8 чэрвеня ў Наваполацку ўпершыню за доўгі час выступіць знакаміты беларускі музыкант Зміцер Вайцюшкевіч. Мы пагутарылі са спадаром Зміцерам пра тое, якім будзе канцэрт ля Дзвіны.
Фота: budzma.by
Зміцер Вайцюшкевіч даўно не заязджаў у Полацк і Наваполацк. Сам музыкант успамінае, што недзе з дзесяць гадоў таму выступаў у Полацкім калегіуме, а пасля гэтага бываў у гарадах-суседзях хіба з прыватнымі візітамі.
На гэты раз канцэрт адбудзецца пад адкрытым небам ля самай ракі. Як вам такі фармат?
– Насамрэч, мне ён дужа падабаецца. Апошнім часам я рэгулярна спяваю на фэсце "У госці да Лепельскага цмока", дзе сцэна блізка да вялікага возера. Ды і не раз удзельнічаў у розных канцэртах пад адкрытым небам. Так што фармат мне добра знаёмы і прыемны.
Колькасць вашых альбомаў складана палічыць нават сапраўдным знаўцам беларускай музыкі. Ці цяжка вызначыцца з кампазіцыямі, якія будзеце выконваць у Наваполацку.
– Так, ёсць такая праблема, бо песень і сапраўды назбіралася багата. Але ёсць і правераныя часам ды аўдыторыяй рэчы, якія нельга не выканаць. "Ты залаты", напрыклад, "Дачакайся, матуля" і некаторыя іншыя. Дакладна праспяваю колькі песень на вершы Алеся Ліпая, Уладзіміра Някляева, Генадзя Бураўкіна, Уладзіміра Караткевіча і іншых паэтаў.
Ці будуць прэм'еры?
– Так, напэўна зайграю і некалькі новых песень, але прэзентаваць поўвартасна новы альбом мяркую ўжо асобна. Можа, атрымаецца ўвосень арганізаваць канцэрт у адным з палацаў культуры Полацка ці Наваполацка.
Святкаваць Дзень горада ў Наваполацку будуць 8 чэрвеня, канцэрт Зміцера Вайцюшкевіча запланаваны на 18:00 на сцэне, што будзе ўсталявана ў парку культуры і адпачынку.
Чытайце таксама: 8 выдатных беларускіх кніг, якія трэба прачытаць кожнаму
Танцы будуць. «Варган» прэзентуе ў Полацку альбом з песнямі беларускай Поўначы (СЛУХАЦЬ ТУТ)
Як у сярэднявечным Полацку «посцілі коцікаў» на сцяне царквы