Агонь міру, запалены ад нязгаснай лампады ў храме нараджэння Хрыста ў Віфліеме, быў перададзены ў Полацк. Яго ўрачыста сустрэлі ў касцёле святога Андрэя Баболі. Кожны з прысутных змог запаліць ад святла міру свае свечкі, каб занесці дадому і потым памаліцца ў коле сям’і і блізкіх.
Фота: Кірыл Смалякоў

Нагадаем, што вечарам 17 снежня на нейтральнай тэрыторыі паміж Польшчай і Беларуссю, на прапускным пункце «Кузніца Беластоцкая – Брузгі», польскія скаўты перадалі сваім беларускім калегам Віфлеемскі агонь міру.
18 снежня ён быў ўрачыста ўнесены ў катэдральны касцёл св. Францішка Ксаверыя ў Гродна, а на наступны дзень – у мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

Затым каталіцкія скаўты пачалі развозіць агонь па ўсёй краіне. Было запланавана перадаць яго ў больш чым 150 рыма-каталіцкіх і грэка-каталіцкіх беларускіх парафій.
Сёлетняя акцыя перадачы Віфлеемскага агню праходзіць пад дэвізам «Развівай дабро ў сабе». Гэта значыць, што, каб рабіць свет лепшым, трэба пачынаць з сябе, развіваць уласныя добрыя якасці і клапаціцца аб добрых адносінах. Разам з перадачай Віфлеемскага агню сімвалічна перадаецца пасланне міру, каб, падобна як ззяе гэты агонь, у свеце ззяла надзея, якую немагчыма пагасіць.








