Главная > Новости > Общество > «Каб людзі заставаліся людзьмі». Пра Полацк, кнігі і месцы сілы размаўляем з пісьменніцай Маргарытай Латышкевіч


«Каб людзі заставаліся людзьмі». Пра Полацк, кнігі і месцы сілы размаўляем з пісьменніцай Маргарытай Латышкевіч

07:50, 19.02.2026 1468 Источник: https://gorod214.by/

Маргарыта Латышкевіч – пісьменніца, кнігі якой беларусы ўпісваюць у навагоднія віш-лісты, як гэта бачна па сацсетках. Яна пачынала з вершаў, а потым стала пісаць і прозу, ды яшчэ фэнтэзі. Натхняе тое, што гэты папулярны аўтар яшчэ і наша зямлячка. Хаця палачанкай Маргарыта стала пасля таго, як выйшла замуж. Дарэчы, за героя аднаго з нашых ранейшых інтэрв'ю Яўгена Папакуля. Пагаварылі з Маргарытай пра Полацк, кнігі, месцы сілы і тое, чаму нам усім варта было б перачытаць «Шляхціц Завальня».

photo_2026-01-26_14-43-03

Фота: з асабістага архіву Маргарыты Латышкевіч

– Маргарыта, як бы вы самі сябе прадставілі нашым чытачам, кім сябе пазіцыянуеце?

– Я б адразу сказала: пісьменніца. Гэта пасля, калі пачынаеш задумвацца, самапрэзентавацца, расцягваюцца тытулы-найменні. А ўвогуле, мне здаецца, вычарпальная характарыстыка ў маіх сацсетках: «Аўтарка фэнтэзі. Рэдактарка. Жонка перакладчыка».

– Наш сайт пра Полацк, і нам заўсёды цікава распытваць людзей пра горад. Як вы ўпершыню сюды трапілі, як засталіся? І ці адчуваеце сёння сябе палачанкай?

– Упершыню я апынулася ў Полацку школьніцай, дзякуючы школьнай алімпіядзе. Тады, праўда, нас асабліва па горадзе не вадзілі. Пазней, у 2017 годзе, у Полацку мне ўручылі Нацыянальную літаратурную прэмію. Тады ж мы ўпершыню ўжывую сустрэліся з Яўгенам, які трохі паказаў мне горад. Але часу ўсё адно было мала. Нарэшце, у снежні 2019 года я прыехала да Яўгена, які абяцаў мне экскурсію па Полацку. Так хораша экскурсію правёў, што мы ўжо пяты год жанатыя. Жывем, натуральна, у Полацку. Ён – частка гісторыі нашага кахання. Частка сям’і, выходзіць.

pCWz68HUtAN0bApddPVK2tuSmnE35OSZC8V37IHAvh744gndF1ZmwdPo_TMUVIEvdLWDJ61RcVFtDXduDgZkqD3r

– А якім вы бачыце гэты горад? Жывяце ў кантэксце, які ён задае сёння, ці ходзіце па вулках і ўяўляеце, што вось тут быў езуіцкі калегіум, там стаяў сабор… Ці існуе ў вашай рэальнасці той Полацк, якім ён быў калісьці?

– Мой муж любіць Полацк і любіць гісторыю. І вельмі шмат распавядае пра тое, што было калісьці. Таму, калі мы ідзем па горадзе разам, я таксама ведаю, як яно было некалі, што змянілася, як змянілася. Тут, здаецца, мінулае і цяперашняе пераплеценыя ў адно цэлае, непарыўнае, даўніна і сучаснасць з’ядналіся.

photo_2026-01-26_17-24-57

– У вашых сацсетках былі занатоўкі, як пра Полацк пісаў, напрыклад, Ян Баршчэўскі. Што вы адчуваеце, калі сустракаеце такія запісы пра палачанаў? Яны ёсць і ў Караткевіча. Што параіце прачытаць, перачытаць пра наш родны край?

– Сама я часта перачытваю «Ладдзю Роспачы», люблю гэты твор. Асабліва ўражвае фрагмент, дзе Караткевіч згадвае Полацк і палачанаў, якія змагаліся з Іванам Крывавым – і стаялі годна, нават калі «Палата была потым белая ад цел, а Дзвіна – чырвоная ад крыві». Заўжды да дрыжыкаў – «ці ж табе баяцца смерці, малец».

Той жа «Шляхціц Завальня» Баршчэўскага – увогуле маё тэрапеўтычнае чытво. Чытаю мінімум раз на год, каб сэрца супакоілася (не дарэмна ж я і аповесць пра Баршчэўскага напісала). Калі завітваю ва ўніверсітэт, заўжды дзіўна думаць, што тут хадзіў Ян Баршчэўскі з сябрамі.

У сацсетках мне пісалі людзі, што сочаць за маім акаўнтам, што мой напамін пра твор Баршчэўскага ці Караткевіча змусіў іх да кнігі вярнуцца. Значыць, варта пісаць пра гэта і нагадваць. Таму што – варта чытаць.

А ўвогуле, у мяне акурат нядаўна пыталіся, што б пачытаць «па беларускай культуры», каб натхніцца. Для мяне адказ відавочны: варта пачаць з фальклору, з цудоўнай серыі «Беларуская народная творчасць». Там ёсць асобна тамы, прысвечаныя легендам, казкам, песням розных жанраў. Карацей, на любы густ.

photo_2026-01-26_17-24-56

– Ці ёсць у вас месцы сілы, якія даюць энергію, натхняюць, адкрываюць нешта сваё, асаблівае?

– Не зусім месца, але крыніца сілы – мой муж. Дзе б я ні была, што б ні рабіла, калі ён побач, мне лягчэй.

А з месцаў у Полацку асабліва люблю Барысаў камень, бо ён таксама складнік нашай сямейнай геаграфіі. Люблю возера ля хаты сям’і мужа – на Браслаўшчыне. Люблю – гэта на маёй малой Радзіме – месца, дзе Буг зліваецца з Мухаўцом, дзе залатая рака змешваецца з зеленаватай. Люблю маленькае возера ў Белавежскае пушчы, дзе на водмелі ляжаць агромністыя, ледзь не па далані, мідыі.



photo_2026-01-26_17-24-56 (2)

Часам у зусім незнаёмых, новых мясцінах адчуваеш дзіўную еднасць з імі. Так, завітаўшы некалі ў Наваградак, гледзячы ўніз з Замкавай гары, я раптам адчула, што я – на сваім месцы, быццам некалі была тут і гэтаксама глядзела на лістападаўскія дрэвы пад сырой імжачкай. Падобным чынам мяне часам «накрывае» з галавою ўражаннямі ў падарожжах – скажам, у Сербіі я такое адчула на беразе Дуная.

photo_2026-01-26_14-43-03 (2)

– Нельга не запытаць пра творчасць. Як вы прыйшлі ў пісьменніцтва, колькі выдалі кніг, як ва ўсім гэтым сябе адчуваеце? Бывае, у людзей цэлая гара кніг, але яны такія: «Няўжо гэта са мной?». А бывае і з нявыдадзенымі лічаць сябе пісьменнікамі, бо маюць патрэбу пісаць.

– О, я не прымала ў нейкі момант рашэння – «вось, буду пісьменніцай». Проста ў падлецтве з мяне пачалі высыпацца вершы. А да таго, у пачатковай школе, спісваліся сшыткі прыгодамі ў фэнтэзійных светах. А яшчэ да таго, да школы нават, быў комікс пра коціка з намаляванай праз трафарэт круглай галавой і крывымі подпісамі.

Кніг у мяне, здаецца (тут я падлічыла на паліцы), – дзевяць. Амаль дзесяць, бо дзясятая едзе з друкарні.

«Я пісьменніца» – для мяне нешта натуральнае. Я, праўда, пражыла этап з «не магу сябе так называць, не заслужыла». Але ёсць кнігі, якімі я ганаруся – той жа «Век людзей». Дарэчы, у полацкім «Светачы» яшчэ засталося пару асобнікаў. Таму, напэўна, унутрана дазволіла сабе.

У мінулым годзе быў момант, калі я праўда думала, што памру (былі падставы). Я абдумала ўсё і вырашыла для сябе: нават калі так, застанецца «Век». І мне зрабілася трохі лягчэй.

экрана (236)

– Мы жывем у цікавы гістарычны час. Цікавы – не заўсёды пазітыўная канатацыя, часам, вельмі складаны. Дзе знайсці сховішча ва ўсім гэтым? Куды бегчы?

– Мы жывем у гістарычныя часы, гэта праўда. Ад усяго, што дзеецца вакол, насамрэч нікуды не збегчы: мы ўсе змяняемся, так або іначай.

Але можна даць сабе адпачыць у кнігах – у іншых светах. Кнігі для таго і існуюць, каб мы адпачывалі ад таго, што нас атачае штодзень. Каб наш розум суцішваўся, каб ажывала надзея. Каб мы заставаліся людзьмі. У гэты век і ўсе наступныя.

photo_2026-01-26_17-24-58

Читайте также: Чем белорусы не похожи на шведов и когда в Полоцке снимут кино про Торвальда Кодранссона? Отвечает знаток Скандинавии Евгений Папакуль, у которого муза – сама Маргарита

Самое ценное из чувств. Ко Дню всех влюбленных спросили у полочан, что такое любовь

«В нем живет память рода». Посмотрите, какой необыкновенный костюм-оберег создала мастерица из Полоцка

«Скарбніца майстэрства»: беларускія традыцыйныя строі, вышыўку, ткацтва прэзентуе выстава ў Наваполацку

Оставайтесь с нами в социальных сетях: 

insta   58cbe3ace31ff15adc715b82  







Не вижу код