Музей беларускага кнігадрукавання – адзіны ў Беларусі і адзін з нешматлікіх на постсавецкай прасторы музеяў кнігадрукавання, які прысвечаны не проста стварэнню друкаванай кнігі, а ўсёй гісторыі беларускай кнігі ў кантэксце сусветнага развіцця пісьменства і кніжных традыцый.
Музей ствараўся на хвалі нацыянальнага адраджэння на зломе дзвюх эпох, калі дзякуючы даследчыкам імя ўсходнеславянскага першадрукара Францыска Скарыны трывала ўвайшло ў наша жыццё. 8 верасня гэтага года Музей беларускага кнігадрукавання адсвяткуе сваё 30-годдзе.
Друкаваныя кнігі ў музеі прадстаўлены ад скарынаўскіх часоў. Адна з самых каштоўных – кніга «12 прамоў» Дж. Фалеці, што выйшла ў 1558 г. у Венецыі ў выдавецкім доме Альдаў, дзе ў свой час, як лічыцца, навучаўся друкарскай справе Скарына.
Гэта старэйшае італьянскае сямейнае выдавецтва, якое з'яўляецца равеснікам нашага земляка (заснавана ў 1494 г.). Назва «альдзіны» стала агульнай і пачала суадносіцца з высокай якасцю друкаванай кнігі. Яго ўладальнікі нават увялі свой выдавецкі знак, каб пазбегнуць падробак.
Разам з тым, яны імкнуліся зрабіць кнігу даступнай, першымі пачалі выкарыстоўваць так званы кішэнны фармат выданняў, увялі курсіў. Наша «альдзіна» – самая старая друкаваная кніга ў зборы Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Яна ўключана ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.
У тым жа спісе і «Евангелле вучыцельнае», выдадзенае ў 1595 г. у Вільні, у друкарні братоў Мамонічаў. Уяўляе сабой перавыданне першага на беларускіх землях друкаванага Евангелля з каментарыямі, якое выдалі ў 1569 г. Іван Фёдараў і Пётр Мсціславец.
Сярод іншага ў кнізе ўпершыню надрукаваны тэкст «Слова на ўшэсце» Кірылы Тураўскага. Фактычна новы тып выдання стаў вельмі папулярным і неаднаразова перавыдаваўся не толькі ў Рэчы Паспалітай, але і ў Масковіі. «Евангелле вучыцельнае» – самае старое кірылічнае выданне ў фондах Полацкага запаведніка.
Адным з самых цікавых, хаця і не самых старых, лаціна-польскіх выданняў з'яўляецца выданне перакладу «Статута Вялікага Княства Літоўскага» на польскую мову, выкананае віленскімі езуітамі ў 1693 г.
Езуіты друкавалі гэты тэкст тройчы, у музеі прадстаўлена самае першае выданне. Цікава, што многіх юрыдычных тэрмінаў у тагачаснай польскай мове проста не было, і старабеларускія словы былі пераняты мовай-суседкай.
Аналагічнага выдання няма нават у адным з буйнейшых кніжных збораў – Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Музею беларускага кнігадрукавання кнігу падарыў вядомы айчынны пісьменнік Алесь Петрашкевіч.
Фота: Сяргей Крышэн
Все выпуски проекта «Цуды полацкіх музеяў»:
Каменная икона ХІІ века с Верхнего замка и другие чудеса Художественной галереи Полоцка (Фотографии)
Старый Полоцк в миниатюре, или ТОП-3 самых интересных экспоната «Домика Петра I»
Цуды полацкіх музеяў. Паглядзіце на самыя цікавыя рэчы з Музея традыцыйнага ткацтва Паазер'я