События последних двух лет кого-то вынудили, а кого-то научили жить в своем городе – именно жить, открывая новые возможности и узнавая Полоцк получше. О том, что здесь всегда можно так или иначе найти себя, обрести единомышленников и не поддаваться унынию, часто говорят герои наших текстов. Денис Яцкевич – тоже из тех полочан, которые поддерживают местные активности. Он инженер, работает в технической сфере. Но интересы – куда шире профессиональной деятельности.
Катерина Иванова, фото из архива Дениса Яцкевича
– Я нарадзіўся і жыву ў Полацку, – пачынае Дзяніс распавядаць пра сябе. – На пару з Наваполацкам у нашых правінцыйных гарадах, з першага погляду, нічога не адбываецца. Але, калі я некалькі гадоў назад зноў вярнуўся сюды, то пра гэта неяк не задумваўся.
Мяне цікавіла, чым бы я сам хацеў займацца. Калі ты сам робіш нешта, то гэта ўжо адбываецца. Вось тры накірункі, з якімі, у тым ліку, сёння звязана маё жыццё: фізічная актыўнасць, беларуская мова і музыка. Нічога значнага і бачнага з гэтага, на першы погляд, не было у маім горадзе.
Памятаю, як пачаў рэгулярна хадзіць на стадыён, самастойна трэніравацца, выконваць свае практыкаванні. Знаходзіў у гэтым моцную апору, найперш, дысцыплінаванасць, і мяне усё больш натхнялі вынікі, якія прыходзілі з цягам часу. Каб займацца, мне не трэба было побач нікога, але прыемна было заўважаць, што з'яўляліся людзі, якія робяць тое самае. Бо калі ты не адзін робіш штосьці, то яно 100% адбываецца.
З часам пачаў наведваць розныя залы. Затым перайшоў да свайго ўлюбёнага дзіцячага занятку – катацца на веліку. Гэта зараз мы бачым процьму веласіпедыстаў – яшчэ некалькі год таму іх было не так шмат, і вуліцы не былі прыстасаваныя для велікаў.
– Высветлілася, што людзей з аналагічнымі захапленнямі тут хапае?
– Так, праз усю невідавочнасць гэтай актыўнасці вельмі прыемна было адкрываць для сябе, што досыць шмат людзей катаюць на вялікія адлегласці, на прыроду, да азёр, якіх тут вельмі багата. І такія адкрыцці я змог зрабіць толькі дзякуючы таму, што сам рэгулярна катаўся. Далей, ўжо зацікаўлены турызмам, я даведваюся пра наяўнасць пракату байдарак у Полацку. Пару разоў спрабую далучыцца дзеля цікавасці, і вось ужо цяпер я ў шэрагах клуба «Байдарачнікі Полаччыны».
– Пра «Байдарачнікаў Полаччыны» мы не раз пісалі, і многія нашы чытачы кажуць, што гэта з’ява года, як мінімум. А цяпер раскажы, як знайшоў беларускую мову ў Полацку?
– Сапраўды, здавалася, што ў Полацку яна не гучыць нідзе. Я вучыўся некалькі год ў беларускамоўнай школе, трошкі слухаў песень і прачытаў пару літаратурных твораў. Было цікава паспрабаваць пажыць, карыстаючыся максімальна магчыма толькі беларускай мовай. Не бачыў, з кім падзяліць гэтую цікавасць – практыкавалі з бацькамі. Таксама ездзіў на музычныя фестывалі ў Мінск. Аднойчы там і пабачыў выступ фальклорнага гурта з Полацка – моладзь спявала на беларускай мове. Сам занырнуць у фальклор я не быў гатовы, але зацікавілі людзі і мова. Я пачаў шукаць і наведваць які-небудзь дзвіж вакол гэтага гурта. Гэта былі лекцыі ў музеі ткацтва, майстар-класы па танцах, маленькія сустрэчы і выступы. Так я пазнаёміўся з удзельнікамі «Варгана» і знайшоў сабе занятак у ім. Яшчэ адзін прыклад, як нешта адбываецца, калі сам гэта робіш. А цяпер вось спрабую пісаць думкі ў беларускамоўны часопіс.
– Карацей, хто шукае, той заўсёды знойдзе?
– Усё больш і больш я заўважаю, што заўсёды штосьці адбываецца, заўсёды ёсць што рабіць. Варта найперш самому зрабіць крок, пачаць пошук. Чалавек можа жыць і ў мегаполісе, дзе ёсць усё, але такім чынам, што з ім нічога не будзе адбывацца. Проста, мяркую, гэта не пра знешнія ўмовы, а пра ўнутраныя памкненні. А калі знешнія ўмовы не задавальняюць, калі яны не могуць быць змененыя ўласнаруч, то варта звярнуць увагу на тое, што самому можна ствараць.
Паводле такога ж прынцыпу я штосьці знайшоў вакол сябе і праз музыку. Заняткі з гітарай у маім жыцці прысутнічаюць з юнацтва, таму гэта доўгая гісторыя. Важна, што аднойчы ўрэшце я вырашыў трошку раскрыцца: запісаў, як змог, сваё выкананне на відэа, выклаў у сеціва, выходзіў граць у парк, граў на якіх-небудзь сяброўскіх сустрэчах. Праз гэта ўсё атрымалася так, што знайшліся магчымасці прымаць удзел у канцэртах, джэмах, якія ладзіліся ці ладзяцца суполкамі «Лампа» ці «Тэрра Кот».
– А як на ўсё знайсці час? Думаю, нехта зараз чытае і кажа сабе: «Ну-ну, а праца, а сям’я? Я б таксама катаўся, спяваў і ўсё такое, але часу бракуе».
– Колькасць энергіі заўсёды была і будзе абмежаванай. У дарослага чалавека ёсць выбар, як ею распараджацца, як уладкаваць прыярытэты. Павінна быць адказнасць за свае дзеянні і жаданні. Цалкам неабходна надаваць дастатковую колькасць увагі сваёй нармальнай жыццядзейнасці, блізкім людзям, дысцыплінаванасці ў выкананні неабходных жыццёвых спраў, накшталт клопату пра здароўе, заробку грошай і прыборкі пад канапай. З такіх рэчаў складаецца камфортнае жыццё, фундамент для шчасця, як сямейнага, так і несямейнага чалавека.
Але я лічу, што, перагледзеўшы кожную гадзіну свайго звычайнага дня, заняты чалавек можа знайсці, няхай, пятнаццаць хвілін, якія ён можа прысвяціць удасканаленню ці пашырэнню сваіх межаў. Тут таксама варта здзейсніць першы малы крок: пераглядзець свае закаранелыя звычкі, заўважыць у сабе ці іншых тое, што магло быць доўгі час незаўважана ці ігнаравана. За рэгулярныя, умоўна, пятнаццаць хвілін на дзень можна навучыцца чаму-небудзь новаму, знайсці новы спосаб для нечага звыклага ці звярнуцца да свайго колішняга навыку, які прыносіў некалі добрыя пачуцці, і што з'яўляецца, насамрэч, блізкім, уласным.
– І яшчэ некалькі караценечкіх пытанняў. Якое месца ў горадзе тваё самае любімае?
– Частка Ніжне-Пакроўскай вуліцы каля музея кнігадрукавання.
– А якое месца ты лічыш несправядліва забытым?
– Гарадзішча і берагі ракі Палата.
–Якая гарадская падзея за апошні час для цябе была самая-самая?
– Пластычны спектакль «Радзівіл» ад тэатра «Полацкі Зьвяз».
–Чаго не хапае Полацку?
– Я лічу, што, хоць і за сваё жыццё ў горадзе я пабачыў велізарныя паляпшэнні, трэба яшчэ болей падтрымліваць, развіваць турыстычную прывабнасць, зручнасць і даступнасць інфраструктуры для гасцей горада, адпавядаць трэндам.
– Каго не хапае гораду?
– Мне падабаецца бачыць шэраг IT-кампаній у нашых гарадах, і я лічу, што добра мець болей і болей дзейных людзей у сучасных сферах: IT, маркетынг, дызайн – а за імі абавязкова будуць падцягвацца сферы абслугоўвання, што таксама вельмі важна.
– Чаго ты пажадаеш сёння ўсім палачанам?
– Жыць шчасліва ў нашых гарадах.
А нам застаецца дадаць, што і «Байдарачнікі Полаччыны», і «Варган», і тэатр «Полацкі Зьвяз» – не нейкія закрытыя пляцоўкі для сваіх: спектаклі ідуць, вандроўкі ладзяцца, фальклорныя святы таксама адбываюцца. Толькі далучайцеся! Ну а велікі, варкаут, а таксама шпацыры па горадзе з любімымі ды роднымі людзьмі дакладна ніхто не адмяняў.
Трымайцеся сваіх і любіце сваю зямлю, як нашыя героі!
Чытайце таксама: «Шчасця вам, долі, а бяды ніколі!». Посмотрите, как весело колядовали в деревне Бездедовичи Полоцкого района
У Полацку адзначылі Вялікдзень: з валачобнікамі, гульнямі і танцамі. Глядзіце, як гэта было (Фотаздымкі)
«Город с воды бесподобен!». В Полоцке открыли сезон вечерних экскурсий по Двине на байдарках