У каталікоў працягваецца Адвэнт – час чакання прышэсця Хрыста. Праз малітву, споведзь, духоўныя практыкаванні вернікі рыхтуюцца сустрэць свята Божага Нараджэння. Мы завіталі ў касцёл святога Андрэя Баболі ў Полацку, каб перадаць атмасферу гэтага асаблівага перыяду, што напаўняе сэрцы спакоем, радасцю, надзеяй, любоўю.
Фота: Кірыл Смалякоў
У час Адвэнту ў каталіцкіх храмах праходзяць адмысловыя святыя імшы – Рараты. Гэта спецыяльныя службы на хвалу Багародзіцы, якая дала свету святло – Езуса Хрыста.
Назва бярэ свой пачатак ад лацінскай песні «Rorate coeli desuper» («Дайце, нябёсы, росы з вышыняў»), якая спяваецца звычайна на пачатку імшы: чым для высахлай зямлі з’яўляецца раса, тым Хрыстус для тых, хто Яго чакае.
Традыцыйна Рараты адбываюцца на світанні. У касцёле патушана святло, гараць свечкі і ліхтарыкі, якія прыносяць з сабою людзі.
Прыгожая сімволіка нагадвае пра неабходнасць збірання добрых учынкаў, якія дапамогуць асвяціць змрок граху ў душы чалавека, паказаць Езусу шлях да нашага сэрца.
А вось як сустракалі ў Полацку Віфлеемскі агонь міру, запалены ад нязгаснай лампады у храме нараджэння Хрыста у Віфліеме. Гэты агонь, як адзначалі ў звароце да вернікаў прадстаўнікі духавенства, з’яўляецца знакам Божай любові, бо ён не толькі дае святло, але і паказвае шлях да Бога, накірунак, куды трэба ісці, каб не аступіцца, не ўпасці і дайсці да мэты.
Агонь міру, запалены ад нязгаснай лампады Віфлееме, прывезлі скауты. Падарожжа праходзіла праз Аўстрыю, Польшчу і Літву. Першым храмам у Беларусі, куды прыбыла святыня, стаў катэдральны касцёл св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
Сёлета, як адзначыў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч акцыя перадачы агню адбываецца пад дэвізам «Будзем чыніць мір».
Біскуп падкрэсліў, што «Пан Бог пасяляе мір у чалавечых сэрцах, таму ад кожнага з нас залежыць, ці дойдзе гэты дар усюды, куды павінен дайсці».
Усіх, хто будзе перадаваць агонь далей, іерарх заклікаў дзяліцца гэтым дарам, каб рэальна чыніць мір у жыцці і правесці святы Божага Наараджэння ў міры, а таксама несці надзею тым, хто адчувае яе недахоп.
«Будзем вестунамі міру найперш у нашых сем’ях і дамах, на месцах вучобы і працы. Будзем уносіць мір у нашы асяроддзі праз свае словы і ўчынкі. Няхай гэты агонь пагасіць усе канфлікты і ўсялякае напружанне, спрэчкі і непаразуменні, каб кожны чалавек на зямлі мог адчуваць бяспеку, любоў, павагу і разуменне», – сказаў біскуп Кашкевіч.
І заклікаў несці разам з гэтым агнём пасланне міру, каб свет рабіўся месцам надзеі.
Читайте также: Победоносный год для «Премьер-Спонайд». Прославленный полоцкий коллектив привез Гран-При с международного конкурса
На сказочные новогодние представления зовут детей и родителей в Полоцке
Эльфы, аэромедведи и Дед Мороз на коне. Как в Полоцке главную елку зажигали