Калі ў музеі столькі народу, што не праціснуцца, – гэта прызнанне. Дзверы Музея традыцыйнага ткацтва толькі і паспявалі адчыняцца-зачыняцца. Палачане ў той даждлівы вечар «ламанулі» ва ўтульную музейную прастору горада, каб паслухаць жывую музыку, патанчыць ды пагаманіць-паабдымацца са знаёмымі. Усё, як мы любім.
Кацярына Іванова, фота: Кірыл Смалякоў
Такі эмацыйны ўступ – падзяка ўсім, хто зрабіў вечар Ночы музеяў цёплым і вясёлым для палачан. Спачатку гараджане завіталі на адкрыццё выставы Віктара Дудкевіча «Гульня, ды не штодня: свет драўлянай цацкі». Майстар з Глыбокага прывёз у Полацк драўляныя цацкі, якія становяцца жывымі. Такое цікава і дзецям, і дарослым – тым, хто не паспеў да адкрыццё, дакладна мае сэнс наведаць выставу. Па 30 верасня цудоўныя цацкі спадара Віктара гасцююць у Полацку.
Неўзабаве ў музеі з’явіліся музыкі, калектыў, які яшчэ не мае назвы, але мае прыхільнікаў. Гэта ўжо знаёмыя нам варганаўцы Ціхан Зінкевіч (ударныя), Антаніна Емельянчык (скрыпка) і Дзяніс Яцкевіч (дуда), а таксама цымбалістка з Маладзечна Кацярына Гіль. У маладых людзей ужо і альбом напагатове, таму аматары беларускай музыкі могуць спадзявацца на прыемны набытак.
А ў той вечар госці спачатку з замілаваннем слухалі чароўную музыку, а потым і танцаваць пайшлі. Бо ногі ж ў беларуса пры гучанні народных інструментаў ужо сабе не гаспадары – самі ў скокі вядуць.
Прыемна, што ў музеі сабраліся людзі розных узростаў, прыходзілі сем’ямі і кампаніямі, хавалі парасоны, даставалі ўсмешкі і адчувалі сябе як дома. Калі прыслухацца да размоваў, дык чуеш, што госці паміж сабой пераходзілі на беларускую мову, якая ў такой прасторы і ў такі вечар толькі і натуральна.
Нават калі праграма ўжо набліжалася да заканчэння, музыкаў ніхто адпускаць не збіраўся. Папрасілі яшчэ, і тыя пагадзіліся. А вы кажаце: надакучылі музеі, усім цікава толькі сучаснае ды суперзоркі. Напэўна, хто так кажа, увогуле ці бываў на такіх імпрэзах?
Бадай, адзіным вялікім мінусам Ночы музеяў у Полацку было супадзенне часу розных мерапрыемстваў. І хацеў бы ўсюды завітаць, а фізічна не паспееш.
Што датычыцца «Варгана», на Дзень горада, 28 мая, а сёмай гадзіне вечара калектыў чакае прыхільнікаў на фальклорны фестываль, які сам і ладзіць. Прыходзьце ва ўнутраны дворык комплекса Полацкага калегіўма.
Читайте также: Деревья танцевали под дождем. На площадке Краеведческого музея в Полоцке оживала история
Ремонт, уборка, озеленение. В Полоцке накануне Дня города наблюдается благоустроительный бум