З велікоднымі віншаваннямі да вернікаў звяртаюцца ў гэтыя святочныя дні іерархі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Публікуем зварот біскупа Віцебскага Алега Буткевіча на Вялікдзень-2025.
«Паважаныя браты і сёстры ў Хрысце, людзі добрай волі!
«Калі ж вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях…» (Клс 3,1).
Хрысціянскі свет адзначае сваё найбольшае Свята – Уваскрасенне Езуса Хрыста. Паводле сведчання апосталаў, гэтая падзея стала фактам, якому нельга было запярэчыць і які ў іх жыцці стаў па-сапраўднаму зваротным момантам. Змяніўшы бег гісторыі народаў і цэлых кантынентаў, праўда пра Уваскрослага Божага Сына дайшла да нашых дзён і надалей з’яўляецца крыніцай надзеі і моцнага пераканання ў магчымасці перамогі жыцця над смерцю, дабра над злом, праўды над падманам, вернасці і адданасці над абыякавасцю і маладушнасцю.
Свята Уваскрасення Хрыста вучыць нас, што гэтая перамога можа і павінна здзейсніцца перадусім у душы, у сэрцы чалавека. Там, дзе свой пачатак бярэ грэх, там таксама шчодра разліваецца і Божая ласка (пар. Рым 5, 20). Уваскрэснуць з Хрыстом – азначае прыслухацца да Ягонага Слова і прыняць Яго ўсім сваім сэрцам.
Сёлета наша грамадства святкуе 80-годдзе перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Над той “карычневай чумой” ХХ стагоддзя, якая знішчыла дзясяткі мільёнаў людскіх жыццяў. Бесчалавечнасць Другой сусветнай вайны, зрэшты, як і кожнай іншай, вынікае з непрыняцця або памылковага разумення праўды пра чалавека як істоты, створанай на Божы вобраз і падабенства, з чаго паходзіць яго годнасць і каштоўнасць яго жыцця. Бо, як кажа Святое Пісанне, “у Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей” (Ян 1,4), а таксама, “каб мы паверылі, што Езус – гэта Хрыстус, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае” (Ян 20,31). Жыццё, якое Ён выслужыў нам праз пакутніцкую смерць ка крыжы і ўваскрасенне. Таму вяртанне духоўнасці і маралі ў жыццё чалавека, як асабістае так і грамадскае, – неабходная ўмова выключэння такіх трагедый у будучым.
Жыць і будаваць свет годны і штораз больш прыдатны для кожнага чалавека – пра гэта нагадвае нам сёння Каталіцкі Касцёл, таксама святкуючы Юбілей 2025-цігоддзя Хрысціянства. У сваім пасланні на 58 Сусветны Дзень Міру Папа Францішак кажа так: “…Юбілей – падзея, якая напаўняе сэрца надзеяй. Гэта ўрачысты заклік, які павінен гучаць па ўсёй зямлі, каб адбудаваць Божую справядлівасць у розных сферах жыцця: у карыстанні зямлёй, у валоданні дабротамі, у адносінах з бліжнімі, асабліва з найбольш беднымі і адрынутымі…, бо ніхто не прыходзіць у гэты свет, каб яго прыгняталі. Мы браты і сёстры, дзеці аднаго Айца, народжаныя быць свабоднымі па волі Госпада” (58 СДМ, 2).
Уваскрасенне Хрыста – гэта свята надзеі. Няхай яна ніколі нас не пакідае, але хай схіляе нашыя сэрцы да той крыніцы Жыцця і Праўды, крыніцы Міласэрнай Любові, якую мы маем ва Уваскрослым Хрысце! Яго блаславенне няхай спачне на кожнай вашай сям’і, на кожным доме і на ўсёй нашай роднай Беларусі!
Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос! Са Святам!
+ Алег Буткевіч,
Біскуп Віцебскі».