Хрысціяне заходняга абраду адзначаюць Вялікдзень – Светлае Уваскрасенне Хрыстова. Напярэдадні свята да вернікаў звярнуўся з віншаваннем Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Прыводзім словы з яго відэазвароту.
Фота: catholic.by
«Паважаныя браты і сёстры ў Хрысце, усе людзі добрай волі. Сёння мы адзначаем найбольшае свята ў хрысціянскім свеце – перамогу Хрыста над грахом і смерцю. Наш Збаўца, прайшоўшы праз страшэнныя пакуты і выпрабаванні, аддаў сваё жыцце за збаўленне людзей.
Сёння мы ўсё часцей чуем пра пагрозу смерці, пра катастрофы і войны, якія пагражаюць ужо не толькі паасобнаму народу ці краіне, але і ўсяму свету. Што рабіць у такой сітуацыі, дзе шукаць паратунку? Адказ на гэта дае Святое пісанне. Апостал Павел у пасланні да рымлянаў кажа: “Калі мы памерлі разам з Хрыстом, то верым, што разам з ім і жыць будзем”.
Што азначае памерці з Хрыстом?
Перадусім, гэта азначае адмовіцца ад граху, перастаць пагражаць, адмовіцца ад насілля, гвалту, крадзяжу і падману. І гэта будзе тым першым уваскрасеннем, якое захавае наш свет ад знішчэння, а кожнага з нас ад раптоўнай смерці.
Няхай уваскрослы Хрыстос напаўняе вашыя сэрцы супакоем і надзеяй, надзеяй не толькі на годнае жыццё ў гэтым свеце, але, перадусім, на ўдзел у хвале неба, у хвале Божага валадарства.
Радасці, святла і супакою ў кожнае вашае сэрца, у кожны ваш дом!
Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!».
Фота: Gorod214
Чытайце таксама: Праз яго творы спасцігаеш Беларусь – не прапусціце выставу знакамітага мастака Гаўрыіла Вашчанкі ў Полацку
Ліра, цымбалы, дуда – у Полацку прэзентавалі традыцыйныя музычныя інструменты беларусаў