Главная > Новости > Общество > «Ад прадзедаў спакон вякоў». Полацкія школьнікі расказалі пра свае любімыя творы на беларускай мове


«Ад прадзедаў спакон вякоў». Полацкія школьнікі расказалі пра свае любімыя творы на беларускай мове

14:25, 21.02.2025 1260

21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Свята заклікае людзей садзейнічаць абароне ўсіх моў народаў свету, шанаваць спадчыну сваіх продкаў, спрыяць захаванню нацыянальнай адметнасці і самабытнасці. Далейшае развіццё беларускай мовы шмат у чым залежыць ад юнага пакалення беларусаў. Мы вырашылі запытаць полацкіх школьнікаў пра іх любімыя творы на роднай мове. Пачытаўшы адказы, кожны з чытачоў можа ўзгадаць і свае ўлюбёныя беларускія радкі, каб яшчэ раз пераканацца ў тым, як прыгожа і непаўторна гучыць наша родная мова.

photo_2025-02-21_09-13-16

Настасся, васьмікласніца з Полацкай дзяржаўнай гімназіі №1:

«Мне вельмі спадабаўся верш Максіма Танка «Шчасце». Таму што ў яго аснове ляжыць ідэя супрацьпастаўлення фальшывага вонкавага шчасця сапраўднаму ўнутранаму. Праз лірычнага героя аўтар паказвае, як пагоня за багаццем, славай і знешнімі атрыбутамі поспеху, не прыносіць сапраўднага задавальнення. Мая настаўніца беларускай мовы – Марына Вітальеўна Лапаціна. Яна вельмі добры настаўнік, тлумачыць матэрыял цікава, глыбока, і заўседы дапаможа ў розных сітуацыях. Марына Вітальеўна можа быць і вяселай, і строгай, мы заўседы адчуваем яе любоў да нас і, спадзяюся, яна адчувае нашу».

photo_2025-02-20_18-29-14 

Аліса, пяцікласніца СШ №8:

«Мне вельмі падабаецца беларускі паэт Якуб Колас, асабліва ўрывак з паэмы «Новая зямля»: На ніцях белай павуціны

                         Прывозяць восень павучкі.

                         Яе красёнцы, чаўначкі

                         У моры лесу мільгатнулі

                         І лісце ў багру апранулі;

                         І з кожнай лісцевай галоўкі

                         Глядзіць твар восені-свякроўкі.

                         Павее ветрык — шурхнуць травы:

                         Няма ў ім ласкі, ні забавы.

 

photo_2025-02-21_09-16-14



Аксіння, вучаніца восьмага класа сярэдняй школы №8  г. Полацка:

«Твор, пра які я адразу падумала – «Губаты», яго аўтар Генрых Далідовіч. У ім вельмі выразна і глыбока паказаны прыклад дапамогі чалавека дзікай жывеле. Гэта твор пра любоў, душу, адносіны паміж жывелай і чалавекам, а таксама пра тое, што будзе, калі доўга трымаць у доме драпежніка. Твор чэсны і кранае душу. Цікаўнасць да яго ў мяне выклікала тое, як яму дала «рэкламу» наша настаўніца роднай мовы Валянціна Мікалаеўна Сасноўская. Яна заўседы вельмі цікава вядзе заняткі, шмат чаго ведае, і шчодра дзеліцца з намі сваімі ведамі. Ад настаўніка, я думаю, адносіны да беларускай мовы таксама залежаць. Як і ад сям’і». 

Іван, дзесяцікласнік з Полацка:

«Яшчэ да школы бабуля мяне папрасіла вывучыць верш «Спадчына» Янкі Купалы. Тады я мала што разумеў, але верш вывучыў і чытаў на нейкім гарадскім конкурсе. Праз гады я змяніў да яго адносіны, асэнсаваў і лічу самымі прыгожымі і чэснымі словамі ў беларускай літаратуры. Ён адначасова і велічны, і сумны, і радасны, і глыбокі. Мне здаецца, што для беларусаў яго радкі – наш генетычны код».

Сафія, аднакласніца Івана:

«І я люблю гэты верш, але мой любімы пісьменнік – Васіль Быкаў. Мяне ўразіў у свой час яго твор «Альпійская балада». Мне здаецца, што наш пісьменнік пісаў пра вайну так, што яна становіцца тым абсалютным разбуральным злом, якое ты ненавідзіш і ніколі не хочаш дапусціць. Калі пра больш лірычнае гаварыць, то гэта, канешне, Максім Багдановіч. З пачатковай школы люблю яго вершы, а «Зорка Венера» – самы любімы». 

Марыя, вучаніца дзевятага класа сярэдняй школы № 8 г. Полацка:

«Мне вельмі падабаецца паэма Якуба Коласа «Новая зямля». Гэта твор, які прымушае нас задумацца пра сэнс жыцця, пра сапраўднае сяброўства і вечныя каштоўнасці. Гэта твор, у якім аўтар пераносіць нас у свет прыроды, у якім кожны персанаж адлюстроўвае пэўныя рысы чалавечага характару».

20250220_205711 

Маленькі Федзік яшчэ не ходзіць у школу, але ён ужо чытае кніжкі, і стос кніг на беларускай мове з яго хатняй бібліятэкі ўражвае. На прыкладзе хлопчыка мы бачым, што і шэдэўры сусветнай класікі можна чытаць у перакладзе на родную мову:

«Мая любімая кніга «Востраў скарбаў» Робэрта Льюісаа Стывенсана. Гэта кніга пра піратаў, бойкі, караблі, скарбы і жудаснага Сільвера. Вельмі раю ўсім яе прачытаць. Са святам!».

photo_2024-11-01_11-25-32

Чытайце таксама: «Я – беларус! І гэтым ганаруся». Цэнтр культуры «Полацк» запрашае разам адзначыць Міжнародны дзень роднай мовы

«Дайце Казе сала, каб яна ўстала!». Як у Полацку святкуюць Каляды па традыцыях продкаў

 

Оставайтесь с нами в социальных сетях: 

insta   58cbe3ace31ff15adc715b82  





КЛЮЧЕВЫЕ СЛОВА




Не вижу код