Полацкі музей традыцыйнага ткацтва Паазер’я запрасіў жыхароў і гасцей горада на веснавое свята «Ішлі, прайшлі валачобнічкі, іграючы, спяваючы». Унікальны старажытны абрад у адноўленым выглядзе паказалі ўдзельнікі фальклорнага гурта «Варган». Цікавае дзейства з задавальненнем падтрымалі і дарослыя, і дзеці, а на памяць усім прысутным засталіся прыгожыя фотаздымкі.
Фота: Кірыл Смалякоў
Калісьці новы год пачынаўся з веснавога раўнадзенства. У гонар сонца і абуджэння прыроды нашы продкі ладзілі свята і практыкавалі традыцыйны штогаговы абыход двароў з велічальна-віншавальнымі песнямі. Абрад называўся валачобным, а яго ўдзельнікі – валачобнікамі. Яны хадзілі па вёсках і неслі ў кожны дом радасную вестку пра пачатак вясны. З пашырэннем хрысціянства звычай прымеркавалі да Вялікадня, а найбольшае распаўсюджанне ён атрымаў на поўначы Беларусі, у тым ліку і ў нашым рэгіёне.
Даследчыкі называюць валачобныя песні вяршыняй беларускай мастацка-паэтычнай культуры, яскравай адметнасцю духоўнай спадчыны нашага народа. На думку навукоўцаў, абрад валачобніцтва быў закліканы не проста паспрыяць добраму ўраджаю напярэдадні новага аграрнага цыклу – ён паэтызаваў працу земляроба, злучаў людзей нябачнай повяззю, падтрымліваў жыццёвы аптымізм у грамадстве, падаваў радасную перспектыву.
Продкі верылі ў магічную моц слова, а таму імкнуліся шчодрымі пажаданнямі наблізіць свае мары да рэчаіснасці. Валачобнікі віншавалі і ўсласлаўлялі гаспадароў, зычылі плёну, прыбытку, шчаслівай долі ўсёй сям’і. Лічылася, што гурт гасцей трэба добра пачаставаць, каб забяспечыць сабе багацце і поспех на ўвесь год.
Удзельнікі гурта «Варган», якія захапляюцца традыцыйнай культурай беларусаў, вывучылі тыя старадаўнія песні, аднавілі элементы абраду і штогод актуалізуюць яго на пляцоўцы музея ткацтва. Свята заўсёды збірае шмат гасцей, паколькі ягоны сэнс застаецца актуальным ва ўсе часы. Бо не можа састарэць жаданне чалавека быць шчаслівым, спадзявацца на добрыя перамены, верыць ў лепшую будучыню.
Вось якімі ўражаннямі падзялілася ўдзельніца свята Кацярына, што прыйшла ў музей з мужам Яўгенам і сынам Стэфанам:
«Нам падабаецца, як працуе музей ткацтва, кожны год прыходзім сюды на мерапрыемствы, вельмі любім дзейнасць гурта «Варган». Лічу, што важна далучаць да традыцый сына, сама зараз намагаюся навучыцца вышываць. Бо хіба можна існаваць, не ведаючы, хто ты, адкуль ты, якімі былі твае продкі. Асабіста мне гэтае веданне надае ўпэўненасці і моцы ў жыцці».
Читайте также: Северное сияние смогли увидеть жители Новополоцка – было очень красиво
От легкой акустики до металла: рок-группы Полоцка и Новополоцка дали традиционный весенний концерт
Шануем памяць продкаў – жыхары Полацка і Наваполацка адзначаюць Радаўніцу