Сёння спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння аднаго з самых знакамітых беларускіх пісьменнікаў – Уладзіміра Караткевіча. Мы пашукалі інфармацыю аб тым, ці бываў легендарны беларус у Полацку.
Вось што піша пра Караткевіча і Полацк на сваёй старонцы ў фэйсбуку полацкі пісьменнік Алесь Аркуш:
– Ужо на Полаччыне ад старэйшых калегаў чуў шмат розных легендаў пра Караткевіча, пра тое як ён прыязджаў у Полацак з рознымі дэлегацыямі. Ад Алены Паўлаўны Ніякоўскай неяк даведаўся, што падчас аднаго з такіх прыездаў Караткевіч і Брыль пазнаёміліся з ёю, тагачаснай выкладчыцай кааператыўнага тэхнікуму, і нават затым дасылалі лісты ёй у Полацак.
У другі прыезд у Полацак Брыль быў у кампаніі Караткевіча і Барадуліна. Было гэта ў 1965 годзе. Праўда, ніякіх пікантных падрабязнасцяў пра гэты прыезд Брыль не напісаў, хаця, думаю, яны былі. Бо пісьменнікі прыязджалі па ўласнай ініцыятыве, наведвалі родныя мясціны кожнага, каб потым пабачанае апісаць. Cябры па дарозе з Рагачова ва Ушачы завiталi ў горад, з якога пачаўся беларускі свет, каб aдчуць «полацкі менталітэт». Гэта быў травень.
Уладзімір Караткевіч у Полацку. 1972 г. З асабістага фонду У. Караткевіча ў БДАМЛМ. Фота: Радыё Свабода
Вось у гэты прыезд Алена Паўлаўна і пазнаёмілася з Караткевічам. Хаця можа і ў першы прыезд Брыля ў Полацак, калі ён прыязджаў у складзе дэлегацыі (толькі невядома, ці быў там Караткевіч) у адказ на скаргу, што ў Полацку кепска прадаюцца кнігі беларускіх аўтараў. Але гэта не істотна. Два гэтыя прыезды былі ў 1965 годзе. І калі я рыхтаваў да друку кнігу Алены Ніякоўскай «Там, дзе буяла жыта», я ўгаварыў яе ўключыць у кнігу лісты Караткевіча і Брыля. Што яна і зрабіла.
Лісты Уладзіміра Караткевіча палачанцы Алене Ніякоўскай
Першы ў кнiзе ліст Караткевіча да Алены Паўлаўны датаваны 17 ліпеня 1965 года і дасланы з Рагачова (з лicта аднак зразумела, што перапicка пачалася раней, раннiя лicты, вiдаць, не захавалiся). Дарэчы, лісты вельмі цікавыя, напрыклад, у адным з іх Караткевіч апісвае як ён разам з Барадуліным ездзіў на Далёкі Усход.
Яшчэ адзін сюжэт пра Караткевіча і Полацк апісвае старшы навуковы супрацоўнік Музея беларускага кнігадрукавання Наталля Анучына.
– На адной з паліц кніжных шафаў Музея-бібліятэкі Сімяона Полацкага, сярод некалькіх тысяч кніг са збору Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, стаіць нічым не прыкметны на першы погляд томік вершаў з лічбай «1972» на карашку. Гэта чарговы выпуск «Дня паэзіі» — спецыяльны выпуск, прысвечаны 50-годдзю ўтварэння Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.
Кніга выйшла ў юбілейны год у выдавецтве «Мастацкая літаратура» накладам у 10 000 асобнікаў (часам дзіву даешся тыражам кніг у тыя часы). Але наш музейны асобнік — асаблівы.
Што робіць кнігу адметнай, унікальнай, сярод тысячы ёй падобных? Экслібрысы, пячаткі, штампы, чытацкія паметы, аўтографы ўладальнікаў і аўтараў ды іншыя пазнакі, якія з'явіліся на кнізе за час яе бытавання. Такія сляды пакінуў час і на гэтым экзэмпляры. Адгортваем. На форзацы бачым подпіс былога ўладальніка — кніга знаходзілася ў прыватным зборы. Цікава, ці ёсць аўтограф якога-небудзь пісьменніка? А вось і падказка ў выглядзе закладкі-стужкі, прымацаванай да кніжнага блока кнігі. Разварот, старонкі 148–149. Злева — верш Галіны Каржанеўскай «Пачатак», справа — «Усход» Уладзіміра Караткевіча.
І тут жа паміж друкаваных радкоў — надпіс ад рукі: «Уладзімір Караткевіч 18 (а на самай справе 19) жніўня. Полацак».
У горадзе над Дзвіной аўтару «Зямлі пад белымі крыламі» даводзілася бываць шмат разоў. Пра гэта расказваў сам Уладзімір Сямёнавіч, пра гэта ўспаміналі яго сябры-пісьменнікі, гэта засведчылі і фотаздымкі. Але на памяць можна зрабіць не толькі фота. На памяць таксама можна запісать некалькі слоў на кнізе. Вось такі своеасаблівы фотаздымак: пяць радкоў сінім чарнілам, — і такі вялікі след на зборнічку за адзін рубель і шэсць капеек. Уладзімір Караткевіч быў у Полацку. Быў. Ёсць. І будзе.
Узгадаем нарэшце, што ў сваім вядомым вершы «Беларуская песня» Уладзімір Караткевіч узгадвае і Полацк, «дзе Сафія плыве над Дзвіною, нібы карабель».
«Наш Караткевіч» усяму свету: у эфіры VOKA пакажуць тэатральную імпрэзу да 90-годдзя класіка
Чытайце таксама: «Каб я быў на небе зоркай». У Полацку чыталі вершы расстраляных паэтаў
Новый выпуск спецпроекта о самых интересных зданиях Полоцка. Рассказываем о лесном колледже
Каким было открытие юбилейного фестиваля «Званы Сафіі» в Полоцке – фотографии