Фота: Кір Смалякоў і Васіль Белко
Новая тэкставая інсталяцыя «Ад Полацка пачаўся свет» упрыгожыла бераг Дзвіны і адразу ажывіла гарадскую прастору, надала тэрыторыі адметны каларыт. Яна эфектна глядзіцца і ўдзень, і ў святле вечаровага дэкору. Між тым у сацсетках можна пабачыць каментарыі, аўтары якіх не разумеюць сэнсу паэтычнай фразы і нават прапануюць перайначыць надпіс. Таму варта ўзгадаць, што сімвалізуе знакамітае выказванне.

«Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет» – гэта шырока вядомы выраз з верша «Полацкі менталітэт», напісанага народным паэтам Беларусі Рыгорам Барадуліным. У поўным выглядзе цытата выбіта на помніку літары «Ў», які быў усталяваны на галоўным праспекце Полацка ў 2003 годзе. Цяпер выслоўе ўплецена ў гарадскі ландшафт у выглядзе арт-аб’екта, які адразу прыцягнуў ўвагу мясцовых жыхароў і турыстаў.

Полацк – самы старажытны горад Беларусі, сталіца першага на нашых землях дзяржаўнага ўтварэння. Тут закладаўся падмурак нацыі, пачыналася станаўленне беларусаў як самастойнага народа. Самыя прагрэсіўныя ідэі свайго часу ўвасабляла наша першая асветніца Еўфрасіння Полацкая, зрабіўшая родны горад вядомым цэнтрам духоўнасці, адукацыі, культуры. Першадрукар Францыск Скарына адкрыў для беларусаў і ўсіх усходніх славян скарбы кнігі.

Стварыўшы моцны мастацкі вобраз, Рыгор Барадулін адной афарыстычнай фразай падкрэсліў унікальны статус Полацка, нагадаў, што нашы гісторыка-культурныя здабыткі – важная частка еўрапейскай і сусветнай спадчыны.

Паэтычная метафара схіляе да роздуму, прапануе зазірнуць у глыбіні стагоддзяў, знайсці свае карані, асэнсаваць свой шлях у шырокім гістарычным кантэксце.
Усе гэтыя сэнсы надаюць інсталяцыіі дадатковую прывабнасць. Арт-аб’екты, якія нясуць пэўнае пасланне, звычайна карыстаюцца падвышанай папулярнасцю. Яны фармуюць вакол сябе крэатыўныя фотазоны, узмацняюць турыстычную прыцягальнасць тэрыторыі, могуць стаць візітнымі карткамі, што ствараюць пазнавальны вобраз горада.



