Жэня і Маша – звычайныя школьніцы. Не, ўсё ж незвычайныя, бо, па-першае, яны зноў і зноў бяруць прызавыя месцы на абласных ды рэспубліканскіх этапах алімпіяды па роднай мове. А, па-другое, дзяўчаты – беларускамоўныя. І мова ім так пасуе! Вы проста паслухайце, як Жэня і Маша падрабязна распавялі нам аб прычынах свайго моўнага выбару.
Марыя Батурына, Полацкая дзяржаўная гімназія 1 імя Ф. Скарыны:
– Згадзіцеся, часам нейкае дробязнае рашэнне ці выпадковая думка аказваюць неспадзявана вялікі ўплыў на будучыню. Вядома, разумееш гэта толькі пасля і шчыра дзівішся, як удала і гарманічна ўсё склалася. Такая ж дробязь некалі адкрыла для адной пяцікласніцы бязмежны свет роднай мовы.
Як у большасці, у 10 гадоў у мяне нават не было ўяўлення пра напрамак, у якім зацікаўлена развівацца. Але ўжо тады мне трэба было вызначыцца з прадметам для ўдзелу ў алімпіядным руху. Паколькі мела адны дзясяткі, выявіць схільнасць было цяжка: падабалася ўсё і пакрыху. Пры гэтым, нягледзячы на добрыя адзнакі, пэўныя складанасці мела з беларускай мовай. І па іроніі лёсу менавіта яе абрала ў якасці алімпіяднага і наогул любімага прадмета.
Алімпіяда па роднай мове і літаратуры – гэта не проста шматгадзінныя заняткі, гэта іншае маленькае жыццё. Удзел у кожным этапе, у зборах, дзе адбываецца падрыхтоўка, дорыць, акрамя бясконцага багажу ведаў, яшчэ і беларускамоўных сяброў, запамінальныя ўражанні ад новых мясцін і проста карысны жыццёвы вопыт, эмоцыі.
Маім чарговым крокам да мовы стала стварэнне ў сеціве суполкі "БЕЛкі". Там мы з сяброўкай Кацяй кожны дзень выкладаем пасты на розныя тэмы, але па-беларуску. Так мы і самі даведваемся шмат, пакуль шукаем інфармацыю, і, спадзяюся, дорым радасць падпісчыкам.
Цяпер, канечне, ужо і не магу ўявіць жыццё без роднай мовы. Гэта не дробязь, а значная частка мяне самой. Як трапна заўважыў Янка Сіпакоў, "час робіць важным тое, што раней здавалася нявартым увагі". І я вельмі шчаслівая, што ў пятым класе ўсё адбылося менавіта так.
Яўгенія (справа) з сяброўкай Насцяй, таксама выдатнай беларускамоўнай алімпіядніцай
Яўгенія Кабяк, гімназія № 1 г. Наваполацка:
– Як я дайшла да такога жыцця?
Да пятага класа беларускую мову цярпець не магла з тае прычыны, што ў пачатковай школе мела дзясяткі па ўсіх прадметах, а па беларускай – дзевяць. Але ў старэйшай школе мая настаўніца ўчыніла маленькі цуд, дужа прыгожа прачытаўшы нам Максіма Танка "Ля вогнішч начлежных". Я ж рамантык! А якая паэма! Мне хапіла двух прачытанняў, і я ўжо ведала яе на памяць. Адносіны з мовай крышку памяняліся. Мяне запрасілі на алімпіяду, згадзілася, выйграла і... На гэтым скончылася інтэрвенцыя беларускасці.
А ў 9 класе, ужо год паездзіўшы-пабадзяўшыся па інтэрнатах-зборах-алімпіядах, захацела па-беларуску размаўляць паўсюль. Бо нейкая напаўшчырасць, на вусным выказванні казаць адно, у водгуку пісаць пра любоў, а ў жыцці маўчаць. І я паспрабавала сказаць "на прыпынку, калі ласка". Ніхто не адрэагаваў негатыўна. Я была рада, і цяпер выкарыстоўвала гэта паўсюль.
Ну й цяпер колькі слоў пра самую прыемную частку!
За мае тры беларускамоўныя гады я ні разу не чула, каб хтосьці агрэсіўнічаў у мой бок, таксама, як не чула, каб хтось не зразумеў. Людзі рэагуюць радасна! І самае смешнае, што некаторыя далучаюцца, запытваюць. Няма для беларуса большага шчасця, як людзі, якіх ён натхніў гаварыць па-наску.
У мяне кола найлепшых у свеце беларускамоўных сяброў! Дзякую за гэтых людзей штодня! Бо мая мова падаравала мне знаёмых пісьменнікаў і выкладчыкаў, годных, добразычлівых, сапраўдных найлепшых сябровак(мы кнігамі мяняемся!).
Ніколі не думала, што так памяняецца жыццё. Што столькі будзе цікавага ды добрага вакол мяне. Вельмі ўдзячная беларускай мове за ўсё гэта.
Ну й асаблівы дзякуй маім дарагім настаўнікам, выкладчыкам, сяброўкам, ды й кожнаму, хто да беларускага не абыякавы.
Калі дзяўчаты і вам спадабаліся, прыходзьце да нас у сацсеткі, ды пакідайце каментары для дзяўчат. А калі яшчэ на роднай мове напішаце – то будзе годна, нашы каханенькія-родненькія чытачы.
Читайте также: «Не слышно белорусского». Жительница Полоцка поделилась рассуждениями, которые навеял Международный день родного языка