21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Дзень роднай мовы. Свята было абвешчана з мэтай заахвочваць моўную разнастайнасць, спрыяць захаванню нацыянальнай самабытнасці, нагадваць пра важнасць беражлівага стаўлення да сваёй гісторыі і культуры. Прывіць любоў да роднай мовы, усвядоміць, што яна з’яўляецца найвялікшым скарбам кожнага народа, дзецям часта дапамагаюць школьныя настаўнікі. Пра такіх людзей сёння з павагай і ўдзячнасцю ўспамінаюць нашы чытачы.

Фота: з архіву Горад214
Таццяна Васіленка, настаўніца геаграфіі, вучылася ў Палатоўскай школе:
«Я вучылася ў беларускамоўнай школе. Мая першая настаўніца Захарэўская Лідзія Мілецьеўна вельмі прыгожа чытала вершы па-беларуску. Многія вершы з пачатковай школы памятаю і зараз. Любімыя: «Усход сонца» Якуба Коласа і «Жук і слімак» Максіма Танка. У старэйшых класах настаўнік беларускай мовы і літаратуры Качарагіна Людміла Аляксееўна згуртавала нас, вучняў, у фальклорны калектыў
«Спадчына». Мы спявалі фальклорныя песні, танцавалі старадаўнія танцы, ладзілі абрады, запісаныя ад мясцовых бабуль.
А ў педагагічным каледжы любоў да роднай мовы і літаратуры канчаткова замацавала Гурчонак Алена Васільеўна, выдатная жанчына і педагог».

Марыя Гуд, мабілограф:
«Шапавалава Таццяна Мікалаеўна – мая настаўніца беларускай мовы і літаратуры, СШ №1 г. Полацка. Выдатная настаўніца, дзякуючы ёй хацелася не проста хадзіць на заняткі, а ведаць беларускую мову і чытаць творы па літаратуры. Хочацца сказаць ёй дзякуй за веды, за цікавыя заняткі, за адданасць прафесіі».

Выпускніцы педагагічнага каледжа-2004:
«У нас доўгі час беларускую мову і літаратуру вяла Ала Міхайлаўна Зелянко. Гэта чалавек, які не проста добра ведаў і выкладаў свой прадмет, а ствараў з нас людзей адказных, жывых, зацікаўленых вучобай. Цудоўнае пачуццё гумару, тэмперамент і пры гэтым нейкая прыемная сціпласць – гэта ўсё наша выкладчыца. Некаторыя правілы жывуць у галаве менавіта з яе тлумачэннем, гэта знак якасці. Праз такія заняткі мы асабліва адчувалі сваю прыналежнасць да беларускай нацыі і роднай культуры.
Потым гэтыя ж прадметы вяла Ірына Генрыхаўна Лабенак. Немагчыма не адзначыць, як творча і разнастайна яна рыхтавалася да заняткаў. Мы нават разглядалі партрэты класікаў беларускай літаратуры і разважалі, якім мог быць у жыцці гэты чалавек, чаму ён зрабіў менавіта такі здымак. Гэтым выкладчыкам хацелася зрабіць літаратуру жывой, сапраўднай, каб мы любілі яе за блізкасць да нас, за наш агульны ментальны код, а таксама спачувалі лёсу многіх літаратараў».

Антон Іваноў распавядае настаўніцу беларускай мовы і літаратуры ПДГ №1 Алену Уладзіміраўну Казлову:
«Настаўнікі часта вучаць нас правільным рэчам. Быць стараннымі, не забывацца на галаву дома, аналізаваць інфармацыю і шмат чаго яшчэ. Але гэта ва ўсіх так. Настаўнікі беларускай мовы, як правіла, вучаць мову шанаваць. Каб не ўмёрлі. Вельмі важна, але ўсё роўна – не ўнікальна. А Вось Алена Уладзіміраўна – ўнікальны настаўнік і чалавек. Бо, акрамя тае самае «базы», як майстар Ёда, мае Сілу. І ведае, як знайсці яе ў кожным. Сакрэт крыецца ўсяго ў адным вершы: Анатоль Вярцінскі, «Дзівак-чалавек». Гучыць як нейкі супергерой з сусвету Marvel. Толькі ім можа апынуцца кожны з нас.
Быць дзіваком-чалавекам. Гэта галоўнае, чаму вучыла нас Алена Уладзіміраўна. Гэта складана, а часам і неэфектыўна, як падаецца на першы погляд. Але правільна, як разумееш потым. Рабіць дабро і верыць у яго перамогу, шукаць у жыцці пазітыў – мо, і не зусім дарослая пазіцыя, але гэта пазіцыя шчаслівага чалавека. У юнацтве гэта зразумець цяжкавата, і атрымлівалася не ў кожнага, але я добра памятаю слёзы радасці настаўніка, калі яна чытала сачыненні тых, у каго атрымалася. Спадзяюся, маё сачыненне калі-небудзь будзе напісана і выкліча такія эмоцыі таксама. Лепей позна, чым ніколі.
Шчыры дзякуй Вам за тое, што Вашыя простыя словы пра даволі простыя рэчы, якія Вы сеялі калісьці, з часам прараслі, як збожжа на раллі».

Маша Крыванос таксама ўспамінае Алену Уладзіміраўну:
«Мая любімая настаўніца беларускай мовы і літаратуры – Алена Уладзіміраўна Казлова. Калі я размаўляю ці чытаю кнігу на беларускай мове, то заўсёды ўспамінаю яе. Цёплая, утульная, мудрая жанчына, якая па-сапраўднаму закахана ў свой прадмет.Яна выкладала нам не проста школьную праграму, яна вучыла нас думаць, аналізаваць, прыгожа выказваць свае думкі на роднай нам мове. Алена Уладзіміраўна назаўжды ўсяліла любоў да беларускай мовы і культуры, за што я ёй вельмі ўдзячная».

Вольга Кавалеўская ўспомніла настаўніцу-практыкантку:
«Я вучылася ў восьмым класе, да нас на практыку прыйшла студэнтка. Яе звалі Юлія Уладзіміраўна. На жаль, прозвішча не памятаю, гэта быў канец 1990-х. Вельмі прыгожая, тоненькая, з моднай стрыжкай «шапачка». У яе было выдатнае вымаўленне, было бачна, як гэтая дзяўчына шчыра любіць беларускую мову і культуру. Праз яе ўрокі я на ўсё жыццё палюбіла Кузьму Чорнага і Максіма Танка. Яна раскрыла іх для мяне, змагла. Памятаю, што аднойчы мы пісалі пераказ, за вакном ішоў снег вялізнымі камякамі. Прыгожа, утульна. Юлія Уладзіміраўна прынесла магнітафон, і мы слухалі «Песняроў» увесь урок. Здавалася, што і снег, і музыка, і цішыня ў класе, скрып стрыжняў па паперы – нешта вельмі цёплае і цудоўнае. Так упершыню я пачула песню «Вераніка» – цяпер мая дачка Вераніка ўжо сама вучыцца ў восьмым класе. Дзякуй усім адданым настаўнікам, якія праводзяць вучняў у свет нашай багатай культуры, гісторыі, мовы, жывога беларускага слова».

Чытайце таксама: У Полацку да Дня роднай мовы ладзяць фотавыставу «Я – беларус! І гэтым ганаруся». Як паўдзельнічаць?