Сёння ёсць нагода ўзгадаць таленавітага чалавека, які вельмі любіў Полацк і назаўсёды ўмураваў сваё імя ў гісторыю горада. Гэта знакаміты беларускі архітэктар Валерый Слюнчанка – аўтар праектаў рэстаўрацыі Сафійскага сабора, Богаяўленскай царквы, Крыжаўзвіжанскай і Еўфрасіннеўскай (цёплай) цэркваў Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. 25 жніўня ён мог адзначыць сваё 77-годдзе, але сышоў з жыцця ў 47 з прычыны хворага сэрца. Зробленае ім на стагоддзі застанецца нашчадкам.
Фото: Город214
Да гэтага часу інтэр’еры Сафійскага сабора выглядаюць так, як іх прыдумаў Валерый Слюнчанка. Кожны, хто тут бывае, можа пабачыць у экспазіцыі партрэт Валерыя Рыгоравіча з надпісам на трох мовах, што ён з’яўляется аўтарам праекта рэстаўрацыі храма, у якім сёння знайшлі прытулак музей і сусветна вядомая канцэртная зала.
На сайце Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка ёсць старонка, прысвечаная знакамітаму архітэктару. Там прыведзены словы Валерыя Слюнчанкі з нарыса «Архітэктурныя помнікі Полацка»: «Кожны крок па вуліцах Полацка – гэта крок у яго гісторыю». Ён лічыў, што ўсе шляхі ў горадзе вядуць да Сафіі.
Фото: polotsk.museum.by
«За сваё непрацяглае жыццё слынны архітэктар-рэстаўратар паспеў шмат зрабіць, ён пакінуў нам, нашчадкам, падмурак, на якім адраджалася наша гістарычная памяць, мацнела пачуццё патрыятызму», – пішуць полацкія музейшчыкі.
Яшчэ адзін беларускі архітэктар Вадзім Гліннік казаў пра калегу так: «Ягонае сэрца ў Полацкай Сафіі, бо Валер паклаў шмат энергіі, каб аднавіць гэтую пярліну нацыянальнай архітэктуры».
Шмат успамінаў пра Валерыя Слюнчанку друкуюць яго землякі з пасёлка Плешчаніцы, дзе прайшло дзяцінства будучай зоркі архітэктуры.
Сябры называюць яго надзвычай светлым чалавекам, якога ніколі не забудзеш, захапляюцца шматграннасцю талентаў выбітнай асобы.
Валерый Рыгоравіч займаўся жывапісам, выцінанкай, народнай творчасцю, добра граў на музычных інструментах, самастойна вучыў мовы, спяваў народныя песні і гарадскія рамансы, пісаў нарысы і вершы.
Вось некаторыя радкі:
«Последние дни, может быть, доживаешь...,
И всё же бывает...
Вдруг радость нахлынет не в меру...
По вовсе какой-то ничтожной причине –
Из-за задрожавшей росы в паутине,
К примеру».
Фото: pln.by
Даруй мне, мама...
«Матуля, на наканаваны лёс
Ты наракаць мяне не навучыла,
І ў гэтым невуцтве была ўся тая сіла,
З якой па свеце я душу панёс.
Нёс і нясу, хоць часам не стае
Трываласці, цярплю і пра адно шкадую,
Што, можа, так ужо й не пацалую
Далоні спрацаваныя твае».
Архітэктар стварыў таксама праекты для рэстаўрацыі Каложскай царквы ў Гродна, кармеліцкага касцёла ў Мсціславе, сядзібы Францішка Багушэвіча ў Кушлянах. У кожным з помнікаў, як кажуць землякі, захавалася частка душэўнай чысціні Валерыя Слюнчанкі, які варты памяці беларусаў за ўсё, што зрабіў для нашай Радзімы.
Читайте также: «Сонорус» в Полоцке. В Софийском соборе проходит Международный фестиваль старинной и современной камерной музыки
Звёзды, море, любовь. Концерт «Вечерняя звезда» прошел в Софийском соборе Полоцка