Літаратурны фестываль «Pradmova» завітае ў Полацк у першую нядзелю сакавіка. Да нас прыедуць лепшыя беларускія аўтары і аўтаркі, каб разам з чытачамі адзначыць сусветны дзень пісьменніка. Падрабязней пра свята інтэлектуальнай кнігі gorod214.by распавялі самі арганізатары.
Альгерд Бахарэвіч, Фото: Максім Тарналіцкі, people.onliner.by
– Ад Полацка, як вядома, пачаўся свет, а мы пачынаем наш літаратурны фестываль у горадзе Еўфрасінні і Скарыны, у цэнтры Еўропы. Больш за тое – у сусветны дзень пісьменніка, 3 сакавіка ў кавярні «Раздол» (вул.Талстога,15) з 11:00 да 21:00. Адзначым свята ў кампаніі пісьменнікаў, музыкаў, выдаўцоў і іншых герояў нашага часу, – анансуюць імпрэзу яе арганізатары.
Хто прыедзе?
Альгерд Бахарэвіч і Юля Цімафеева, Марыя Мартысевіч і Стась Карпаў, Лявон Баршчэўскі і Зміцер Колас, Наста Кудасава і Дзмітры Строцаў, Зміцер Бартосік і Надзея Кахновіч, а таксама іншыя госці з ускраінаў Полацкага княства. Палачане таксама не застануцца ўбаку – Уладзімір Лобач, Алесь Аркуш, Міхась Баўтовіч, Лера Сом і шмат хто яшчэ! Спіс выступоўцаў яшчэ ўдакладняецца, сачыце за абнаўленнямі.
У праграме: паэзія, проза, спевы, падарункі, прызы – хлеб і відовішчы. Уваход вольны, выхад – толькі ў астрал сусветнай літаратуры: выдаўцы «Паэтаў Планеты» пазнаёмяць вас са свежавыдадзенымі перакладамі на беларускую мову Марка Валерыя Марцыяла, Фрыдрыха Шылера, Адама Міцкевіча, Ўола Ўітмэна, Арцюра Рэмбо, Ўільяма Блэйка, Марыны Цвятаевай, Томаса Вянцлавы і іншых сусветна вядомых аўтараў.
Кірмаш будзе?
Сапраўды, у «Раздоле» 3 сакавіка можна будзе не толькі паслухаць аўтараў і музыкаў, але і набыць кнігі і нават атрымаць аўтографы. А таксама падыскутаваць пра надзённае і даведацца ўсю праўду пра нашы літаратурныя прэміі.
Як паведамілі gorod214.by у сталічнай «Акадэмкнізе», яны прывязуць у Полацк 3 сакавіка беларускі нон-фікшн, лепшыя кнігі лютаўскай кніжнай выставы ў Мінску, а таксама самыя папулярныя мастацкія творы сучасных аўтараў – Віктара Марціновіча, Альгерда Бахарэвіча, Андруся Горвата і шмат каго яшчэ.
Старонкі фестываля ў ВК і Facebook
Чытайце таксама: