Аляксандра Абраменка, Валерыя Шэндзель, Паліна Залатарова, Лізавета Каспяровіч — полацкія школьніцы. А яшчэ — удзельніцы і чэмпіёнкі юніёрскіх Міжнародных спаборніцтваў, першынстваў Беларусі, магчыма, і будучыя ўдзельніцы Еўрапейскіх і Алімпійскіх гульняў. Смелыя, загартаваныя, вынослівыя выхаванкі спецыялізаванай Дзяржаўнай вучэбна-спартыўнай установы «Віцебскі абласны цэнтр алімпійскага рэзерву па вяслярных відах спорту», якая знаходзіцца ў Полацку, кожны дзень наведваюць прыгожы сучасны, падобны на ветразь, будынак на беразе Дзвіны — вучэбна-трэніровачны комплекс Цэнтра алімпійскага рэзерву. Трэніруюцца ў спартыўных залах, аснашчаных сучаснымі трэнажорамі, «плаваюць» у штучным закрытым вяслярным басейне, а ў вясенне-летні сезон вяслуюць па шырокай ды імклівай Дзвіне — назапашваюць спартыўныя спрыт і досвед.
Цэнтр алімпійскага рэзерву ў Полацку выхоўвае будучых спартсменаў па акадэмічным веславанні, весляроў на каноэ і на байдарках. Тым самым працягвае летапіс Полацкай школы веславання, які пачаўся з 1973 года. У 2011 на базе старой школы ўзведзены шыкоўны комплекс, які ўключае ў сябе вучэбна-трэніровачныя залы, гасцініцу, кафэ.
Цяпер у Цэнтры займаюцца 312 падлеткаў і юнакоў. Сярод іх — 77 дзяўчат. Апякуюцца над будучымі зоркамі трэнеры вышэйшай і першай трэнерскай катэгорыі, майстры спорту СССР і міжнароднага класа, заслужаныя трэнеры, пераможцы першынстваў Еўропы і свету.
Адным з такіх тытулаваных трэнераў Цэнтра з'яўляецца Міхаіл Камінскі, на занятках якога мне пашчасціла пабыць. У секцыі акадэмічнага веславання, якую вядзе Міхаіл Іванавіч, займаюцца 6 юнакоў і 10 дзяўчат.
Штодня зранку, перад заняткамі ў агульнаадукацыйнай школе, яго выхаванцы «разаграюцца» на сілавых адмысловых трэнажорах, асвойваюць штучнае веславанне. Пасля школы — зноў трэніроўкі, але гэтым разам на адкрытым паветры і сапраўдных лодках.
Весляры настройваюць металічныя канструкцыі пад вёслы, зносяць свае персанальныя «адзіночкі», «двойкі» і «чацвёркі» да вады, каб працаваць да стомы, да мазалёў. Сёлета трэніровачны сезон на Дзвіне пачаўся ў першых чыслах сакавіка.
Анатоль КЛЯШЧУК. Фота аўтара
Чытайце таксама: «Мне было страшно». Новополочанин Геннадий Лаптев выиграл чемпионат Европы по тяжелой атлетике (ВИДЕО)