У гэтыя дні ў вёсцы Гарадзішча пад Мінскам праходзяць археалагічныя раскопкі. Яны стартавалі ў панядзелак, 20 ліпеня, і археолагі ўжо здзейснілі шэраг значных знаходак. У тым ліку, меркавана, звязаных з Полацкам.
Фота: Глеб Лабадзенка.
Раскопкі ладзяць на тэрыторыі сядзібы-музея «Стары Менск», які, дарэчы, распачаў працу усяго месяц таму. Сядзіба месціцца ў вёсцы Гарадзішча, каля самага замчышча на рацэ Менцы. Кіруе даследаваннямі кандыдат гістарычных навук, супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, археолаг Андрэй Вайцяховіч.
Андрэй Вайцяховіч. Фота: Глеб Лабадзенка.
Ладзяць раскопкі з дапамогай валанцёраў. Адзін з іх — журналіст Глеб Лабадзенка, які распавёў Gorod214.by пра знойдзеную кераміку з выявай трызуба:
— Мы знайшлі, хутчэй за ўсё, былую хату — печ і два гаршкі. У першы ж дзень раскопак — донца гаршка з трызубам. Ёсць розныя меркаванні, хтосьці гаворыць, што гэта проста знак майстра. Але многія даследчыкі перакананыя: такі знак сведчыць аб сувязі з дваром полацкага князя Усяслава Чарадзея.
Фота: Глеб Лабадзенка.
Сталіца княства, як вядома, была ў Полацку, а тут, на Менцы, месцілася рэзідэнцыя князя. Самае першае донца з трызубам на гэтай тэрыторыі ў 1975 годзе знайшоў знаны археолаг, вядомы даследчык Полацкай зямлі Георгій Штыхаў. Сёння яно захоўваецца ў музеі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Донца гаршка з трызубам Х ст., якое знайшоў Георгій Штыхаў. Фота: miensk.by.
Дарэчы, у аўторак даследчыкі знайшлі яшчэ адзін фрагмент керамікі з выявай трызуба. «Можа, натрапілі на сервіз Усяслава Чарадзея?» — жартуе Глеб Лабадзенка.
Фота: Глеб Лабадзенка.
Журналіст распавёў, што ў афіцыйным дакуменце, атрыманым ад Акадэміі навук, сцвярджаецца: у X стагоддзі на гэтым месцы месціўся паўнавартасны горад, але людзі жылі тут як мінімум стагоддзем раней.
У першыя дні раскопак знайшлі пярсцёнак з арнаментам XI стагоддзя, фібулу, зуб і кіпець, верагодна, мядзведзя — збіраюцца паказаць заолагам.
Пярсцёнак. Фота: Глеб Лабадзенка.
Фібула. Фота: Глеб Лабадзенка.
Керамікі знайшлі шмат, і донцы з трызубам — не адзіная керамічная каштоўнасць.
— Большасць знойдзенай керамікі адносіцца да XI стагоддзя — з палоскамі, венчыкамі, характэрнымі для Менкі. Але ёсць некалькі кавалкаў ляпной керамікі. Як вядома, ляпная кераміка — гэта максімум пачатак X стагоддзя, бо пасля з’явілася ганчарнае кола і посуд сталі вырабляць з яго дапамогай. Знойдзеная ляпная кераміка сведчыць, што ўжо ў IX стагоддзі тут было жыццё, — распавёў Глеб Лабадзенка.
Знаходкі перададуць для вывучэння ў Акадэмію навук. Але існуе дамоўленасць, што пэўная іх частка пасля будзе перададзеная сядзібе-музею «Стары Менск» на дэпазіт.
Чытайце таксама: Як у сярэднявечным Полацку «посцілі коцікаў» на сцяне царквы