Музей-бібліятэка Сімяона Полацкага змясцілася ў будынку былога жылога корпуса мужчынскага Богаяўленскага манастыра. Гэта адзінае месца, дакладна звязанае з імем славутага палачаніна: у школе пры манастыры ён у свой час вучыўся, а пасля працаваў настаўнікам, тут жа ў велічным Богаяўленскім саборы прыняў пострыг у манахі.
Чарговы выпуск спецпраекта gorod214.by «Цуды полацкіх музеяў».
Музей-бібліятэка ўражвае сваім інтэр’ерам. Тут створана незабыўная атмасфера навуковай бібліятэкі эпохі Асветніцтва. Рэдкі госць, зайшоўшы сюды, не падумаў: «Як добра было б прысесці за гэты стол і пачытаць кнігу». Мабыць, пра такую бібліятэку марыў і Сімяон Полацкі, пакідаючы ў спадчыну роднаму гораду свае кнігі.
Экспазіцыя Музея-бібліятэкі раскрывае пакручасты і насычаны падзеямі жыццёвы шлях Сімяона Полацкага. Самае каштоўнае ў ёй – арыгінальныя выданні асветніка.
1. У 1666 годзе адбыўся Вялікі Маскоўскі сабор, які судзіў патрыярха Нікана за самавольны сыход з прастолу. Сімяон Полацкі прымаў удзел у ім у якасці сакратара і перакладчыка ўсяленскіх патрыярхаў – александрыйскага Паісія і антыахійскага Макарыя. Яму ж даручылі па выніках сабора стварыць трактат «Жазло праўлення», скіраваны супраць царкоўнага расколу. У экспазіцыі прадстаўлена маскоўскае перавыданне гэтага твора 1753 года.
2. Сімяон Полацкі разумеў выключную важнасць кнігадрукавання ў справе распаўсюджвання асветы, таму ў 1679 годзе з дазволу цара Фёдара ён заснаваў у Маскве Верхнюю друкарню. Адным з першых выданняў друкарні стала кніга «Тэстамент» – лісты цара грэчаскага Васіля да свайго сына Льва Філосафа. Сімяон Полацкі выступіў не толькі ў якасці выдаўца, але і перакладчыка з грэчаскай мовы, і аўтара прадмовы да кнігі.
3. Як асоба духоўная, Сімяон Полацкі меў права настаўляць людзей на іх жыццёвым шляху. Прамоўніцкая спадчына Сімяона Полацкага склала каля дзвюх соцень пропаведзяў. Частка з іх увайшла ў зборнік «Вячэра душэўная», што быў надрукаваны ў Верхняй друкарні ў 1683 годзе.
Гэтыя і іншыя цікавосткі можна пабачыць у Музеі-бібліятэцы Сімяона Полацкага з аўторка па нядзелю, з 10 да 17 гадзін па адрасе: Полацк, вуліца Ніжне-Пакроўская, 22.
Фота: Сяргей Крышэн
Все выпуски проекта «Цуды полацкіх музеяў»:
«Цуды полацкіх музеяў»: адшукалі самыя цікавыя экспанаты Музея кнігадрукавання (Фота)
Каменная икона ХІІ века с Верхнего замка и другие чудеса Художественной галереи Полоцка (Фотографии)
Старый Полоцк в миниатюре, или ТОП-3 самых интересных экспоната «Домика Петра I»
Цуды полацкіх музеяў. Паглядзіце на самыя цікавыя рэчы з Музея традыцыйнага ткацтва Паазер'я