23 лютага ў Полацку адбудзецца доўгачаканая прэзентацыя аднаго з самых цікавых дзіцячых выданняў года – беларускамоўнай азбукі ад палачанкі Ганны Шчуко.
«Свет літар пані Понюшкі» – гэта дзіцячая азбука з 33 яркімі маляванымі гісторыямі для кожнай літары беларускага алфавіту. Кожны малюнак аб'ядноўвае прадметы і персанажы, якія пачынаюцца на пэўную літару. Кніга парадуе дзяцей дашкольнага ўзросту і прыдасца ўсім, хто толькі пачынае вывучаць беларускую мову. Гэта цудоўны падарунак любому маленькаму чытачу незалежна ад мовы гадавання.
Кнігу прыдумала і намалявала пані Понюшка, яна ж Ганна Шчуко - архітэктарка паводле адукацыі, а ў жыцці мастачка, аматарка этнаграфіі, майстарка народных рамёстваў, мама. А грошы на тое, каб кніга з'явілася, збіраліся з дапамогай краўдфандынгу.
– Гэтая азбука атрымалася вельмі незвычайная. З аднаго боку яна створана, каб пазнаёміць дзяцей з алфавітам, а з іншага боку персанажы ў ёй жывуць сваім жыццём, узаемадзейнічаюць адзін з адным. Яна поўная колеру, простай наіўнасці, аўтарскага гумару, займальных дэталяў. Сапраўды, унутры схаваны цэлы сусвет, з якім, спадзяюся, неўзабаве мы зможам блізка пазнаёміцца, узяўшы ў рукі сапраўдную папяровую кнігу «Свет літар пані Понюшкі», – распавяла gorod214.by спадарыня Ганна.
Полацкі музей ткацтва запрашае ўдзелам у прэзентацыі азбукі 23 лютага адсвяткаваць Дзень роднай мовы. Пачатак а 15 гадзіне. Уваход вольны.
Нагадаем, што 21 лютага ў свеце адзначаецца дзень роднай мовы. Так сталася, што ў Полацку і Наваполацку няма школ з беларускай мовай выкладання.
Чытайце таксама:
Як у сярэднявечным Полацку «посцілі коцікаў» на сцяне царквы
Даведаліся, як дракар у Полацку да зімы рыхтавалі: ФОТА і каментар гісторыка
В Полоцке детям показывают самую настоящую батлейку. Посмотрите, как это красиво (фото)