Главная > Новости > Общество > Камуністычная альбо Азараўская, Фрунзе ці Рагвалода: якія назвы павінны мець вуліцы Полацка? Меркаванне


Камуністычная альбо Азараўская, Фрунзе ці Рагвалода: якія назвы павінны мець вуліцы Полацка? Меркаванне

10:32, 14.03.2021 5233 Источник: gorod214.by

Праблему старых, сучасных і будучых назваў вуліц у Полацку уздымае ў сваім тэксце аматар полацкай гісторыі Вадзім Цітоў. GOROD214.BY друкуе яго матэрыял і прапаноўвае чытачам выказваць свае думкі наконт узнятай тэмы ў нашых сацыяльных сетках.

DSC_5151

Не так даўно гарадскія ўлады апублікавалі план развіцця Полацка на бліжэйшыя гады. Такія праекты выклікаюць шчыры інтарэс у жыхароў горада. Адкрыўшы на экране дэтальную схему рэгенерацыі, хтосьці шукае доўгачаканы дзіцячы садок у сваім раёне, хтосьці – новы кінатэатр, хтосьці – турыстычную інфраструктуру на Верхнім замку і г.д.

У 2007 годзе мы ўжо бачылі праграмму развіцця Полацка на 2008-2012 гады. Рэалізавана была малая частка. Праблема была і ёсць адна і тая ж – грошы. Пытанне застаецца адкрытым і нараджае скептытызм. Але давайце паглядзем на гэта з іншага боку. Падобныя праекты, нягледзячы на сваю амбітнасць і ў пэўным сэнсе фантастычнасць, маюць безумоўную карысць. Ёсць магчымасць спачатку ўсё абмеркаваць, а потым (ну, калі грошы знойдуцца) зрабіць. Бо бывае наадварот – тэрміновае асваенне наяўных сродкаў дае вынік, які выклікае абурэнне.

DSC_5143  

На вялікі жаль, у праекце рэгенерацыі гістарычнага цэнтра Полацка няма рэгенерацыі тапанімікі. Чаму для цяперашняй адміністрацыі горада гэта "немэтазгодна", сказаць цяжка. Але праблема маецца і прыйдзе час, калі яе давядзецца вырашаць. Чаму б зараз не спрабаваць яе абмяркоўваць і распрацоўваць крокі да ўзважлівай рэалізацыі.    

Гісторыя Полацка, якая налічвае больш за тысячу гадоў, пакінула нам у спадчыну не толькі велічныя храмы, славутыя імёны князёў, мысляроў, рэлігійных дзеячаў, але і гарадскую тапаніміку – назвы вуліц, плошчаў, мясцовасцей і г.д. Гэтыя назвы ўяўляюць сабой не меншую каштоўнасць. Са зменай эпох змяняліся і назвы вуліц. У некаторых выпадках – натуральным чынам (безназоўная вуліца стала Стралецкай), у некаторых – навязваліся чужыя гораду і краіне каштоўнасці (вул. Віленская → вул. Дзяржынскага).

DSC_5192

З набыццём незалежнасці назіраліся адзінкавыя прыклады вяртання гістарычнай полацкай тапанімікі (Крыжовая; Горкага → Стралецкая; Леніна → Ніжне-Пакроўская; плошча Леніна → плошча Свабоды), гэтаксама як і наданне вуліцам назваў у гонар знакамітых людзей горада і краіны (Фрунзэ → Еўфрасінні Полацкай, праспект Карла Маркса → праспект Францыска Скарыны), але гэтая практыка не набыла ўсеагульны характар.

Аднак відавочна, што зробленае было мэтазгодным і не выклікае ні пярэчанняў з боку месцічаў, ні здзіўлення з боку турыстаў. Згадзіцеся, што шпацыраваць па вуліцы з імем нашай асветніцы і першадрукара, безумоўна, больш прыемна.   

DSC_2454

Для адраджэння гістарычнай тапанімікі Полацка, якая б адлюстроўвала яго даўнюю гісторыю, для развіцця яго турыстычнай прывабнасці, фарміравання ў жыхароў горада гонара за сваю гісторыю, прапануем зрабіць шэраг зменаў у назвах вуліц. Не будзем раглядаць усе вуліцы, якіх больш за сотню. Возьмем толькі гістарычны цэнтр горада. Умоўна акрэслім тры группы – у залежнасці ад ступені неабходнасці (першачарговасці) гэтых зменаў. 

Група 1. Вяртанне старадаўніх гістарычных назваў у абавязковым парадку.

Гэта наступныя вуліцы:

Камуністычная → Азараўская (Азаравая);

Войкава → Невельская;

Леніна → Узнясенская;

Энгельса → Наддзвінская;

Свярдлова → Задзвінская;

Дзяржынскага → Віленская;

Валадарскага → Гарбузоўская.

Вышэйпералічаныя назвы адлюстроўваюць неадназначны перыяд у нашай гісторыі. Пётр Войкаў прымаў удзел у растрэле царскай сям’і і знішчэнні слядоў забойства — падпісаў дакумент пра выдачу вялікай колькасці сернай кіслаты для знішчэння забітых.

DSC_5162

Уладзіміра Леніна прадстаўляць не трэба. Вялікая фігура ў гісторыі, безумоўна. Але толькі лянівы не знаёміўся з матэрыяламі, якія раскрываюць тое, што стаяла за яго веліччу. Прывядзем толькі адну цытату з тэлеграмы Леніна 1918 года:

"Восстание пяти волостей кулачья должно повести к беспощадному подавлению. Этого требует интерес всей революции, ибо теперь взят "последний решительный бой" с кулачьем. Образец надо дать. Повесить (непременно повесить, дабы народ видел) не меньше 100 заведомых кулаков, богатеев, кровопийц. Опубликовать их имена. Отнять у них весь хлеб. Назначить заложников — согласно вчерашней телеграмме. Сделать так, чтобы на сотни верст кругом народ видел, трепетал, знал, кричал: душат и задушат кровопийц кулаков".

Фрыдрых Энгельс – нямецкі філосаф і эканаміст. Якое дачыненне ён мае да Полацка і Беларусі? Ніякага. Якаў Свярдлоў – адзін з арганізатараў "чырвонага тэрора" і "расказачвання", вітаў растрэл імператара Мікалая ІІ і яго сям’і.

DSC_2452

Фелікс Дзяржынскі – кіраўнік "чырвонага тэрору", які праводзіўся бальшавікамі ў гады Грамадзянскай вайны. Стваральнік савецкай рэпрэсіўнай машыны, пікам дзейнасці якой сталіся 30-я гады ХХ стагоддзя. Кошт для Беларусі – тысячы забітых і закатаваных. 

Валадарскі – псеўданім Маісея Гальдштэйна, дзеяча расійскага рэвалюцыйнага руху. Адзначыўся  кіраваннем рэпрэсіямі ў дачыненні да апазіцыйнай прэсы. З Полацкам і Беларуссю ніяк не звязаны. Загінуў у 1918 г. Гвалтоўная смерць Валадарскага ўзняла на прасторы СССР хвалю  ўвекавечвання яго імя ў назвах геаграфічных аб’ектаў, вуліц, заводаў і г.д.

Ці трэба дыскутаваць і тлумачыць мэтазгоднасць прыбірання імёнаў тыранаў і забойцаў з нашых вуліц (прычым не толькі ў Полацку)? У гэтай жа групе згадаем вуліцу Кастрычніцкую і Рэвалюцыйную.



DSC_5168

Гістарычных (папярэдніх) назваў вуліца Кастрычніцкая не мела. Але існая назва – ў гонар не восенькай прыгажосці, а бальшавіцкага перавароту, таму, на наш погляд, вельмі дарэчы было б надаць ёй іншае імя. Адзін з годных варыянтаў – імя Ўсяслава Чарадзея. Імя вялікага князя несправядліва адсутнічае ў назвах полацкіх вуліц. У такім разе помнік годнай асобе будзе знаходзіцца акурат на вуліцы з яго імем.

Вуліца Рэвалюцыйная мае толькі чатыры дамкі. Верагодна, гэта ўсё, што засталося ад вуліцы Крапасной, што раней цягнулася ў кірунку паўночны захад – паўднёвы ўсход ад Палаты да Гандлёвай плошчы, дзе сёння знаходзіцца сквер ля кінатэатра Радзіма.

Маркерам былой Крапасной вуліцы ёсць будынак, што сёння мае адрас вуліца Францыска Скарыны, 6. У пачатку ХХ стагоддзя ў гэтай камяніцы месцілася кантора паравога млына братоў Левіных. Вяртанне назвы Крапасная – ці не павага да гісторыі і ці не стымул даведацца, што за "крэпасць" на ўскрайку старажытнага горада?

DSC_2437

Група 2. Вяртанне старадаўніх гістарычных назваў у неабавязковым парадку наступным вуліцам:

Талстога → Прабойная;

Гогаля → Вакзальная;

Пушкіна → Старавакзальная;

Францыска Скарыны → Плігаўская.

Тлумачым. Імёны рускіх пісьменнікаў належаць да сусветнай спадчыны, але ніяк не звязаны з гісторыяй Полацка. Вуліца Прабойная вядомая яшчэ прынамсі з XVI стагоддзя. Цікавая тым, што раней пачыналася ад Палаты і выходзіла да Дзвіны да "перавозу". Разам з Вакзальнай і Старавакзальнай адлюстроўвае гісторыю забудовы і развіцця гістарычнага цэнтра нашага горада.

Што да "Францыска Скарыны → Плігаўская", то ў горадзе ёсць праспект і плошча, названыя ў гонар нашага першадрукара. Вуліца з тым жа імем часам прымушае пры размовах ўдакладняць, "Скарыны" – гэта па вуліцы ці па праспекце? Вяртанне вуліцы Плігаўскай не будзе праявай непавагі да знакамітага палачаніна.

Падкрэслім неабавязковасць змены існых назваў. Магчыма, рацыянальным тут было б скарыстацца ўжо адпрацаванай у іншых гарадах Беларусі практыкай: робяцца адмысловыя шыльды з указаннем цяперашняй і былой назвай вуліцы.

DSC_2451

Група 3. Перайменаванне асобных вуліц горада (дыскусійна).

Узгадаем Бальнічны завулак, 2-гі завулак Фрунзе. На Верхнім замку ад бальнічнага комплекса цяпер застаўся толькі ўспамін і Бальнічны завулак. Будзем спадзявацца, развіццё гэтай часткі Полацка пойдзе ў турыстычным рэчышчы. Было б мэтазгодным надаць завулку іншую назву (калі толькі завулак не будзе ўвогуле ліквідаваны).

DSC_5147

Тут могуць разглядацца розныя варыянты – ад Яна Баршчэўскага (выпускніка Полацкага езуіцкага калегіума, аўтара знакамітага "Шляхціца Завальні") ды Вацлава Ластоўскага (аўтара твора "Лабірынты" пра Полацк) да Базыльянскай (ля Сафійскага сабора ў ХVIII стагоддзі быў узведзены велічны комплекс будынкаў базыльянскага манастыра).  

Полацкае гарадзішча знаходзіцца побач з Чырвоным мостам. Адсюль пачынаўся наш горад. Тут жылі Рагвалод і Рагнеда. Чаму б не назваць завулак іх імёнамі? Калісьці з Полацкага гарадзішча зробяць прывабны турыстычны аб’ект (пакуль месца абазначана толькі сціплай плітой з надпісам). Відавочная дысгармонія – 2-і завулак Фрунзе (рэвалюцыянер, ваеначальнік савецкага перыяду) і Полацкае гарадзішча, якому больш за тысячу гадоў.    

DSC_2435

На заканчэнне хочацца сказаць: крокі па змяненні назваў мусяць праходзіць павольна і абавязкова ў супрацы з гісторыкамі і іншымі спецыялістамі. Неабходна таксама ладзіць грамадскія абмеркаванні. Гэты артыкул не прэтэндуе на адназначнасць ці вычарпальны характар. Але ж з чагосьці трэба пачынаць?  

DSC_2422

DSC_2447

DSC_5117

DSC_5191

*Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі

Чытайце таксамаРассказываем, когда на вокзале в Полоцке был шпиль, и ответы на еще четыре фотозагадки из истории города

Чего не хватает туристам в Полоцке, вернется ли фестиваль «Рубон»? Поговорили с профессиональным экскурсоводом

Оказывается, у Полоцка есть своя особенная кухня. Поговорили с авторами первой кулинарной книги региона о том, что и как ели наши предки

Оставайтесь с нами в социальных сетях: 

insta   58cbe3ace31ff15adc715b82  



Автор: Вадзім Цітоў




Не вижу код