Стась Сілка ў адмысловым праекце GOROD214.BY распавядае пра чарговы цікавы будынак у Полацку. Нагадаем, што мы выбіраем не самыя папулярныя пабудовы, якія добра ведаюць і палачане, і госці горада, а шукаем невідавочныя разынкі гарадской архітэктуры.
Цэнтр Полацка хавае ў сабе безліч таямніц. Прафесійныя гісторыкі і аматары-краязнаўцы па драбніцах збіраюць інфармацыю, каб поўна ўяўляць сабе, як выглядаў і развіваўся горад у розныя перыяды свайго існавання.
Але не менш цікавыя і раёны Полацка, адзін з іх – Грамы. Як асобны раён гораду ён сфарміраваўся ў першай палове 20 ст. дзякуючы будаўніцтву там станцыі «Полацк-2» з так званым «Мікалаеўскім вакзалам» і адпаведнай чыгуначнай інфраструктурай пры ім.
На вялікі жаль, будынак вакзала станцыі «Полацк-2» быў разбураны пад час Вялікай айчыннай вайны, але захаваліся некаторыя будынкі, якія абслугоўвалі чыгунку і чыгуначнікаў. Сярод іх будынак мужчынскай чыгуначнай гімназіі/вучэльні/школы, які сёння мы з вамі і разгледзім.
Будынак гімназіі з чырвонай цэглы з’явіўся на гэтым месцы ў 1914 г. бо праца на чыгунцы, нават простым рабочым, патрабавала адукаванасці. Тады і паўстала чыгуначная гімназія, якая месцілася ў будынку з чырвонай цэглы, што цяпер знаходзіцца па адрасе вул. Чыгуначная, 39.
Вучыліся ў такіх установах часцей за ўсё дзеці чыгуначнікаў, якія сталі сяліцца каля станцыі. У хуткім часе гімназія стала сярэдняй школай №59, пасля школай №46 станцыі Полацк Беларускай чыгункі. Школа змяняла сваю нумарацыю, але заставалася абслугоўваючым падраздзяленнем чыгункі.
Гараджане, што жылі блізка і вучыліся там, называлі яе «Чырвонай школай» – у адпаведнасці з колерам. Асабліва актуальнай стала гэта назва, калі ў 1956 г. для школы №46 узвялі новы светлы будынак непадалёк і вучні ўрачыстым маршам пакінулі старую школу.
Пазней, у савецкі час, у будынку месцілася вячэрняя школа № 5 для палачан. На дадзены момант будынак былой чыгуначнай школы і гімназіі належыць Полацкай епархіі.
Цікава было б убачыць у каментарах гісторыі «грамаўскіх» старажылаў пра гэты будынак і іншыя цікавосткі вашага раёну!
Фота: Кірыл Смалякоў
Іншыя выпускі спецпраекта пра полацкія будынкі:
Романтичный железнодорожный вокзал. Новый выпуск спецпроекта о самых интересных зданиях Полоцка
Новый выпуск спецпроекта о самых интересных зданиях Полоцка. Рассказываем о лесном колледже