Трэці фестываль пластычных спектакляў «УMOЎNO» пройдзе ў Полацку 11-13 лістапада. Удзельнічаюць калектывы з Мінска, Віцебска, Санкт-Пецярбурга, а таксама нашы мясцовыя зоркі – «Полацкі Зьвяз» і «Пілігрым.
Мэтай фестывалю арганізатары называюць абмен вопытам у тэатральных эксперыментах і накірунках на шляху да тэатра будучыні. Першы фестываль у 2019 годзе ладзілі з монаспектакляў, далей вырашылі дадаваць новыя формы, шукаць, вучыцца, рухацца наперад.
У назве праекта закладзена адразу некалькі сэнсаў. Аснову складае слова mono (ад старажытнагрэцкага «адзін»). Акцёр уласным прыкладам дэманструе мастацтва перадачы эмоцый, змены настрою, паказвае эвалюцыю метаду стварэння вобраза героя, улічваючы сучасныя тэндэнцыі свету.
Літара «Ў», што не сустракаецца ў іншых кірылічных алфавітах, падкрэслівае моўныя асаблівасці беларускага народу і ў некаторай ступені выступае як сімвал яго ўнікальнасці.
А яшчэ, кажучы пра тэатр, нельга не мець на ўвазе пэўную ўмоўнасць таго, што адбываецца на сцэне, дзе шмат залежыць ад рэжысёра, ад галоўнай думкі, ад успрымання гледача.
Праграма «УMOЎNO» абяцае шмат цікавых сустрэч. Спектаклі будуць праходзіць на двух сцэнічных пляцоўках – у Полацкім гарадскім Палацы культуры і ў Цэнтры культуры «Полацк».
Спектакль «Умка» – кранальная гісторыя пра спазнанне свету, цікаўнасць і дабрыню, што не пакіне абыякавымі ні дзяцей, ні дарослых.
Далёка-далёка на Поўначы ў вастраверхіх чумах жывуць людзі, якія па некалькі месяцаў не бачаць сонца. Доўгай зімовай ноччу яны распавядаюць адно аднаму сумныя і вясёлыя гісторыі.
Напрыклад, пра белага мядзведзіка Умку, што сустракае сваё першае сонца і знаёміцца з незвычайнымі мядзведзямі. Ці зможа ён пасябраваць з маленькім чалавекам і што атрымаецца з іх незвычайнай прыхільнасці?
Пластычны спектакль «Васіль Кандзінскі. Без косак» – вольная інтэрпрэтацыя творчай спадчыны рускага мастака ў стылі абстракцыянізму. Пошук сябе, свайго стылю, колер, форма, адчуванне прасторы, адзіноты, прадчуванне новага, магчымасць праз пачуцці, каханне дакрануцца да сапраўднага мастацтва.
«Каралева прыгажосці» раскрывае гісторыю сапраўднай вайны. Вайны паміж маці і дачкой. Яны пражылі разам цэлую вечнасць і, здаецца, няма ніякай надзеі, што гэта калі-недудзь скончыцца. Узаемная нецярплівасць, кпіны. Ці зменіцца што-небудзь для галоўнай гераіні?
«Дом Бернарды Альбы». Поўдзень Гішпаніі. Андалусія. Вялікі дом. Дзесяць жанчын, ніводнага мужчыны і нясцерпная прага кахання.
Пранізлівая драма гішпанскага паэта Федэрыка Гарсія Лоркі – гэта гісторыя пра сям’ю, свабоду, жаданні і адзіноту. Прыгнечанае пачуццё кахання, на думку аўтара, праз нейкі час усё роўна вырвецца, але замест шчасця яно прынясе гібель.
«Радзівiл». Барбара Радзівіл не была знакамітым асветнікам, меценатам, палітыкам. Хто можа сказаць, аб чым яна марыла, каго кахала, ці была шчаслівая?
Ідзе час, змяняюцца пакаленні… Адно застаецца нязменным: заўсёды побач гераізм і здрада, прага ўлады і бескарыслівае служэнне, нізасць або чысціня памкненняў. І кожны сам абірае свой лёс.
«Што здарылася ў заапарку?». Тэма татальнай адзіноты людзей падаецца праз парадаксальны сюжэт. Спектакль пра марнасць пошукаў узаемаразумення. Калі двое размаўляюць, слухаюць, але не чуюць адзін аднаго. Усе прыходзяць і сыходзяць сюды ў адзіноце.
«Чытаем Чэхава». Гэта спроба праз пластыку і харэаграфію перадаць неверагодны строй тэксту рускага пісьменніка, распавесці гісторыю дробнага чыноўніка Чарвякова, з якім здарыўся невялікі казус.
«Навучы мяне лётаць». Прыгожая гісторыя кахання з першага погляду скончылася ў адзін момант. Яны згубіліся ў хаатычным свеце. Яе вобраз застаўся на фотаздымку і ў Яго снах і марах. Адзінота і безвыходнасць прывялі галоўнага героя да вар’яцтва. Яны сустрэліся ў сне… Мужчына і жанчына апынуліся «зняволенымі», «замураванымі» ў чатырох сценах без вокнаў і дзвярэй. Адзіны прадмет, венскі стул у прасторы квадратнага пакоя, стаў для яе дапамогай у спробе нагадаць пра іх першую сустрэчу, і пра тое, што яна побач…
«Вытанчаны падман». Карцёжнікі Суцяшальны, Швохнеў і Кругель віртуозна ашукваюць і абкрадаюць заезджага шулера Іхарава. Пры першым знаёмстве яны робяць выгляд, быццам не ведаюць пра здольнасці Іхарава, які спрактыкавана валодае картамі і мае крапавую, шулерскую калоду. Ён жа мэтанакіравана сядае гуляць з імі, бо чуткі пра майстэрства і ўменні гэтай кампаніі даўно ходзяць па свеце. Жадаючы пераплюнуць вялікіх знаўцаў сваёй справы, Іхараў сам трапляе ў складаную сітуацыю, у сетку вытанчанага падману.
«Простыя рэчы». Некалькі маленькіх гісторый, расказаных адзін аднаму ў розных сітуацыях. Пра чалавечыя адносіны, меркаванні, страхі, сумненні, лёсы, жыццё і каханне.
Чытайце таксама: 500-гадовую кнігу Францыска Скарыны можна пабачыць і пагартаць у Полацку
«З жалеза.by». У Полацку запрашаюць пазнаёміцца з гісторыяй кавальства і наведаць майстэрню каваля
Почему Полоцк обязателен для посещения? Минчане рассказали, каким увидели наш город