Главная > Новости > Культура > Што пачытаць зімой? Раім сем абавязковых кніг для тых, хто лічыць сябе палачанамі (і не толькі)


Што пачытаць зімой? Раім сем абавязковых кніг для тых, хто лічыць сябе палачанамі (і не толькі)

17:21, 21.01.2020 3494 Источник: gorod214.by

Сапраўдная зіма, здаецца, яшчэ наперадзе, таму самы час загадзя падрыхтавацца і падрыхтаваць некалькі добрых кніг для таго, каб пачытаць снежнымі вечарамі. Мы папрасілі знакамітага полацкага пісьменніка Алеся Аркуша падрыхтаваць спіс з тых кніжак, якія будуць асабліва цікавымі для полацкіх (і наваполацкіх) чытачоў. І абавязкова ўключыць у сямёрку і свой раман.

Міхал Андрасюк. «Поўня» (Беласток, Праграмная рада тыднёвіка “Ніва”, 2018)

pounja

Фота: Onliner

Міхась Андрасюк – беларускі пісьменнік, які жыве ў Польшчы на Падляшшы. Прычым жыве ў дзедавай хаце, якая знаходзіцца на ўскрайку Белавежскай пушчы з польскага боку побач з польска-беларускай мяжой. Сёлета за раман «Поўня» пісьменнік атрымаў другую ўзнагароду літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца. Гэта філасофскі раман, які апавядае пра метафізіку чалавечага існавання, бо ў ім у сённяшнім жыцці дзейнічаюць людзі, якія даўно памерлі, перадусім гэта продкі галоўнага героя рамана. Падзеі адбываюцца і ў Мінску, і ў Беластоку, але найперш у Белавежскай пушчы, у той яе частцы, якая сёння належыць Польшчы. Для чытачоў з Полаччыны, гэты твор цікавы перадусім як зварот да малой радзімы, да вытокаў, да свайго радаводу.

Алесь Аркуш. «Сядзіба» (Полацак-Беласток, "Полацкае ляда", 2017)

arkush

«Сядзіба» - чацвёрты раман Алеся Аркуша. Гэта чарговая кніга пісьменніка, у якой падзеі адбываюцца выключна ў Полацку, а больш дакладна – у Запалоцці, дзе існуе незвычайная сядзіба, у якой надараюцца розныя дзіўныя рэчы. Паралельна ідзе расповед пра пошукі напачатку ХХ стагоддзя залатога кубка Баторыя, які быў схаваны ў Запалоцці. Кніга містычная, у якой полацкая гісторыя пераплеценая з сучаснымі падзеямі і героямі. Летась аўтар падчас агульнарэспубліканскага Фэсту экскурсаводаў правёў экскурсію па старонках гэтага рамана.

Пятро Васючэнка. «Дзівоснае лета паноў Кубліцкага ды Заблоцкага» (Мінск, «Кнігазбор», 2018)

-лета-паноў-Кульбіцкага-ды-Забалоцкага.-Пятро-Васючэнка

«Дзівоснае лета паноў Кубліцкага ды Заблоцкага» - другая кніга казачных гісторый пра паноў Кубліцкага і Заблоцкага. Першая кніга «Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі» выйшла ў 2003 годзе і атрымала літаратурную прэмію «Гліняны Вялес». Гэта вясёлыя, дасціпныя гісторыі пра шляхцюкоў, якія засталіся сам-насам з жыццёвымі праблемамі. Сёлета Пятро Васючэнка пакінуў гэты свет. Але ягоныя казачныя героі, выглядае, будуць жыць доўга-доўга.

Полочанин Петр Васюченко посмертно номинирован на престижную шведскую премию по детской литературе

Валер Гапееў. «Пазл» (Мінск, «Галіяфы», 2018)

5-f1r41

Фота: nn.by



Чарговы раман Валера Гапеева прысвечаны жыццю ў невялічкім правінцыйным горадзе. Дзе нібыта ўсё дзеіцца ціха-мірна, без якіх-небудзь катаклізмаў. Але, насамрэч, жыццё можа імкліва пайсці пад адхон, прычым без ніякай тваёй уласнай віны. У рамане «Пазл», ні з пушчы, ні з лесу, лёс сям“ю раптам, з-за самаўпраўства мясцовых чыноўніках, пачынае даваць такія віражы, што заканчваецца ўсё трагедыяй.

Юры Гумянюк. «Захлынуцца апантанасьцю жыцьця» (Полацак-Беласток, "Полацкае ляда", 2019)

69139507_1122

Гарадзенскі паэт Юры Гумянюк найперш вядомы сваімі мадэрнісцкімі дзёрзкімі вершамі. У 2013 годзе ён выпаў з дзявятага паверху жылога дома. Прычына гэтай смерці па-ранейшаму застаецца таямніцай. «Захлынуцца апантанасьцю жыцьця» - трэцяя пасмяротна кніга Гуменюка, якую выдалі яго сябры. Кніга аб“яднала частку яго публіцыстычнай спадчыны – рэпартажы, інтэрв“ю, артыкулы, карэспандэнцыі. Для чытача Полаччыны кніга цікавая матэрыяламі, якія прысвечаны дзейнасці Таварыства Вольных Літаратараў. Яно актыўна дзейнічала ў 90-х гадах, а было заснавана ў 1993 годзе ў Наваполацку.

Вінцэсь Мудроў. «Восень у Вільні» (Мінск, «Кнігазбор», 2019)

vinc

Наваполацкі празаік Вінцэсь Мудроў апошнім часам быў вельмі актыўным. Выдаў тры кнігі запар. Новы зборнік «Восень у Вільні» ўтрымлівае як нядаўна напісаныя творы, так і тыя, якія друкаваліся ў 90-х. Напрыклад, славутыя аповеды «Нячысцік у фраку» і «Рыбалка ў Бычках» упершыню былі надрукаваны ў выданнях Таварыства Вольных Літаратараў. Навэла «Восень у Вільні» распавядае пра падзеі, звязаныя з прыходам у Заходнюю Беларусь Чырвонай арміі. Мудроў па-ранейшаму верны сваім героям, свайму іранічнаму стылю і сваёй адметнай аўтарскай мове.

Сяргей Шыдлоўскі. «Музэюм» (Полацак-Беласток, «Полацкае ляда», 2016)

DSC00173

Сяргей Шыдлоўскі - беларускі гісторык, этнолаг, эсэіст, кандыдат гістарычных навук, выкладчык Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. У гэтай кнізе сабраны эсэ, якія друкаваліся пераважна ў 90-х гадаў у газеце «Наша Ніва». Большая палова гэтых тэкстаў прысвечана Полацку. Чытаць іх цікава, бо гэта інтэлектуальныя развагі пра мінулае, сённяшняе і будучыню роднага краю.

Чытайце таксама8 выдатных беларускіх кніг, якія трэба прачытаць кожнаму

В Полоцке прошел вечер памяти «Расстрелянной литературы». Было очень душевно (Фотографии)

Паглядзіце, як у Полацку ладзілі сапраўдныя беларускія Каляды – з варожбамі і пачастункамі (Фотарэпартаж)

Оставайтесь с нами в социальных сетях: 

insta   58cbe3ace31ff15adc715b82  



Автор: gorod214.by


КЛЮЧЕВЫЕ СЛОВА




Не вижу код