21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы, закліканы абараняць моўную разнастайнасць, спрыяць захаванню культурных скарбаў. Як праходзіць гэты дзень у нашым рэгіёне, што прымеркавалі да свята ў Полацку і Наваполацку?
Фота: Кірыл Смалякоў
Актуалізуе важнасць свята на сваёй старонцы ў Інстаграм старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч.
«Дзень роднай мовы, – піша ён, – асаблівы для кожнай нацыі. Несумненна, Полацк як калыска беларускай дзяржаўнасці займае асаблівае месца ў фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці». ️
Кіраўнік горада нагадвае, што ў Полацку ёсць унікальны помнік 22-й лiтары беларускага алфавіта – Ў, устаноўлены 20 гадоў таму. У алфавіце іншых моў такой літары няма. У свеце не існуе такога аб'екта, які па аўтарскай задуме і асаблівасцях увасаблення быў бы падобны да гэтай скульптуры.
«Мова — душа народа, наш галоўны нацыянальны скарб. Нашы продкі нямала зрабілі для таго, каб наша беларуская мова была прызнана роўнай сярод іншых моў свету. Любіце, ведайце і шануйце мову свайго народа, умейце дасканала валодаць ёю!», – заклікае Ігар Марковіч.
З аналагіным заклікам у сваім тэлеграм-канале звяртаецца да землякоў старшыня Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрый Дзямідаў.
Дзень роднай мовы, адзначае Дзмітрый Уладзіміравіч, святкуецца дзеля таго, каб папярэдзіць знікненне ўнікальных гаворак і захаваць моўную разнастайнасць, падтрымаць нацыянальныя культуры, а таксама забяспечыць права кожнага чалавека на карыстанне роднай мовай.
Фото: «Новополоцк сегодня»
Дарэчы, на пачатку дня супрацоўнікаў гарадской адміністрацыі Наваполацка сустракалі дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах. Пад песні беларускіх выканаўцаў яны дарылі паштоўкі з вершамі аб роднай мове і беларускай зямлі.
Фота: ПДУ
Адной з традыцый свята стала ўсебеларуская дыктоўка. Далучыўся да яе напісання і Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай.
З прывітальным словам выступіў рэктар ПДУ Юрый Раманоўскі, а тэкcт пра княжну Прадславу прачытала выкладчык беларускай мовы і літаратуры, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Таццяна Багарадава. Паведамляецца, што ўдзельнiкi, якiя зрабiлi тры i меней памылак, былi ўзнагароджаны рэктарам сертыфiкатамi за выдатнае валоданне беларускай мовай.
Канцэрт беларускай музыкі прысвяцілі Міжнароднаму дню роднай мовы вучні і выкладчыкі дзіцячай школы мастацтваў №1 Наваполацка. Паслухаць «Мелодыі маёй краіны» можна 22 лютага ў канцэртнай зале школы.
Полацкі Музей беларускага кнігадрукавання прымеркаваў да Дня роднай мовы выставу «Нам расці – дык мала дня». Яна як раз пачынае працаваць 21 лютага і прысвечана 100-годдзю першага Усебеларускага літаратурнага аб’яднання «Маладняк».
Асобная ўвага надаецца Полацкай філіі «Маладняка», працягам якой стала літаратурнае аб’яднанне «Наддзвінне», дзе рабілі свае першыя крокі Генадзь Бураўкін, Валянцін Лукша, Навум Гальпяровіч і іншыя вядомыя літаратары.
Аддзел па адукацыі Наваполацка ў сваім тэлеграм-канале ў Дзень роднай мовы змяшчае ўсе матэрыялы па-беларуску. Тут прапануюць прыняць удзел у агульнабеларускай дыктоўцы, праводзяць апытанне «Які твор беларускай літаратуры вам падаецца найцікавейшым?», а таксама ўслаўляюць беларускую мову паэтычнымі радкамі з верша Леаніда Пранчака:
«Ты бабуліна казка,
Ты матуліна ласка,
Ты гаючая краска,
Ты ад болю замова.
Хлеб на чыстым абрусе,
Храм, дзе Богу малюся,
Ты душа Беларусі,
Беларуская мова!».
А палачанам не зашкодзіць згадаць словы славутага першадрукара Францыска Скарыны: «Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў».
У беларускіх пісьменнікаў і асветнікаў ёсць шмат шчырых, пранізлівых радкоў пра родную мову. Чытаць іх варта і 21 лютага, і ў любы іншы дзень года. Не толькі чытаць, але вучыць родныя словы, спрабаваць размаўляць па-беларуску, карыстацца сваёй мовай ў штодзённым жыцці. Каб не знікла яна, а квітнела, як роўная сярод роўных, узбагачала кожнага з нас, яднала нацыю, мацавала Беларусь і рабіла беларусаў адметнымі сярод іншых народаў свету.
Якуб Колас: «Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову».
Іван Мележ: «Хто не паважае родную мову, не паважае родны народ».
Францішак Багушэвіч: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі».
Уладзімір Караткевіч: «Дзве старонкі, дваццаць ці дзвесце... А можа, тысячы тысяч?.. Усё адно, нават іх будзе мала, каб годна ўславіць цябе, родная беларуская мова».
Читайте также: «Не слышно белорусского». Жительница Полоцка поделилась рассуждениями, которые навеял Международный день родного языка
Концертному залу Софийского собора в Полоцке исполнилось 40 лет – посмотрите старые фото и видео
Встречаем Масленицу: семь рецептов самых вкусных блинов на каждый день недели