Главная > Новости > Общество > «Бог пажадаў стаць чалавекам, каб дапамагчы нам заставацца людзьмі». Віншаванне біскупа Алега Буткевіча на свята Божага Нараджэння


«Бог пажадаў стаць чалавекам, каб дапамагчы нам заставацца людзьмі». Віншаванне біскупа Алега Буткевіча на свята Божага Нараджэння

20:15, 24.12.2023 1008 Источник: https://gorod214.by/

Са словам да вернікаў на святочныя дні Божага Нараджэння звярнуўся старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Друкуем тэкст віншавання.

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце,

шаноўныя суайчыннікі! 

“… Нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, Якім ёсць Хрыстус Пан. І вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях”. (Лк 2,11-12)

Словы надзеі, якія абвясціў нябесны пасланнік пастушкам, Касцёл абвяшчае сёння нам: нарадзіўся вам сёння Збаўца, Якім ёсць Хрыстус Пан! Нарадзіўся сёння, тут, сярод нас. Так, насамрэч Ён заўсёды прысутны ў гэтым свеце, бо паабяцаў калісьці апосталам, што не пакіне нас сіротамі і застанецца з намі. Але дазваляе нам зноў і зноў перажываць падзею свайго нараджэння, каб мы маглі адчуць тую радасць, якую адчуваюць бацькі, калі ў іх з’яўляецца нованароджанае дзіця.

Нараджаецца Крыніца і Даўца жыцця ў людскім целе. Прыходзіць у свет, які амаль страціў пачуццё адказнасці за чалавечае жыццё. У свет, дзе гэтае жыццё не каштуе ўжо амаль нічога, становіцца разменнай манетай, сродкам для рэалізацыі чужых амбіцый, дзе так легкадумна і мы нярэдка ставімся да гэтага найвышэйшага Божага дару. 

Таму Бог сам пажадаў стаць чалавекам, каб дапамагчы нам заставацца людзьмі. Найпрасцей гэта зрабіць, гледзячы на прыклад жыцця Езуса і Яго сям’і. Не каб капіяваць яго “адзін у адзін”, але навучыцца прынцыпу, паводле якога жыў Езус, – прынцыпу міласэрнай любові. Ён нарадзіўся ў стайні, сярод жывёлаў, адчуўшы ўжо з самага свайго нараджэння абыякавасць і холад людскіх сэрцаў, прыйшоў, каб нарэшце памерці на крыжы, але не для таго, каб пакараць гэты свет.

Ён прыйшоў яго ўратаваць, даць надзею і навучыць “не адплачваць злом за зло, але рабіць заўсёды дабро адно аднаму і ўсім. Заўсёды радавацца, няспынна маліцца. За ўсё дзякаваць, бо такая адносна нас воля Божая…” (пар. Тэс 5, 15-18).



Змяняецца час і змяняюцца людскія пакаленні, змяняецца свет і яго выклікі, але нязменнай застаецца чалавечая натура з яе слабасцямі, як і нязменным застаецца Бог з Яго міласэрнай любоўю да чалавека. Паспрабуйма чарговы раз адчуць яе, схіляючыся над Бэтлеемскімі яслямі, дзе ляжыць маленькае Дзіця, прыносячы для нас па-сапраўднаму трывалыя і вечныя каштоўнасці. Паспрабуйма чарговы раз на гэтых каштоўнасцях будаваць нашае цяперашняе жыццё і нашую будучыню! 

Згоды і паяднання, супакою і здароўя, мірнага неба на галавою і Божага бласлаўлення ва ўсіх добрых справах кожнаму з Вас, Вашым сем’ям і ўсёй нашай краіне Беларусі!

Радасных Святаў Божага Нараджэння і шчаслівага Новага 2024 года! 

+Алег Буткевіч

Біскуп Віцебскі

DSC_7210

Оставайтесь с нами в социальных сетях: 

insta   58cbe3ace31ff15adc715b82  







Не вижу код