Выстава пад назваю «Крылы» працуе ў Мастацкай галерэі Полацка. Яна прымеркавана да 95-годдзя народнага мастака, лаурэата Дзяржаўнай прэміі, акадэміка жывапісу Гаўрыіла Вашчанкі (1928-2014). Творы знакамітага майстра ўваходзяць у залаты фонд выяўленчага мастацтва Баларусі, знаходзяцца ў 28 калекцыях і музеях розных краін свету.
Фота: з архіву сям'і
З вялікай пашанаю гаварыла пра мастака на адкрыцці выставы загадчыца Мастацкай галерэі Ларыса Лысенка. Гаўрыіл Харытонавіч, успамінала яна, валодаў магіяй асаблівай прыцягальнасці, сустрэчы з ім і яго творамі пранікалі ў душу, заставаліся ў памяці на доўгія гады. Гэта знакавая постаць ў беларускім мастацтве.
Фота: Кірыл Смалякоў
Мастацтвазнаўца Таццяна Гаранская зазначыла, што веліч Гаўрыіла Вашчанкі як мастака яшчэ патрабуе асэнсавання – настолькі ён невычэрпны, непаўторны, рознапланававы. Яго ні з кім не пераблытаеш. Гэта майстар высокага класу, паэт, філосаф, тытан мыслення.
«Калі чалавек здатны ўспрымаць хараство, ён абавязкова знойдзе ў творчасці Гаўрылы Харытонавіча нешта блізкае. Кожным сваім творам маэстра робіць крок да кожнага беларуса. Яго мастацтва нясе ген беларускасці, геніяльнасці, чалавечнасці», – казала Таццяна Гаранская.
Гаўрыла Вашчанка з’яўляецца заснавальнікам творчай дынастыі. Яго сын Канстанцін Вашчанка паспяхова працуе ў галіне станковай, кніжнай і камп’ютарнай графікі, прафесійна займаецца фатаграфіяй, кніжнымі выданнямі, плакатамі, календарамі, распрацоўвае наватарскія арт-аб’екты для адкрытай і камернай прасторы. Гэта ён працаваў над дызайнам шматтомнага факсімільнага выдання «Кніжная спадчына Францыска Скарыны», што было адзначана на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах «Мастацтва кнігі».
На адкрыцці выставы ў Полацку Канстанцін Вашчанка правёў цікавую экскурсію па творах бацькі. Падзялілася ўспамінамі пра знакамітага дзядулю і ўнучка Гаўрыіла Харытонавіча Ангеліна Вашчанка.
Дзяўчына вучыцца на апошнім курсе мастацкай акадэміі, але ўжо паспяхова спрабуе сябе ў розных відах выяўленчага мастацтва, удзельнічае ў выставах. Дзядуля для яе – вялікі творца, волат, мысляр і вельмі добры чалавек, які ніколі не пакрыўдзіць. У кожным яго руху і поглядзе адчувалася моц, глыбіня, мудрасць.
Было б здорава, лічыць Ангеліна Вашчанка, каб суайчыннікі больш даведаліся пра асобу Гаўрылы Харытонавіча. Творчасць гэтага мастака вельмі важная для беларусаў, бо праз яго працы можна зразумець, палюбіць і спасцігнуць Беларусь, адчуць, як яна адгукаецца ў сэрцы, пабачыць, што адбывалася ў душах людзей у той ці іншы час.
Читайте также: Фестиваль старинной и современной камерной музыки стартует в Полоцке 21 марта – узнайте программу
В Полоцке назвали победителей вокального конкурса «Манящие аккорды романса»
Новая выставка открылась в Художественной галерее Полоцка