Главная > Новости > Культура > Танцы будуць. «Варган» прэзентуе ў Полацку альбом з песнямі беларускай Поўначы (СЛУХАЦЬ ТУТ)


Танцы будуць. «Варган» прэзентуе ў Полацку альбом з песнямі беларускай Поўначы (СЛУХАЦЬ ТУТ)

17:37, 03.10.2018 2795 Источник: gorod214.by

Полацкі фальклорны гурт «Варган» 6 кастрычніка прэзентуе свой першы альбом «Зялён явар, дуброва. Музыка Полаччыны». Мы запыталіся ў удзельнікаў гурта, чым адметная іх дэбютная студыйная праца. Пачытайце!

 vargan1

Першы альбом «варганаўцаў» змяшчае 18 трэкаў, сярод якіх песні, танцы і нават «цярэшкі». Усе песні і інструментальныя кампазіцыі з рэлізу некалі гучалі на тэрыторыі Полаччыны на працягу гадавога каляндарнага кола. У якасці бонусу — запіс купальскай песні ад аўтэнтычнай спявачкі Алімпіяды Міхайлаўны Шчарбаковай з вёскі Шастова Полацкага раёну, піша музычны партал tuzinfm.by.

Музыка Стась Сілка запрашае ўсіх зацікаўленых на імпрэзу і так фармулюе адметнасць студыйніка для чытачоў gorod214.by:

— Разынка альбома ў тым, што гэта спроба аднавіць, ці рэканструяваць менавіта аўтэнтычны выгляд песень і танцаў, якія гучалі на Полаччыне 100 і болей гадоў таму, пад сучаснай вокладкай. На дадзены момант найбольш папулярныя песні з Палесся, іх спявае бадай кожны фальклорны калектыў Беларусі, і на нашу Поўнач усе быццам бы забыліся, дык мы спяшаемся нагадаць. 

Альбом разнастайны, натуральна і прэзентацыя мусіць быць разнастайная, на дыску ёсць колькі танцавальных кампазіцый, гэта значыць, што танцы на прэзентацыі будуць — павесялімся. Адмыслова для прэзентацыі прыедуць нашыя сябры з Менску: гурт «Рада» і Сяржук Доўгушаў. Таксама для нас вялікі гонар, што разам з намі на сцэну выйдзе чалавек, для якога і традыцыйныя танцы і песні яшчэ былі часткай жыцця, яна бачыла і чула ўсё асабіста, гэта Алімпіяда Міхайлаўна Шчарбакова. 

Так што наведвальнікам мерапрыемства не павінна быць сумна, персанажы на сцэне будуць змяняцца, усё рознае і цікавае, прыходзьце, будзем радыя бачыць усіх.

vargan2

Фота Кірыла Смалякова

У стварэнні інструментальнай часткі альбома прымалі ўдзел запрошаныя музыкі — вядомы майстар, музыка і мастак Алесь Лось (дуда, колавая ліра), а таксама Алеся Сівохіна (цымбалы). 

Нашай мэтай было стварыць жывы музычны вобраз Полаччыны, прапусціўшы аўтэнтычны матэрыял праз сваё сэрца, прадэманстраваць тую палітру гукаў і эмоцый, якія несла ў сабе гэтая музыка, — кажа кіраўніца гурта Вольга Емельянчык

Прэзентацыя адбудзецца 6 кастрычніка а 18 гадзіне ў канцэртнай залі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта на Стралецкай, 4. Уваход вольны.

Чытайце таксама: Палачане адсвяткавалі Купалле на месцы, дзе скакалі цераз вогнішча яшчэ ў даўнія часы. ФОТА

#Полоцк #Новополоцк


Оставайтесь с нами в социальных сетях: 

insta   58cbe3ace31ff15adc715b82  







Не вижу код