Мілагучнай назвай «Піліпаўка» ў народзе называлі шасцітыднёвы перадкалядны пост, які пачынаўся 28 лістапада, на наступны дзень пасля прысвятка апостала Філіпа. Пра асаблівасці гэтага самага цёмнага часу года мы папрасілі распавесці доктара гістарычных навук з Полацка Уладзіміра Лобача – вядомага этнографа, фалькларыста, даследчыка традыцыйнай культуры беларусаў.
Дык што такое лапуны і Пагалоўшчына, як нашы продкі калолі кабана і начынялі кілбасы, па якіх прыкметах прадказвалі надвор’е, якім чынам варажылі на суджанага і мацавалі сувязі ў вясковай супольнасці? Пра усё гэта – чытайце далей.
Астранамічна час Піліпаўкі вызначаўся імклівым скарачэннем дзённага святла, што знайшло адлюстраванне ў прымаўцы «У Піліпаўку дзень за паўдня».
У зямным жыцці людзей пераставалі спраўляцца вяселлі, але менавіта ў гэтую пару ваўкі збіраліся ў зграі і стваралі свае шлюбныя пары. Дзяўчаты тым часам пралі ды ткалі лён. Каб даволі манатонная праца была весялейшай, яны збіраліся ў адну хату на попрадкі, дзе за кроснамі ці калаўротамі гучалі піліпаўскія песні.
«Пойдзем, дзевачкі, у начлежачкі.
Возмем, дзевачкі, паўтары мычачкі.
Напрадзем, дзевачкі, паўтары цэвачкі.
Аснуём, дзевачкі, паўтары губачкі.
Пойдзем, дзевачкі, на сяло бёрда шукаць.
Усё сяло абыйшлі, бёрда не найшлі.
Будзем, дзевачкі, у прасла кросны снаваць,
Будзем, дзевачкі, у тыя кросны ткаць».
Зразумела, што для маладых дзяўчат, якія сабраліся на попрадкі, матыў працы ня быў адзіным. Тэма кахання ды узаемаадносінаў з любым чалавекам была не менш важнай.
«За што мяне друг не любіць?
Хоць я тонка, дак высока.
Хоць я бела, дак румяна.
На работу хаджу рана.
На рабоце прыпазняюся,
Табе, мілы, нараўляюся».
У часе Піліпаўкі спраўдзіць свае сардэчныя мары і спадзяванні дзяўчаты маглі ў дзень святога Андрэя, калі, як лічылася, праўдзяць дзявоцкія варожбы на будучы шлюб. Як гэта адбывалася на Віцебшчыне ў канцы ХІХ ст., занатаваў вядомы этнограф Мікалай Нікіфароўскі:
«Дзяўчына пячэ два хлябцы, ці «лапуны», з двух напарсткаў мукі і строга посціцца цэлы дзень. Перад сном яна, голая, аббягае вакол дома тры разы, трымаючы ў левай руцэ спечаныя ляпёшкі, а ў правай – льняное насенне, якое пакрысе рассыпае са словамі: «Андрэю! Я лён сею, патурбуйся сказаць, з кім буду збіраць!» Лежачы ў пасцелі без кашулі, дзяўчына качае па целу ляпёшкі, з якіх адну з’ядае, а другую кладзе пад падушку: уночы абавязкова сасніць суджанага».
Як межавы, пераходны час Піліпаўка была спрыяльнай для вызначэння будучага надвор’я і ўраджаю. Калі ў апошні дзень перад пастом была непагадзь, можна было разлічваць на ўраджайнае лета. Пагодлівая Піліпаўка абяцала і пагодлівую Пятроўку. Калі ж на Піліпаўку было хмарна і снежна – травень будзе мокры. Іней на галінках дрэваў у гэты час прадказваў добры ўраджай на збожжа.
Піліпаўка лічылася сваеасаблівым пралогам, падрыхтоўкай да Калядаў, калі білі парсюкоў, разбіралі іх, начынялі кілбасы, вантрабянкі ды іншыя прысмакі да будучых святаў.
Пры гэтым, сама працэдура забою свінні мела знакавы характар. Калі калолі кабана і кроў лілася няспынным струмянём – лета будзе дажджлівае, а калі «каса» (селязёнка) была тоўстая спачатку і тонкая ў канцы, гэта азначала суворы пачатак зімы і яе цёплае, хуткае завяршэнне (і наадварот).
Адметнасцю Падзвіння быў звычай Пагалоўшчыны, калі гаспадары, што забілі кабана, запрашалі на свежыну сваякоў і суседзяў. Гэтая традыцыя мацавала сацыяльныя повязі ў вёсцы і спрыяла дабразычлівым суседскім адносінам.
На Піліпаўку не елі скаромнага, да таго ж даваліся ў знакі самыя цёмныя дні годы, таму напрыканцы працяглага поста ўсе з нецярплівасцю чакалі Калядаў:
«Нам Піліпаўка надакучыла,
жываты нашы пазамучыла.
Ой, Калядачкі, прыбліжыцеся,
А кілбасачачкі паніжыцеся».
Чытайце таксама: «Святыя дзяды, хадзіце да нас». Колькі ў Беларусі дзён ушанавання продкаў і як іх адзначаюць?