Фальклорны гурт «Варган» Полацкага дзяржаўнага універсітэта запрасіў палачан і навапалачан на калядную вечарыну з танцамі. Імпрэза сабрала не толькі жыхароў нашага рэгіёна, але і аматараў беларускай традыцыйнай культуры з іншых гарадоў. Завіталі нават госці з блізкага замежжа, што прыехалі да сваякоў на навагоднія святы.
Фальклорны гурт «Варган», як распавяла ягоная кіраўніца Вольга Емяльянчык, аб'яднаў людзей, якія вывучаюць і аднаўляюць традыцыйную культуру беларусаў: спевы, танцы, інструментальную музыку. Для ўдзельнікаў калектыву гэта не сцэнічнае мастацтва, а частка жыцця. Яны натуральным чынам уключаюцца ў каляндарнае кола, адзначаюць традыцыйныя беларускія святы і заўсёды радыя падзяліцца тым, што ведаюць, з іншымі.
Каб пазнаёміць гараджан з традыцыямі святкавання Калядаў, варганаўцы ўжо шмат гадоў паказваюць абрад на базе Полацкага калегіума, адначасова развучваюць з гасцямі беларускія народныя танцы і гульні.
Гэтым разам, як і звычайна, на вечарыне панавала шчырая сяброўская атмасфера. І дзеці, і людзі сталага веку заўзята танцавалі пад жывую музыку, а затым сустракалі вясёлы гурт калядоўшчыкаў, з задавальненнем уключаліся ў святочную дзею.
Каляды прымеркаваныя да зімовага сонцавароту, калі святло перамагае цемру і адбываецца пераход на новы віток жыцця. Нашы продкі жылі ў суладдзі з прыроднымі рытмамі, таму шчыра верылі, што ў гэты знакавы час можна паўплываць на свой лёс і пэўным чынам запраграмаваць будучыню.
Нездарма калядоўшчыкі хадзілі па хатах і зычылі гаспадарам «мець торбу грошай, жыць у раскошы, мець усяго даволі, а бяды ніколі». Каза, якую яны з сабою вялі, сімвалізавала плоднасць, урадлівасць, жыццёвую сілу.
«Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць,
Дзе каза нагой, там жыта капой,
Дзе каза хвастом, там жыта кустом», – спявалі варганаўцы.
Каза танчыла, а потым нечакана падала на падлогу і нібыта памірала. Каб яе ажывіць, а тым самым прывабіць да сябе ўсялякія даброты, госці свята шчодра адарылі калядоўшчыкаў пачастункамі, якія адмыслова прынеслі з дому.
– Радуе, што ў Полацку ёсць магчымасць правесці час у такой цудоўнай кампаніі, паслухаць прыгожыя песні, развучыць танцы, узняць настрой, – дзяліліся ўражаннямі госці вечарыны. І казалі, што падобныя імпрэзы варта ладзіць каля навагодніх елак на плошчах гарадоў, каб больш людзей далучаліся да дзеі і разумелі, як важна берагчы традыцыі.
Чытайце таксама: «Няхай у сэрцах запануе дабрыня». Як у касцёле Наваполацка святкавалі ўрачыстасць Божага Нараджэння
Майстар па саломапляценню Нэлі Радзько прэзентуе магічную выставу ў Наваполацку