Главная > Новости > Общество > Для Полацка гэта нешта новае: паразмаўлялі з гаспадыняй кветкавай фермы пра моц Інстаграма, сямейную справу з нуля і букеты не як у краме


Для Полацка гэта нешта новае: паразмаўлялі з гаспадыняй кветкавай фермы пра моц Інстаграма, сямейную справу з нуля і букеты не як у краме

19:10, 22.04.2024 4113 Источник: https://gorod214.by/

Сёння ў нас інтэрв’ю з водарам кветак. Не здзіўляйцеся, што вы амаль што будзеце яго адчуваць падчас чытання. Бо паразмаўляць мы вырашылі з Вікторыяй, якую многія з палачан (і не толькі) ведаюць як гаспадыню кветкавай фермы «Тры Лісы». Разам з мужам Яўгенам яны робяць прыгожую справу, вынікі якой вы, магчыма, трымалі ў руках ці бачылі на фота ў сацсетках. Мы пагаварылі пра тое, як яны прыдумалі ферму, як усё наладзілі і што будзе далей. Да таго ж, не зусім звычайныя фермеры даслалі нам здымкі, якія самі па сабе – паштовачкі на замілаванне душы.

IMG_20230817_162024_104-01 

– Віка, як усё пачалося, як вы ўсё гэта прыдумалі?

– Спачатку мы прыдумалі вёску – вырашылі, што ў горадзе нам эмацыйна складана. Плюс дзіця, плюс сабака, плюс шмат часу праводзім на прыродзе. Пры гэтым выразных добрых прыкладаў перад вачыма не было: тыпу нехта так зрабіў, і мы за імі. У маіх бацькоў, у Жэніных ёсць лецішча. Мы там бавілі шмат часу, як нарадзілася дзіця – дык я прыязджала вясной і была там да сярэдзіны восені. Напэўна, гэта і натхніла на думку, што было б добра вось так жыць. Пастаянна. І мы пачалі шукаць.

– А як прыдумалася кветкавая ферма?

– Мы адразу разумелі, што трэба будзе прыдумаць нешта, што змацуе нас з вёскай. То бок, чым мы там будзем займацца. Былі розныя думкі-прыдумкі: спачатку, напрыклад, мы думалі пра сыры. Завесці коз і рабіць сыры, чаму не? Мы ездзілі па Беларусі і бачылі, як гэта робяць іншыя. І пра хлеб думалі. Міні-ферма, сямейная такая гісторыя. Калі я кажу пра ферму, то маю на ўвазе толькі менавіта маленькае, сямейнае.

20230904_170845-01

– Але?..

– А калі ўжо набылі дом за горадам, то я неяк прайшлася па зямлі, і суседзі падказалі, што яна ў нас вельмі файная. Былы гаспадар туды нямала сродкаў уклаў, і гэта ўжо было цікава. Я не пакідала думак пра фермераў-сырадзелаў, гартала Інстаграм, каб падглядзець нешта цікавае. І знайшла там адну канадку, якая вырошчвала кветкі. Проста правалілася ў кветкавы акаўнт. Гэта мяне вельмі натхніла: за месяц прагляду карцінак у сваёй галаве я ўжо ўсё вырасціла і прадала, то бок наглядзелася моцна.

– З кім ты падзялілася гэтым?

– Спачатку расказала сваёй сястры. І атрымала падтрымку. Мама таксама вельмі падтрымала. Пры гэтым я ўжо і беларускіх фермерак акаўнты павывучала.

– Пачакай, а раней ты што-небудзь вырошчвала?

– Ні-чо-га. Да лецішча сваёй маці я, лічы, і пальцам не дакраналася. На просьбы бацькоў нешта там дапамагчы мы жартавалі, што можам прывесці вам асфальту і ўсё ў яго закатаць, каб вы не напружваліся. А калі самі гэта пачалі рабіць, проста не ведаю, адкуль што ўзялося. Але мне было цікава ўсё, нават назіраць, што я магу, што атрымліваецца.

IMG_20230729_115409_748-01

Муж таксама не быў чалавекам зямлі?

– Не, мы ўсё гэта праходзім разам, і гэта новае для нас.

– Патлумач, а як з працай? Чытачы абавязкова падумаюць: дык  а на працу яна хадзіла ці кінула ўсё – і на вёску?

– Пасля дэкрэтнага адпачынку мы на сямейнай радзе вырашылі, што я буду звальняцца. Але сядзець без працы я не збіралася, проста трэба было прыдумаць, чым буду займацца на вёсцы і сумяшчаць гэта з выхаваннем сына Федзі. Калі б я працавала ў найме, засталася ў тым жа ўніверсітэце, то мы б вёску ў прынцыпе не абралі. Канешне, у гэтым сэнсе ў нас былі спрыяльныя ўмовы.

DSC_0665

– Ад прыдумкі да моманту, калі ты зразумела, што працэс ідзе, колькі прайшло часу?

– У верасні мы купілі хату, у лістападзе ўжо ўсё было прыдумана, у снежні я купіла ўсё насенне. Мужу я сказала ў канцы восені, ён спачатку скептычна, але сказаў: «Ну давай, будзе ў цябе шмат кветак». І я пачала: усю зіму чаранкавала вяргіні, сеяла насенне.

DSC_0920

 Як вучылася?

– Інтэрнэт. Ты 24/7 сядзіш у інтэрнэце і чытаеш/глядзіш літаральна ўсё. Я сама здзівілася, што ў мяне без досведу ўсё вырасла, усё ўзышло. І праўда, ўсё атрымалася. Хаця без хваляванняў, канешне, не абыйшлося. Ведаў не хапала. Напрыклад, я не разумела, калі канкрэтна павінна ўкараніцца вяргіня, і літаральна капала зямлю і глядзела, як там карэнні. Нервовыя моманты былі, але ніякіх правалаў не было.

– Цудоўна! Так бывае?

– Ну так. Хаця, канешне, вось прыйшла вясна. А ў нас там цаліна, усё зарасло крапівой. Плюс будоўля яшчэ. У мяне поўная кватэра расады, неапрацаваная зямля і снег ляжыць доўга. Сярэдзіна красавіка, у мяне няма куды саджаць. І я вырашыла для сябе: калі што, я проста пайду на рынак і ўсё гэта прадам. Былі нейкія моманты, якія не спрыялі ферме: напрыклад, мы не маглі знайсці трактар, нам не раілі араць зямлю, казалі, ён вам уздыме гліну. Але Жэня купіў пэўную тэхніку, і за чатыры дні мы ўзаралі ўсё. Гэта было цяжка, фізічна вельмі цяжка. Але зямля ўзараная, мы нарабілі градаў, і я, як ашалелая, пачала ўсё саджаць.

– І сталі чакаць лета?

– Яшчэ восенню, забыла сказаць, я пасадзіла цюльпаны. І яны выраслі, мама глядзіць і кажа – прадавай. А я не разумею як. У нас няма Інстаграма, каб гэта рабіць! Я яшчэ не завяла акаўнт, муж мяне падштурхоўвае: давай, завядзі, трэба прыдумляць назву, трэба прадаваць. Але на той момант нічога не было, таму кветак я не прадала. Стаялі яны ў вазе і ўсё, але я паглядзела, як гэта працуе.

DSC_0204

– Калі ж пачаліся першыя кветкі на продаж?

– Трэба быў час, каб насенне ўзышло, гэта здарылася ў канцы ліпеня. Да гэтага часу ў чэрвені мы зрабілі Інстаграм – прыдумалі назву, я зрабіла лагатып. Пачалі нешта посціць: фота з вёскі, матчынага сада. У ліпені пачаў расці духмяны гарошак і ранюнкулюсы (такія люцікі), і ўсё! Першыя букеты ў мяне замовілі знаёмыя, я адвезла ім кветкі, сфоткала прыгожа, і ўсё пачалося. Раскупілі ўсё, я добра акупіла карэньчыкі раслін, людзям спадабалася. Я была ў захапленні!

– А як ты ўсё паспявала?

– Ну мы ж там жылі ўжо, дзіця побач. Канешне, гэта быў такі момант, калі Федзіку прыйшлося зразумець, што свет не круціцца вакол яго. Я ўключоная маці, мы заўсёды шмат размаўлялі, мы былі разам бясконца. Але ён мог зацікавіцца маёй справай, і гэта нармальна, што дзеці жывуць жыццём бацькоў. Карацей, гэтым летам ён сам навучыўся бавіць час, не толькі з намі. У кватэры гэта было б цяжэй, у доме – другое, нават калі фізічна складаней. Ды лета цёплае, надвор’е добрае, возера побач. Даў дзіцю паплескацца паўтары гадзіны ў возеры, а потым чатыры спакойна працуеш.

DSC_0454

– Скажы шчыра, сумна там табе не было, лічы адной?

– Ды не, мы ж хацелі вёску. Мне з сабой ніколі не бывае сумна. Ды і дзіцё яшчэ, муж. Прырода, кветкі, возера – ды мы да гэтага ішлі.

(Мы размаўляем у кафэ, Вікторыя ветліва просіць афіцыянта спытаць на кухні, колькі ў яе абедзе якіх інгрэдыентаў. Аказваецца, Віка сочыць за харчаваннем і трэніруецца, бо гэта пытанне здароўя. Яна тлумачыць, што ўсё гэта важна і для працы: фізічныя намаганні патрабуюць правільнай тэхнікі падняцца тых жа цяжкасцяў, каб не «сарваць» спіну).



20230930_111007-01

– Камерцыйны сезон пачаўся ў ліпені, а скончыўся?

– Памятаеш, які цёплы быў верасень? Калі б замарозкі былі хуткія, не ведаю, як бы што ішло. Нам вельмі пашанцавала з надвор’ем, кастрычнік таксама быў цудоўны. Мы чакалі кірмашу ў Полацку і не ведалі, ці дажывуць нашы кветкі. Дажылі, бо замарозкаў не было. Мы ўжо, калі шчыра, вельмі стаміліся, хаця і пачалі сезон даволі позна. Мне ўжо здавалася: няхай ўсё змерзне – і мы адпачнем. Але не.

– А кветкі таксама стаміліся?

– Так, усё змяняецца, і хоць маразоў няма ды няма, а я хаджу па градах, выбіраю кветкі. Не кожную я аддам у букет, выбіраю лепшыя. Мы зрэзалі ўсё і прывезлі на кірмаш. А там было так крута! Гэта была такая прыгожая і натхняльная кропка. Можа, сёлета так не пашчасціць, а як для пачынальнікаў – нам проста зоркі спрыялі.

DSC_1025

– Наколькі гэта ўсё мае камерцыйны сэнс?

– У мінулым сезоне гэта было на 100% камерцыйна выгодна. Я ўклала не так шмат: набыла палічкі і сцелажы для расады (больш муж падбіў, ён быў за сур’ёзны падыход), лямпы, нейкія там кантэйнеры, насенне. Дарэчы, насенне абыйшлося ў 150-200 рублёў, што непараўнальна з заробкам. Дадам, што ўсё ў нас зроблена правільна, я аформілася ў падатковай. Карацей, уклалі не так шмат, а зарабілі няблага.

– І вы, напэўна, гэтыя грошы пусцілі на наступны сезон?

– Абсалютна ўсе. Плюс яшчэ дадалі свае.

– Карацей, прыгожых сукенак на заробак ты сабе не накупляла?

– Не, усё ў кветкі. Дарагое прафесійнае насенне, кусты півоняў, якія адаб’юцца можа праз колькі год. Мы купілі агратэкстыль, тое ды сёе. Кветкавы матэрыял, дарэчы, зусім не танны. Нарэшце, мы паставілі цяпліцу.

IMG_20240410_214145_861-02

– А раскажы пра людзей. Ты ж працуеш на зямлі, але ж працуеш і з пакупнікамі, якія замаўляюць у цябе кветкавую прыгажосць. Што гэта за досвед?

– Я верыла, што ёсць людзі, з якімі ў гэтым сэнсе мы супадаем у густах. Шчыра верыла, што знойдуцца тыя, хто зразумее гэты вайб, чаму гэта класна, шчыра і чаму ў гэтым ёсць каштоўнасць.

– Ну так, не ўсім жа падабаюцца фота ў стылі «Я і мой букет з сотні ружаў ад прыхільніка». Але, здавалася, што і твае кветкі ў пэўным сэнсе трапілі ў нейкую хвалю і сталі трэндам. І ўжо мясцовыя блогеры адзін за адным сталі замаўляць ды посціць.

– Магчыма і так. Але, вось ведаеш, у Менску такая тэма даўно ў модзе. Там нармальна пайсці на Камароўку ды набыць фермерскіх кветак. Нехта і возіць, як мы, а нехта і на рынак ідзе. У нас яшчэ гэта ўсё новае, прывыкаем. Там нават ёсць кветкавая падпіска, і мы вельмі хочам такое, але пакуль думаем, бо гэта адказна.

DSC_0923 (2)

– Для чаго часцей купляюць кветкі? У падарунак ці сабе?

– Часцей гэта пакуль што святочныя букеты, але мы прыемна ўражаны колькасцю людзей, якія купляюць кветкі для сябе. Гэта вельмі класна, калі проста ў дом. Ты бярэш ахапак, ставіш дома і такі – я сябе люблю.

– А ты вядзеш статыстыку, хто замаўляе ізноў, хто вяртаецца?

– Жэня вядзе ўсю бухгалтэрыю, дадзеныя кліентаў, адрасы, нумары. Ён адказны за ўсё, таму так, маем статыстыку. Ёсць, напрыклад, у нас пакупніца, якая 7 букетаў за сезон паспела набыць.

20230721_205606-01

– Хто часцей набывае кветкі, мужчыны ці жанчыны?

– Жанчыны. Але мужчын таксама даволі шмат.

– Віка, вось вы выйшлі ўжо ў новы сезон. Вашыя цюльпаны, нарцысы ды «пінціплюшачкі» (так назваў адну з сакавіцкіх кампазіцый адзін з Лісаў, Федзік) ужо ў кватэрах людзей. Чаго чакаць?

– Так, сезон пачаўся. Зараз мы прапаноўваем цюльпаны, яны ёсць, і яны прыгожыя. Як пойдзе далей, мы яшчэ не ведаем. Фермеры з досведам кажуць, каб нейкія даваць прагнозы і разумець усе працэсы, трэба працаваць не менш за тры сезоны. Таму ў мяне ёсць свае хвалянні: шматгадовых кветак у мяне яшчэ мала, і што будзе ў чэрвені, напрыклад, не ведаю. А ўжо ў ліпені асартымент будзе добры.

– Не лічы за пафас, але спытаю, як ты сама для сябе вырашыла, ці ёсць у цябе місія?

– Ёсць. Рабіць у Беларусі. Рабіць для сябе, для астатніх, і каб мне гэта падабалася.

DSC_0073 — копия

Читайте также:Когда зацветает магнолия. Как мы искали весеннее настроение на улицах Полоцка и Новополоцка

В Новополоцке рассказали, как будут отмечать майские праздники и День города

Софийский собор в Полоцке закрывают на ремонтно-реставрационные работы

Оставайтесь с нами в социальных сетях: 

insta   58cbe3ace31ff15adc715b82  



Автор: Кацярына Вязевіч




Не вижу код