Главная > Новости > Общество > Как под Новый год запрограммировать будущее? Ответ знает доктор исторических наук из Полоцка Владимир Лобач


Как под Новый год запрограммировать будущее? Ответ знает доктор исторических наук из Полоцка Владимир Лобач

11:15, 31.12.2021 3349 Источник: gorod214.by/

Почему Новый год – время чудес? Каким смыслом наделяли этот праздник наши предки, как заручиться поддержкой космоса и в чем сила вековых традиций? Об этом и не только мы поговорили с доктором исторических наук Владимиром Лобачем – известным белорусским этнологом, фольклористом, автором книг и статей, посвященных символично-ритуальным аспектам белорусской традиционной культуры, мифологии, семантики культурного ландшафта и сакральной географии.

P1010112 (1)

Владимир Лобач в одной из полевых экспедиций

–  Уладзімір Аляксандравіч, чым быў Новы год для нашых продкаў, якое месца займаў у шэрагу беларускіх традыцыйных свят?

– Гэта была не простая дата, фармальная веха на календары, але касмічны масток паміж старым, знямоглым светам і абноўленым, поўным стваральнай энергіі чарговым вітком жыцця. Бо само разуменне часу тады было не лінейным, як у нас сённяшніх, а цыклічным. Час уяўляўся бясконцай спіраллю, а кожны год быў своеасаблівым колам і надзяляўся матэрыяльнымі, фізічнымі якасцямі: нараджаўся, старэў і нарэшце паміраў, саступаючы месца новаму.Уласна каляндарны Новы год людзі традыцыі спраўлялі ўвесну (Вялікдзень), а той, які мы адзначаем зімой, быў звязаны з Калядамі – святам адраджэння маладога жыццядайнага Сонца.

IMG_5451

– У чым глыбінная сутнасць гэтага свята?

– Яно змяшчае ў сабе сімвалізм пачатку. Храналагічна прымеркаванае да зімовага сонцавароту, калі сонца нараджалася наноў, несучы на зямлю святло і жыццядайную сілу. Варта падкрэсліць, што нашыя продкі ўяўлялі сябе неад’емнаю часткаю адухоўленай прыроды і актыўнымі ўдзельнікамі быцця космасу. Жылі па  ягоных законах і рытмах, успрымалі за праўду тое, што нам здаецца міфам, казкаю, прыдумкай. Нездарма і Каляды як памежны перыяд паміж старым і новым светлавым годам з’яўляліся для тагачасных беларусаў як бы зонай надзвычайнай адказнасці чалавечага калектыву. Кожная рэч і дзея ў гэты час набывала знакавы характар і магла непасрэдна ўплываць на будучыню.

kaljdy6

– Як жа можна было запраграмаваць сабе лепшую долю?

– Найперш, патрэбна было дакладна выканаць увесь святочны сцэнарый. Гэта значыць, правільна справіць усе тры Куцці. Калядныя святкаванні доўжыліся два тыдні. Іх пачатак, сярэдзіну і завяршэнне адзначалі адмысловым абрадавым застоллем – Куццёй. Першая рытуальная вячэра (25.12/7.01) мела назву Поснай ці Вялікай куцці. Напярэдадні ў кожнай хаце наводзілася чысціня, гаспадары мыліся ў лазьні, што мусіла забяспечыць парадак і здароўе на будучы год. Гарантам атрымання долі для ўсяго роду з’яўлялася прысутнасць на каляднай вячэры ўсіх сямейных. Калі ж па важных прычынах кагосьці не было, гаспадар узгадваў яго імя – сімвалічна ўзнаўляў цэльнасць сям’і. Паказальна, што гэтая кансалідацыя адбывалася яшчэ і ў дыяхронным (міжпакаленным) сэнсе. За святочны стол запрашалі таксама душы памерлых продкаў (Дзядоў), чыя прысутнасць сімвалічна забяспечвала жыццёвую стабільнасць ўсяго роду. Нашчадкі павінны былі трымаць сябе з вялікай пашанаю, каб не абразіць Дзядоў.

gi-17437-87098-big

Другая куцця называлася Шчодрай ці Ласай ад вялікай колькасці скаромных страваў і каляндарна супадала са святкаваннем Новага году (31.12/14.1). Апошнім калядным святам была трэцяя – Посная ці Вадзяная Куцця (06.01/19.01), якая святкавалася ў адзін дзень з Вадохрышчам, што ўвасобіла дахрысціянскі культ вады як ачышчальнай жыццядайнай сілы.

kushliki-05

– Да нашага часу захаваліся элементы калядных тэатралізаваных дзействаў. Але калісьці іх успрымалі не проста як спектаклі ці забавы?

kushliki-01

– Калядоўшчыкі, што пачыналі хадзіць па хатах пасля першай Куцці, сімвалізавалі прадстаўнікоў боскага свету, носьбітаў долі ўсёй грамады. Каза выступала як сімвал плоднасці і ўрадлівасці, Дзед-павадыр – як увасабленне Бога, журавель ці бусел – божай птушкі.Спевы-зычанні калядоўшчыкаў таксама ўспрымаліся не як простыя падажанні, а фактычна як воля багоў. Апагеем рытуальнай дзеі з’яўлялася смерць і ўваскрасанне Казы, што сімвалізавала смерць канчаткова знясіленага Старога году. Адорваючы калядоўшчыкаў грашыма ці каўбасамі, гаспадары прыносілі ахвяры багам, каб займець лепшую долю ў Новым годзе.

DSC_7431_1

016

– Чаму так шмат прыкмет і варожбаў звязана з Калядамі?

– Апоўнач на Шчодрую куццю ў міфалагічнай карціне свету з’яўляецца кропкай абсалютнага Пачатку – нуля. Старое скончылася, а новае яшчэ не нарадзілася, мяжа паміж гэтым і тым светам знікае, робіцца магчымым актыўны дыялог з тагасветам.Вось чаму на першы план у гэтай сітуацыі выходзіць варажба. Лічылася, што з яе дапамогай можна прадвызначыць асабісты лёс чалавека (жыццё, смерць, замужжа) і ягоны дабрабыт (ураджай, прыбытак, нястачу).Пад час Калядаў выразна праяўляецца так званая магія першага дню, які ўяўляе сабой матрыцу, узор на увесь год. Непажадана было пазычаць што-небудзь з хаты, асабліва агонь, хлеб, дзяжу. Верылі, што той, хто першы на Каляды пойдзе па ваду, будзе здаравейшы за ўсіх. Першы стрэчны на вуліцы прадказваў долю дзяўчыны – калі мужчына, яна пойдзе замуж. Лічылася, што калі на Каляды ідзе снег – налета будзе багацце ва ўсім.

b81b6562adce93c475dbe7222bf53a32-thumb-940x0-w

– Што было важна згатаваць на Каляды?

– Наздвычай высокі рытуальны статус мела Куцця – крутая каша з пярловых крупаў. Яна сімвалізуе калектыўна дабрабыт і шчасце, таму пакаштаваць яе мусіў кожны. Прынята было гатаваць грыбны квас, верашчаку,  крупнік, аўсяны кісель, аладкі.  На Шчодрую куццю на стале павінна было быць шмат разнастайных мясных страваў: студзень, паляндвіцы, сальцісоны, крывянкі, печаныя каўбасы і т.д.

028

– Што з тых далёкіх часоў маглі б пераняць нашы сучаснікі?

– Прыемна, што нягледзячы на працэсы глабалізацыі, сучасная моладзь выяўляе ўсё большую цікаўнасць да нашых самабытных звычаяў. Аднаўляючы традыцыі, галоўнае не захапляцца іх вонкавымі, экзатычнымі прыкметамі. За святочным калядным сталом трэба памятаць, што гармонія ў сусвеце дасягаецца праз гармонію і суладдзе ў сям’і, у чалавечай супольнасці. Для чалавека архаічнай культуры ўся прырода з’яўлялася велізарнай кнігай зашыфраваных знакаў. Кожнаму з нас, хто не пачувае сябе на гэтай зямлі мінаком, варта паспрабаваць расчытаць тыя шыфры. Бо яны лучылі нашых дзядоў з космасам і дазвалялі ім упоравень з багамі крутнуць гадавое кола на новы віток.

IMG_5568

DSC_7394

Фото: Кирилл Смоляков, из открытых источников

Читайте также: «Ішла Каляда з Полацку». Паглядзіце, як фальклорны гурт «Варган» адраджае старажытнае свята

Рукотворное чудо. Тысячи удивительных снежинок вырезала и подарила друзьям Вера Ашуева из Полоцка

Автоклуб поздравил с Новым годом. В Полоцке устроили яркий флешмоб вокруг главной елки (+ видео)


   


Оставайтесь с нами в социальных сетях: 

insta   58cbe3ace31ff15adc715b82  



Автор: Лариса Малашеня




Не вижу код