Старожилы помнят, как в 70 – 80-х годах прошлого века в Новополоцке жили польские строители. Что они строили, сколько зарабатывали, в какие рестораны ходили и как контактировали с местными жителями? На эти и другие вопросы можно найти ответ в материале, который нам прислал выпускник Полоцкого государственного университета, магистр исторических наук Руслан Бугаевич. Публикацию он подготовил на основе воспоминаний очевидцев и работы в архивах Польши. В качестве иллюстраций используются уникальные фотографии из частных архивов одного из строителей и хорошо известного в регионе фотокорреспондента местной газеты «Химик» Владимира Супронёнка.
Польскі след у гісторыі Наваполацка
Напэўна, кожны навапалачанін ведае, што побач з музеем горада і ўваходам у гарадскі парк знаходзіцца будынак Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры, які вядомы пад назвай “полька”. Такую народную назву будынак атрымаў не проста так. Але распавядзем аб усім па парадку.
Аб’екты “пад ключ”. Як усё пачыналася?
Для забеспячэння сыравінай новага нафтапераапрацоўчага завода ў Мажэйкею (Літва) неабходна было збудаваць дадатковую галіну нафтаправода. Будаўніцтва новага нафтаправода распачала Польшча. Паводле польска-савецкага пагаднення, падпісанага 6 красавіка 1974 г., польскі бок абавязаўся ў 1974-1979 гг. спраектаваць і збудаваць на тэрыторыі СССР аб’екты нафтавай і газавай галін “пад ключ”, у тым ліку нафтаправод “Полацк – Мажэйкей”. Савецкі бок узамен за будаўніцтва забяспечваў дастаўку прыроднага газу і нафты ў Польшчу ў 1976-2000 гг. Акрамя нафтаправода “Полацк – Мажэйкей” польскія спецыялісты пабудавалі адрэзак нафтаправода “Полацк – Сургут” ад Полацка да Андрэапаля (Расія).
16 снежня 1974 г. загадам генеральнага дырэктара прадпрыемства “Энэргаполь” (“Energopol”) была створана Дырэкцыя будовы нафтаправода “Полацк”.
У будаўніцтве была задзейнічана значная колькасць польскіх прадпрыемстваў: аддзелы “Энэргаполь-1, 2, 3” (“Energopol-1, 2, 3”), “Трансбуд” (“Transbud”), “Паморскае аб’яднанне прамысловага будаўніцтва” (“Pomorskie Zjednoczenie Budownictwa Przemysłowego”), “Прадрыемства будаўніцтва кабельных ліній” (“Przedsiębiorstwo Budowy Linii Kablowych”), “Інстальэкспарт” (“Instalexport”), “Электрамантаж” (“Elektromontaż”), “Кракаўскае прадпрыемства тэлекамунікацыйных работ” (“Krakowskie Przedsiębiorstwo Robót Telekomunikacyjnych”), “Геапраект” (“Geoprojekt”), “Дамонт” (“Domont”). Праектаваннем нафтаправода з савецкага боку займаўся Дзяржаўны праектны навуко-даследчы інстытут Міністэрства нафтавай прамысловасці СССР “УкргіпраНДІнафта”, а кіраванне будаўніцтвам ажыццяўляла наваполацкае ўпраўленне аб’яднання “Саюзінтрэргазбуд”.
Згодна з графікам Міністэрства нафтавай прамысловасці СССР, будаўніцтва нафтаправода Полацк – Біржай – Мажэйкей было запланавана на 1975-1977 гг. Сам нафтаправод планававася збудаваць за 1975-1976 гг. На працягу 1975 г. павінны былі быць завершаныя сацыяльныя базы (гарадкі) і нафтаправод на даўжыні 150 км.
24 красавіка 1975 г. быў уведзены ў эксплуатацыю будаўнічы гарадок ў Наваполацку. Актывізавалася праца непасрэдна і на будаўніцтве нафтаправода.
Колькі будаўнікоў было ў Наваполацку?
Колькасць будаўнікоў пастаянна змянялася. Так, на канец 1975 г. спісачная колькасць работнікаў складала 2120 чалавек, у тым ліку 1800 рабочых (1500 будаўнікоў, 300 тэхнічна-абслугоўваючы персанал) і 320 інжынерна-тэхнічных работнікаў.
Трэба адзначыць, што ўся колькасць будаўнікоў была размешчана не толькі ў Наваполацку. Будаўнічыя гарадкі знаходзіліся па ўсёй лініі будаўніцтва нафтаправода “Полацк – Мажэйкей” на тэрыторыі Беларусі (Друя), Латвіі (Скрудаліена, Ілукстэ) і Літвы (Біржай, Ёнішкіс, Акмяне, Мажэйкей). Акрамя таго, да Дырэкцыі ў Наваполацку былі прымацаваныя будаўнічыя базы на поўдні Беларусі: у Кобрыне, Тураве, Зашчоб’і. На тэрыторыі Расіі базы былі ў Навазыбкаве (Бранская вобласць), а пазней (у 1978 г.) базы для патрэб будаўніцтва нафтаправода “Полацк – Сургут” з’явіліся ў Турычыне, Невелі, Тарапцы і Вялікіх Луках.
У Наваполацку першы будаўнічы гарадок размясціўся на перасячэнні вуліц Паркавай і Ктатарава, другі – у раёне сучаснай крамы “Дом Кнігі”.
Будаўнічы гарадок складаўся з вялікай колькасці баракаў, у кожным з якіх магло размясціцца ад 2 да 4 чалавек. Плошча такога дамка складала 17 м². На тэрыторыі базы знаходзіліся розныя сацыяльныя аб’екты: сталовая, кіёск, крама, пакоі адпачынку. У такіх умовах пражывалі пераважна звычайныя рабочыя і новапрыбыўшыя работнікі ІТР да моманту атрымання больш камфортнага пакоя ў гатэлі або ў кватэры.
Як ставіліся да палякаў жыхары Наваполацка?
Калі ў 1975 г. у Наваполацк прыехалі першыя брыгады на будаўніцтва нафтаправода, жыхары горада ставіліся да іх вельмі прыязна. Аднак знаходзілася месца і для камічных сітуацый. Большасць польскіх работнікаў хадзілі ў службовай вопратцы з сімвалічным палатняным значком на грудзях са стылізаванай літарай “B” (знак польскіх будаўнічых калектываў). Па горадзе пайшла пагалоска, што прыехалі польскія зняволенныя, якія ў межах рэсацыялізацыі павінны будаваць нафтаправод. Непаразуменне ўзнікла з-за эмблемы з літарай “В”, якая ў рускім алфавіце чытаецца як “W” (вор (wor) – злодзей).
Што пісаў інжынер Вавжыняк?
Адзін з удзельнікаў будаўніцтва нафтаправода старшы інжынер па абсталяванню Яўгеніюш Вавжыняк апісаў сваё жыццё і працу ў Наваполацку з кастрычніка 1978 г. па верасень 1979 г. Дарога ў Наваполацк для яго пачыналася ў Варшаве. З аэрапорта Акенце а 13 гадзіне вылятаў самалёт у Мінск. У Мінску была перасадка на іншы самалёт да Полацка, пасадка ў Полацку а 20 гадзіне. Частка будаўнікоў дабіралася цягнікамі з Варшавы да Мінска, дзе чакалі аўтобусы да Наваполацка, або непасрэдна да Полацка.
Наступным этапам было засяленне. Інжынер Вавжыняк атрымаў невялікі пакой з душам і прыбіральняй на 5 паверсе гатэля “Беларусь”. Праз чатыры месяцы (у канцы лютага 1979 г.) спецыяліст пераехаў у асобны пакой у 4-пакаёвай кватэры па адрасе вуліца Маладзёжная 104. Частка службовых кватэр знаходзілася ў дамах па вуліцы Дружбы 6, 8 і 10.
Якія былі заробкі?
Праца на замежнай будове была высокааплатнай. Заробак складаўся з рублёў і злотых. Так, кіраўнік дырэкцыі зарабляў 1067 рублёў і каля 3100 злотых, галоўны ўрач 951 рубель і 3100 злотых. Заробкі на іншых пасадах прадстаўлены ў табліцы ніжэй:
Як адпачывалі будаўнікі?
Пасля цяжкай працы на будаўніцтве нафтаправода патрэбен быў адпачынак. Кіраўніцтва Дырэкцыі будовы, партыйная ячэйка Польскай аб’яднанай рабочай партыі (ПАРП), ячэйкі Саюза польскай моладзі (СПМ) надавалі вольнаму часу будаўнікоў вялікую ўвагу. Кіраўніцтва спрабавала зрабіць час па-за працай разнастайным.
На тэрыторыях будаўнічых гарадкоў з’яўліся пляцоўкі для гульні ў футбол, валейбол, бадмінтон, ствараліся сцежкі здароўя, выдзяляліся абанементы ў басейн. У пакоях адпачынку былі тэлевізары, працавалі радыёвузлы, прыходзіла польская перыёдыка.
Перадавікоў узнагароджвалі пуцёўкамі на Чорнае мора, паездкамі ва Узбекістан, Ленінград, Маскву, Вільнюс, Рыгу.
Нельга абмінуць пытанне ідэалагічнага выхавання. У межах партработы праводзіліся палітычныя заняткі. Вось некаторыя іх тэмы: “Гістарычнае значэнне Вялікай кастрычніцкай рэвалюцыі”, “Актуальныя праблемы і перспектывы супрацоўніцтва ПНР і СССР”, “Маральная пазіцыя чалавека ў эпоху развітага сацыялізма”, “Месца Польшчы ў свеце. Замежная палітыка ПНР”, “Мірнае суіснаванне дзяржаў з рознымі сацыяльна-палітычнымі сістэмамі”. Лектарамі выступалі як польскія, так і савецкія палітработнікі.
Самай масавай формай адпачынку быў паказ фільмаў. З 1975 па 1977 гг. ён адбываўся з дапамогай перасоўных аўтакінаўстановак. Са з’яўленнем стацыянарных кінаўстановак павялічылася колькасць паказаў і гледачоў: калі ў 1975 г. было толькі 2 паказы на 500 гледачоў, то ў 1977 г. – 62 паказы і 7 300 гледачоў.
Вялікай папулярнасцю карысталіся фільмы “Запаветная зямля” (“Ziemia obiecana”), “Маёр Губаль” (“Hubal”), “Чырвоная рабіна” (“Jarzębina czerwona”), “Казімір Вялікі” (“Kazimierz Wielki”), “Гісторыя граху” (“Dzieje grzechu”), “Пан Валадыёўскі” (“Pan Wołodyjowski”), “Усе свае” (“Sami swoi”), “Стаўка, большая за жыццё” (“Stawka większa niż życie”), “Мужыкі” (“Chłopi”). Глядацкі рэкорд быў пабіты на паказе фільма “Прабачце, ці тут б’юць” (“Przepraszam czy tu biją”), які паглядзелі 3 000 працаўнікоў. На адным з паказаў фільма прысутнічалі рэжысёр Марэк Півоўскі (Marek Piwowski) і 2 акторы.
Акрамя польскіх, дэманстравалі і савецкія фільмы для пашырэння ведаў рускай мовы сярод польскіх будаўнікоў.
Супольна з камсамольскімі арганізацыямі ладзіліся танцавальныя вечарыны. Паводле падлікаў пярвічкі саюза польскай моладзі, у 1975 г. у Наваполацку адбылася 1 вечарына, дзе бавілі час 70 удзельнікаў, затое ў 1976 г. такіх вечарын было 68 (8210 удзельнікаў). Праводзіліся сумесныя польска-савецкія вечарыны і на мясцовых прадпрыемствах. Так, на заводзе штучнага валакна ў Полацку (цяпер – “Полацк-Шкловалакно”) у лютым 1976 г. адбыўся вечар з удзелам 300 чалавек.
Часам сяброўскія адносіны маладых людзей перарасталі ў нешта большае. Ад пачатку будаўніцтва нафтаправоду да 1977 г. сярод польскіх грамадзян і савецкіх грамадзян было заключана 30 шлюбаў.
Забаўляльныя мерапрыемствы для будаўнікоў у Наваполацку:
Польскія будаўнікі прымалі актыўны ўдзел у святочных дэманстрацыях да 1 мая, 7 лістапада. Яны неслі транспаранты і таблічкі з назвамі прадпрыемстваў, упрыгожвалі свае аўтамабілі.
Блізкасць ракі Заходняя Дзвіна і возера Люхава дазваляла з карысцю правесці час аматарам рыбалкі і плавання. Зімой хадзілі на лыжах.
Другую частку артыкула пра жыццё польскіх будаўнікоў у Наваполацку мы надрукуем у бліжэйшы час. Сачыце за нашымі публікацыямі.
Чытайце таксама: «Якая моц, прыгажосць, энергетыка!». Полацкі гурт «Варган» зладзіў Купалле па старажытных традыцыях
Квартиры новой планировки с французскими окнами начинает строить трест №16 Новополоцка