Музей традыцыйнага ткацтва Паазер’я запрасіў палачан і гасцей горада разам адзначыць Багач. Атмасферу традыцыйнага восеньскага свята беларусаў дапамог узнавіць фальклорны гурт «Варган».
Восень багатая сваімі дарамі. І ў назве свята таксама гучыць матыў багацця. Яно прымеркавана да завяршэння цыклу вырошчвання ўраджаю і мае глыбокі сімвалізм.
Вось як патлумачыла ўдзел гурта «Варган» у свяце кіраўнік калектыву Вольга Емяльянчык:
«Беларуская традыцыйная культура багатая сваімі звычаямі і каляндарнымі святамі. Увосень па ўсёй Беларусі была пашырана традыцыя адзначаць Багач. Самім Багачом называюць лубок з зернем, якое па жменьцы насыпалі ўсе ўдзельнікі вясковай грамады. У сярэдзіну кошыка ставілі свечку і абыходзілі з ім вёску, а потым пакідалі ў аднаго з гаспадароў да новага ўраджаю. Багач сімвалізаваў абшчыннасць, агульную долю, дабрабыт, які імкнуліся павялічыць вяскоўцы.
Тут, у музеі ткацтва, мы даем палачанам магчымасць спрычыніцца да традыцыі, паглядзець, як гэта выглядала, спяваем восеньскія песні. А потым у календары наступае самы маўклівы перыяд, хутка пачынаецца пост, і мы будзем рыхтавацца да Калядаў, каб зноў прыйсці у музей і нагадаць жыхарам горада, як адзначалі свята нашы продкі».
Пасля дэманстрацыі сімвалічных абрадавых дзеянняў варганаўцы запрасілі ўдзельнікаў свята развучыць беларускія народныя танцы і гульні.
У дворыку музея арганізатары зладзілі таксама дэгустацыю сыроў і мёду, частавалі гасцей духмянай гарбатай.
Мёд прэзентаваў пчаляр з 20-гадовым стажам Уладзімір Лаўрыновіч, якому ў свой час прысуджалі тытул «Мядовы кароль Полацка». Так што мёд быў сапраўды каралеўскі, а гаспадар шчодра дзяліўся парадамі на салодкую тэму.
Хатнімі сырамі частавалі прысутных Іна і Вальдэмар Зелянко, пра якіх мы нядаўна распавядалі нашым чытачам. Сямейная пара распачала сваю справу не столькі для бізнесу, як для таго, каб пазнаёміць беларусаў з культурным складнікам прадукта, узбагаціць суайчыннікаў ведамі пра гісторыю і сакрэты сыраварства. Удзел у свяце стаў працягам такога знаёмства. Тым больш, што ў музеі сабралася шмат дзяцей, а культуру спажывання як раз і трэба прывіваць з дзяцінства.
Чытайце таксама: Цяпло вогнішча і таямнічасць старажытных рытуалаў. Паглядзіце, як святкавалі Багач на Полаччыне (фота)
«Якая моц, прыгажосць, энергетыка!». Полацкі гурт «Варган» зладзіў Купалле па старажытных традыцыях
В Полоцке и Новополоцке пройдут большие осенние ярмарки. Можно купить живую рыбу, картофель, овощи