Главная > Новости > Культура > «Вялікі паэт і вялікі чалавек»: у Полацку адкрылася выстава ў гонар Генадзя Бураўкіна – аўтара той самай Калыханкі, якую ведае кожны беларус


«Вялікі паэт і вялікі чалавек»: у Полацку адкрылася выстава ў гонар Генадзя Бураўкіна – аўтара той самай Калыханкі, якую ведае кожны беларус

08:21, 29.08.2021 3220 Источник: gorod214.by

У полацкім Музеі беларускага кнігадрукавання адкрылася выстава да 85-годдзя Генадзя Бураўкіна. Ніжэй можна паглядзець яе фотаздымкі, а напісаць колькі словаў пра паэта мы папрасілі літаратара Алеся Аркуша. 

DSC_3589

Што мяне прыемна здзіўляла ў Генадзе Мікалаевічу, дык гэта яго чалавечая шчырасць і прыязнасць. З ім было надзвычай проста размаўляць, бо ты заўсёды адчуваеш ягоную павагу да суразмоўцы. Прычым не істотна, ці размаўляе ён з нейкім паважаным, сталым чалавекам, ці з зусім юным, наіўным, а часам яршыстым.

З Генадзем Мікалаевічам я пазнаёміўся ў 1990 годзе, калі ён прыехаў у Наваполацк на сустрэчу з землякамі. Ведаю дакладна год, бо Генадзь Мікалаевіч тады падпісаў мне свой зборнік вершаў «Гняздо для птушкі радасці»: «Алесю Аркушу – з верай і надзеяй, па-сяброўску. 7.2.1990.»

DSC_3562

Вера і надзея хіба што былі любімыя словы Бураўкіна. Ён непахісна верыў у Беларусь, у беларускую літаратуру, у беларускі народ і беларускі лёс. І не проста верыў, а рупіўся і старанна працаваў на беларускай ніве. Усе мы добра ведаем пра ягоную працу кіраўніком беларускага тэлебачання і пра ягоны клопат як грамадскага дзеяча. Ну але перадусім ён быў паэтам. Для мяне таксама было дзіўным, як чалавек, які, можна сказаць, вялікі чыноўнік, і пры гэтым захоўвае сваю лірычную душу. Дастаткова прачытаць хаця б ягоны зборнік вершаў пра каханне «Пяшчота». Ніякая чыноўніцкая пыха да яго не прыставала.

DSC_3588

Генадзь Мікалаевіч лічыў сябе палачаніным, хоць дзяцінства яго прайшло на Расоншчыне, дзе ён нават закончыў 8 класаў. А ўжо дыплом аб сярэдняй адукацыі ён атрымаў у Полацку, куды пераехалі яго бацькі на пачатку 50-х. Дарэчы паэтычны дэбют Бураўкіна адбыўся як раз у Полацку - у полацкай раённай газеце.

DSC_3585

Тут у Полацку, дакладней у Калектыўным, жыла яго маці, якую ён часта наведваў. Цікавіўся ён і грамадска-культурніцкім жыццём старажытнага горада. Прыемна было бачыць Генадзя Мікалаевіча на ўрачыстасці адкрыцця навучальных карпусоў ПДУ у будынках былога езуіцкага калегіюма. Ён быў сярод ганаровых гасцей свята, казаў сваё слова з універсітэцкіх прыступак, прачытаў свой верш. Было гэта сімвалічна і прыгожа.

DSC_3570

Мы перыядычна недзе сустракаліся – на розных імпрэзах, прэзентацыях. Час ад часу сазвоньваліся. Я некалькі разоў браў у Генадзя Мікалаевіча інтэрв“ю, адно з якіх друкавалася ў часопісе Arche. Працяглую гутарку я меў з ім у Вільні на святкаванні 100-годдзя газеты «Наша Ніва» у 2006 годзе. Тады ён расказваў і пра сваю маладосць, і пра Янку Журбу, да якога наведваўся са школьнай падшэфнай дапамогай. Але найбольш мне запомнілася, як адзначалі ў адной кампаніі персанальную выставу Сержука Цімохава ў майстэрні мастака. Было ў нас шмат часу пагутарыць, абмеркаваць падзеі апошніх дзён, асобныя ўчынкі некаторых агульных знаёмых.

240820715_211968890806773_2534155275624023993_n

Генадзь Бураўкін і Алесь Аркуш, фота з прыватнага архіва

Час ад часу я слухаю дыктафонныя запісы з голасам Генадзя Мікалаевіча, якія рабіў у розныя гады, і тады паўстае адчуванне, нібыта старэйшы калега недзе побач і па-ранейшаму з ім можна паразмаўляць і параіцца. Ды і кнігі яго нікуды не зніклі. Летась нарэшце я сабраў поўны збор яго арыгінальных зборнікаў.



Неяк аднойчы, калі я яму тэлефанаваў, і традыцыйна звяртаўся на «вы», ён мяне паправіў: давай без «вы». І дадаў, што праз нейкі час, ужо не такі далёкі, мы будзем лічыцца паэтамі канца ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя, амаль як равеснікі. Я пасміхнуўся. Але казаць «ты» мне ўсё адно было складана. Бо гэта ж Генадзь Бураўкін. Вялікі паэт і вялікі чалавек.

DSC_3555

28 жніўня ў Музеі беларускага кнігадрукавання пачынае працаваць выстава, прысвечаная жыццю і дзейнасці Генадзя Бураўкіна. У музеі нагадваюць, што лірыка паэта напоўненая шчырасцю і сардэчнасцю, таму нездарма на многія яго вершы напісаны папулярныя песні: «Зачарованая мая», «Белы снег», «Малітва» і іншыя. «Калыханку» ж на словы Генадзя Мікалаевіча кожны вечар па тэлебачанні пяюць маленькім беларусам.

Нельга не адзначыць актыўную грамадскую і дзяржаўную дзейнасць Генадзя Бураўкіна на розных пасадах: старшыні Дзяржкамітэта БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні, дэпутата Вярхоўнага Савета БССР, пастаяннага прадстаўніка Беларусі ў ААН, намесніка міністра культуры, старшыні Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны і інш.

На выставе будуць прадстаўлены разнастайныя выданні, прадметы, фотаздымкі з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, а таксама з асабістага збору сям’і Бураўкіных.

DSC_3567

DSC_3571

DSC_5393

DSC_5394

DSC_3586

Фота: Кірыл Смалякоў

Чытайце таксамаМистический Полоцк и время, когда в Новополоцке был самый демократичный горсовет: новый выпуск подкаста о двух городах

Советовал белорусам учиться у украинцев, пережил войну, но потерял рукописи. История поэта, ставшего своим в Полоцке

«Танцы над горадам» і «Песня Дзвіны»: топ-10 кніг пра Полацк і палачанаў, якія варта прачытаць

Оставайтесь с нами в социальных сетях: 

insta   58cbe3ace31ff15adc715b82  







Не вижу код