не скучный музей

Инна Абрамович – первый герой рубрики «Город во мне», где полочане расскажут и покажут, какой он – их Полоцк

Оставайтесь с нами в социальных сетях: 

insta   58cbe3ace31ff15adc715b82  



Автор: Екатерина Иванова




Не вижу код