Шмат разоў на працягу года беларусы ўшаноўваюць памерлых продкаў: наведваюць іх магілы, памінаюць за сямейным сталом. Гэтыя дні прынята называць Дзядамі. Пра сутнасць старажытнай традыцыі мы папрасілі распавесці доктара гістарычных навук з Полацка Уладзіміра Лобача.
Фота: Кірыл Смалякоў
«У беларусаў, – тлумачыць навукоўца, – слова «дзяды» мае сэнс куды больш глыбокі, чым проста пазначэнне старэйшых прадстаўнікоў сям’і, якія могуць пахваліцца ўнукамі. Дзяды – гэта ўсе продкі, што вялі радаводы тваёй сям’і ад пачатку свету і, у выніку, далі табе жыццё ў дні сённяшнім. Адначасова Дзяды – гэта і дні ўшанавання памерлых продкаў жывымі нашчадкамі».
Этнографы, якія адкрывалі для сябе Беларусь у ХІХ стагоддзі, былі моцна ўражаныя той пашанай, якую беларусы выказваюць сваім продкам на працягу каляндарнага года. Іх памінаюць напярэдадні Масленіцы, Радуніцы, Троіцы, а таксама на Каляды. Ёсць і Дзяды Спасаўскія, Стаўроўскія, Пакроўскія, але галоўнымі лічацца Вялікія Змітраўскія. У праваслаўнай традыцыі іх адзначаюць ў першую суботу перад Змітравым днём 8 лістапада. У каталікоў час памяці і малітвы за памерлых прыпадае на 2 лістапада. Пэўны час Дзяды 2 лістапада былі ў Беларусі афіцыйным святочным днём.
Вялікая колькасць памінальных дзён, як кажа Уладзімір Лобач, не з’яўляецца выпадковай. У беларусаў шырока распаўсюджана вера, што іх продкі, «пайшоўшы да Бога», становяцца святымі апекунамі тых, каму яшчэ належыць спраўдзіць сваё зямное жыццё. Таму рытуальны стол, калі жывыя палуднаюць ці вячэраюць разам з душамі дзядоў, з даўніх часоў быў неадменным парадкам на нашай зямлі.
Гаспадар выходзіў на падворак і гукаў у бок вясковых могілак запрашэнне: «Святыя дзяды-радзіцелі, хто ў гэтай хаце жываў, да нас ідзіце», «Святыя дзяды, просім вас, хадзіце да нас».
Лічылася, што продкаў трэба добра пачаставаць. Куцця, поліўка з грыбамі, клёцкі з душамі, аўсяны кісель... Стравы на стол гатавалі адмысловыя: ячная куцця ўвасабляе долю чалавека і ўсяго рода, а клёцкі спецыяльна разломвалі, каб узнялася пара, бо толькі ею і могуць падсілкавацца душы памерлых, адсюль і назва гэтай рытуальнай стравы.
Па каліву ад усяго згатаванага клалі ў адмысловую «дзядоўскую талерку» як пачастунак для святых гасцей. Важным было сабрацца ў роднай сядзібе ўсёй сям’ёй – так адбывалася яднанне ўсяго роду, жывых і памерлых.
Фота: з адкрытых крыніц
Час змяніўся, і шмат хто з сучасных людзей нават не ведае, што такое поліўка. «Але нязменным, – падсумоўвае Уладзімір Лобач, – застаецца адно: мы жывыя, дзякуючы незлічоным пакаленням нашых продкаў. А дзяды жывяцца ў выраі нашай светлай памяццю пра іх. І калі прыходзіць час, варта запаліць свечку на сваім стале ды гукнуць ціхенька дзядоў, каб святыя душы не заблукалі ў сучасным мегаполісе. Таксама трэба памятаць і тое, што ў нацыянальным вымярэнні беларусы павінны з пашанай ставіцца не толькі да сваіх сямейных каранёў, але ўважаць за агульных продкаў тых людзей, што паклалі сваё жыццё за Беларусь на працягу многіх стагоддзяў і здабылі ёй пачэсны пасад між народамі».
Чытайце таксама: «З жалеза.by». У Полацку запрашаюць пазнаёміцца з гісторыяй кавальства і наведаць майстэрню каваля
«Род. Сям'я. Лёс чалавечы». На выставу старых фотакартак запрашаюць у Наваполацку
500-гадовую кнігу Францыска Скарыны можна пабачыць і пагартаць у Полацку