Главная > Новости > Интервью > Як выбраць свайго доктара і вярнуцца да жыцця пасля цяжкай траўмы? Натхняльная гутарка са стаматолагам Дзмітрыем Галімскім пра Полацк, спорт, шчасце і выклікі самому сабе


Як выбраць свайго доктара і вярнуцца да жыцця пасля цяжкай траўмы? Натхняльная гутарка са стаматолагам Дзмітрыем Галімскім пра Полацк, спорт, шчасце і выклікі самому сабе

14:15, 21.07.2025 5821 Источник: https://gorod214.by/

Наш новы герой – доктар, які можа натхніць не толькі медыцынскім расповедам, але і асаблівай жыццёвай гісторыяй. Якім быў яго шлях у стаматологію, што дапамагло падняцца і прабегчы марафон пасля цяжкай траўмы, у чым сэнс жыцця, як быць шчаслівым і чаму, куды б не паехаў, заўсёды хочацца вярнуцца ў Полацк? Пра усё гэта мы паразмаўлялі з Дзмітрыем Галімскім.

 DSC_0816g

Пра выбар свайго доктара, прафесію і чаканні пацыентаў

– Прадстаўцеся, калі ласка, нашым чытачам. Як бы вы самі сябе прэзентавалі?

– Дзмітрый Галімскі, 38 гадоў. Працую стаматолагам, займаюся бегам, боксам – напэўна, гэта мае самыя значныя актыўнасці. Цікаўнасцяў па жыцці шмат, мне многія рэчы падабаюцца, але гэтыя, думаю, найбольш вызначальныя.

– Давайце пачнем з прафесіі. Як вы ў яе прыйшлі?

– З аднаго боку, можна сказаць, што ў мяне і выбару асабліва не было. З другога боку – і не супраціўляўся моцна. У мяне ўся сям’я – медыкі: бабуля, цёця, бацька – ва ўсіх вышэйшая медыцынская адукацыя. Усе яны скончылі Віцебскі дзяржаўны медыцынскі універсітэт. І маці таксама з гэтай жа галіны, яна працавала медсястрой. Таму неяк так выйшла, што з дзяцінства гэта ўжо быў нібы факт: ты, Дзіма, будзеш працягваць дынастыю.

У маленстве я літаральна поўзаў па падлозе і разглядаў старонкі трохтомніка «Частная хирургия»: яшчэ і чытаць не ўмеў, але малюнкі разглядаць вельмі падабалася. Фотаздымкі там былі даволі натуральныя, як дзіця, я не разумеў, што гэта, але чамусьці было вельмі цікава.

– Вы добра вучыліся ў школе?

– У пачатковай школе – на выдатна. А калі пасля пятага класа ў мяне пайшлі нейкія чацверкі, падумаў, што гэта ўсё, ні ў якія дактары мяне такога не возьмуць. І пачаў захапляцца выразаннем па дрэве. Хадзіў у адмысловы гурток, нават на вобласці прызавое месца заняў. Тады здавалася, што маё жыцце ў будучым – гэта які-небудзь сталяр-цясляр.  І мне гэта праўда падабалася. Настаўнік працоўнага навучання даволі паспяхова выкарыстоўваў гэты мой скіл, некоторыя вырабы ў нацыянальнай стылістыцы ўпрыгожвалі школьны кабінет. То бок я думаў, што буду паступаць у профтэхвучылішча.

– Але нешта пайшло не так?

– У канцы дзевятага класа маці даведалася, што ў Віцебску ёсць ліцэй з медыцынскім ухілам, пасля якога можна паспрабаваць патрапіць у ВНУ.  Туды я паспяхова паступіў, і ліцэй і праўда быў вельмі моцны. Я нават не ўяўляў, што так можна вучыцца – гэта непараўнальна з сярэдняй школай. Мы ўвесь час былі занятыя вучобай. Калі скончыў, якраз у Беларусі ўвялі ЦТ: я набраў нядрэнныя балы і зразумеў, што хутчэй за ўсё патраплю, куды хачу.

DSC_0841g

– Як мы разумеем, усё атрымалася.

– Так. Цікава, што ў маёй бабулі (яна працавала тэрапеўтам) была мара, якая фактычна перадалася мне, – вывучыцца на пластычнага хірурга. Тыпу гэта ў медыцыне вышэйшая каста. Калі я паступаў, лічылася, што на сківічна-тваравага хірурга трэба было ісці пасля стаматалагічнага факультэта, але не лячэбнага. Там, канешне, конкурс быў вышэй, але я паступіў.

І вось тут зразумеў, што мары часта не супадаюць з рэальнасцю: калі ў нас пачаліся заняткі ў абласной бальніцы, дзе займаюцца гэтым напрамкам хірургіі, я ўбачыў трошкі іншае. Усё не так рамантычна – гэта не пра тое, як прыгожыя жанчыны становяцца яшчэ больш прыгожымі. Часцей гэта пра мужчын, якія ў не вельмі лірычных абставінах апынуліся са зламанай сківіцай… Безумоўна, гэта ўсё роўна важная справа, але далёкая ад маіх юнацкіх мар.

Патлумачу: я працую стаматолагам-хірургам і артапедам – калі скончыў вучыцца, стацыянарная хірургія на той момант мне ўжо здавалася не такой цікавай, бо мяне захапіла паліклінічная хірургія. Гэта свой узровень, і я абраў яго. Хаця прапанова паступіць у магістратуру і працаваць на кафедры сківічна-тваравай хірургіі ў мяне была

DSC_0834g

– Як даўно вы ў стаматалогіі?

–  Ужо 16 гадоў, працаваў і ў Наваполацку, і ў Полацку. Зараз – ў прыватнай клініцы. Маю вышэйшую катэгорыю.

– Як ставіцеся да сваёй прафесіі? Гэта звычайная работа ці, як кажуць, прызванне, місія, служэнне людзям?

– Лічу, што чалавеку, каб добра выконваць сваю працу, не абавязкова шукаць нейкія дадатковым моманты яе значнасці. Калі ў цябе нармальныя маральныя прынцыпы, гэтага ўжо дастаткова, каб сумленна працаваць. Твая галава, твае рукі, каштоўнасці – гэтага хапае, каб лічыць, што ты прафесійныя задачы будзеш рабіць па максімуму. Важна, каб табе падабалася твая праца і была табе шчыра цікавая. Калі ты бачыш, што справа твая не пустая, ты і так будзеш укладаць у яе сваю душу.

– Што вам прыносіць найбольшае задавальненне ў працы?

– У маёй справе трэба, каб сышліся тры моманты: каб пацыент быў задаволены працай, якую я зрабіў, каб сам я быў задаволены працай, якую я зрабіў, і каб гэтая праца была дастаткова складанай. То бок, каб я ведаў, што справіўся з дастаткова складаным выпадкам.

А але іншы раз здараецца парадокс, калі чалавек, далёкі ад медыцынскіх момантаў, не можа ацаніць складанасць зробленай працы. Напрыклад, пацыент прыйшоў выдаліць зуб. Той ужо хістаецца, і мая задача не вельмі цяжкая, любы студэнт зробіць. А чалавек рады і кажа, маўляў, доктар, у вас залатыя рукі, ніхто так добра мне раней не выдаляў зубы.

А бывае, што прыходзіць пацыент рэальна са складанай сітуацыяй, табе даводзіцца павазіцца, і чалавеку не вельмі камфортна. Сам ты пры гэтым разумееш, што зрабіў тое, за што, можа і не кожны возьмецца. Па сутнасці, ты задаволены сабой: гэта прафесійны выклік, і ты яго ўзяў. А сам пацыент можа скардзіцца, што так доўга доктар вазіўся, што баліць яшчэ. Пры гэтым ён не разумее, што ў іншых месцах яго б увогуле не сталі прымаць, сказалі б: цяжкі выпадак, звяртайцеся ў Віцебск ці ў Мінск.

DSC_0829g

– Вы сутыкаецеся са стэрэатыпамі адносна сваёй прафессіі?

– Хутчэй, з даволі тыповымі рэчамі. Калі, напрыклад, у кампаніі нехта даведваецца, што я стаматолаг, пачынаецца эмацыйнае распавяданне пра выпаўшыя пломбы і выдаленыя зубы. Іншы раз, канешне, ад такіх размоў хочацца адпачыць. Шчыра скажу, я не ўвесь час імкнуся жыць сваёй працай, вольны час павінен быць вольным.

– Як хутка вы пераключаецеся? Эмацыйна гэта складана?

–Так, складана. Я чалавек, які цяжка адключаецца ад прафесійных праблем. Калі казаць аб’ектыўна, усё ж перманентна здараюцца сітуацыі, якія патрабуюць падумаць яшчэ, як правільна зрабіць. Не заўсёды ўсё ідзе так, як бы хацелася. Ты можаш нервавацца, пастаянна пракручваць у галаве, шукаць варыянты вырашэння. А часта сітуацыя патрабуе быць у нейкім сэнсе яшчэ і псіхолагам.

Думаю, з усіх прафесій да нашай у людзей запатрабаванні ці не самыя вялікія. Пацыент чакае культурнага і ветлівага звароту, адказнага стаўлення, і гэта абсалютна нармальна. Частка майго прафесіяналізму павінна быць і ў тым, каб ствараць камфортныя ўмовы для пацыента.

DSC_0852

– Як выбраць свайго стаматолага і ці важна гэта ўвогуле?

– У нашай справе вынік не заўсёды бачны хутка. І тут ёсць такія падводныя камяні, што некаторыя моманты якасна ацаніць можа толькі другі доктар, для пацыента не ўсё можа быць адразу відавочна.

Вось чалавеку зрабілі каронку, ён глядзіць – ага, усё нармальна. І задаволены сыходзіць. Але, можа, калі б гэта ўбачыў калега ўрача, то знайшоў бы не адзін негатыўны момант. Зараз пацыенту падабаецца, а праз два гады – будуць пытанні. Разумееце? Сам чалавек не можа адразу гэта ацаніць, яго вывады могуць быць далёкія ад ісціны.

– Мы і праўда часта выбіраем, ці падабаецца нам доктар, менавіта ў размове. Можа ён прыязна вядзе гутарку, а лечыць не заўсёды выдатна?

– Не абавязкова так, канешне. Але, бывае, што ў доктара ёсць таленты ў камунікацыі, якія недзе закрываюць яго прабелы ў скілах. У той час, як не вельмі гаваркі ці ласкавы доктар выдатна працуе рукамі і вельмі граматны спецыяліст. Ідэальна, калі ўсё супала. Таму выбраць свайго доктара часта і праўда не так лёгка. Але так жа ў любой іншай сферы.

DSC_0836g

– Дык як усё ж зрабіць выбар?

– Думаю, на ўзроўні ўнутранага пачуцця даверу. Калі ў цябе няма канэкта з доктарам, напэўна, супрацоўніцтва не складзецца. Калі пацыент сумняваецца, некамфортна будзе і доктару, і яму самому. Па шчырасці, я і не прыхільнік таго, што кожны пацыент абавязкова павінен застацца ў мяне. Хтосьці хоча дыскутаваць з урачом амаль па кожнай пазіцыі ў лячэнні, а хтосьці кажа: вы доктар, выбірайце, а я цалкам давяраю. Розная сукупнасць фактараў: тое, што ў табе прываблівае аднаго пацыента, будзе напружваць другога.

Урэшце, не існуе аднаго доктара, які б задаволіў усіх пацыентаў. Бо кожны чалавек мае свой прыярытэт. Адзін проста садзіцца, тэлефануе па ўсіх клініках і ідзе туды, дзе танней. Другі – будзе чытаць водгукі ў інтэрнэце, разглядаць старонку стаматолага ў сацсетках, унікаць ва ўсе дробязі. Нехта чакае шчыльнага кантакту ў лячэнні, а нехта – аддае ўсё на давер доктару. І калі мы гаворым пра тыя ж водгукі, на аднаго і таго ж стаматолага яны могуць быць супрацьлеглыя. Эмпатыя і давер – вось, напэўна, на што трэба абапірацца ў выбары.

– Вас ведаюць як доктара, які свабодна гаворыць на дзвюх дзяржаўных мовах і можа весці прыём па-беларуску. Як да гэтага ставяцца пацыенты?

–  У асноўным рэагуюць нейтральна ці пазітыўна. Пераважна людзям гэта падабаецца, я адчуваю падтрымку. Але калі нехта не разумее беларускую, я спакойна размаўляю з ім па-руску.

Проста лічу неабходным ведаць родную мову, яна прыгожая і вартая таго, каб часцей гучаць у штодзённым жыцці. Кожны беларус можа зрабіць крок у напрамку развіцця гэтых добрых культурных працэсаў.

Пра бег: дарожнае здарэнне, пераадольванне сябе і «Ласіная сцежка»

photo_2025-07-15_21-50-38

– Вы доктар, які  захапляецца бегам. Як гэта пачалося?

– Тут прыйдзецца пачынаць з прэлюдыі. Гэта глыбока персанальная гісторыя, але я гатовы падзяліцца. Напрыканцы першага свайго мотасезона я трапіў у даволі жорсткае дарожнае здарэнне. Траўмы былі дастаткова цяжкія: спачатку пытанне стаяла, ці буду я ўвогуле жыць. Потым – ці буду хадзіць. У мяне быў пералом пазваночніка, траўма галаўнога мозга, рэбры, легкія, скулавая косць – дасталося, словам.

Спачатку мяне аперыравалі ў Полацку, доктара выклікалі з Мінску, а потым па санавіяцыі адправілі ў сталіцу. І там ужо было лячэнне, такі няпросты шлях рэабілітацыі. Вельмі ўдзячны свайму доктару Руслану Уладзіміравічу Нечаеву. Мы і зараз падтрымліваем камунікацыю, ён сочыць за маімі бегавымі поспехамі.

– Хіба спалучаюцца такія моцныя траўмы і бег? Гучыць нібыта кіно, ці такое бывае?

– Ну, як бачыце. Карацей, пасля таго, як я выпісаўся, форма фізічная ў мяне была ніякая. Бо два месяцы быў ложкавы рэжым, я не ўставаў. Як дазволілі устаць, праз месяц ужо больш-менш хадзіў. Там пачаліся свае праблемы: арытмія, тахікардзія, цяжка было падымацца па лесвіцы, галава кружылася. Пры гэтым да аварыі я хадзіў на бокс, займаўся ў трэнажорнай зале. А тут – які спорт?

photo_2025-07-15_22-01-16 (2)

– І праўда, Дзмітрый, які спорт?

– У мяне сябра пачаў бегаць. Я глядзеў на яго. Патрошкі пачаў варушыцца ў трэнажорцы. А там, значыць, бегавая дарожка. А ў мяне такая дурная натура, што калі нешта распачынаю, то раблю сабе выклікі. І вось на гэтай дарожцы я вырашыў, што хачу 20 км прабегчы. На вуліцы пачаў – прабег кіламетраў пяць, ну нічога, спіна не баліць. Стаў на гэтую дарожку і не ведаў, што там адлік у мілях (а міля – 1.6 км). Калі я думаў, што прабег дзесятку, фактычна там было ўжо 16 км. Канешне, з мяне там сем патоў сышло, ледзь сышоў з тае дарожкі. Але вырашыў: трэба прагрэсаваць.

photo_2025-07-15_21-45-10 (2)

– Цікава, што вас не спужала гэта.

– Не спужала. Але падумаў, што трэба неяк сур’ёзна падыйсці. Паехаў на «Спартак», літаральна ў вахцёра запытаў, дзе тут у вас знайсці якога-небудзь трэнера па лёгкай атлетыцы. Мяне накіравалі, і я пазнаёміўся з Аляксандрам Мішчанковым.

Так супалі зоркі, што мы некалі вучыліся ў адной школе. Ну і ён сказаў, што дапаможа, накідае нейкі план. І праўда склаў план, фактычна пад яго кіраўніцтвам я пачаў бегаць. І бегаў даволі доўга, ён шмат часу мне дапамагаў. Адзначу, што Аляксандр працаваў з дзецьмі і зусім не быў абавязаны займацца з дарослымі. Я быў гатовы на платныя паслугі. Але ён проста мне дапамог, не за грошы. І доўгі час мы з ім працавалі: зараз ён ў Віцебску, таму я ўжо трэніруюся сам.

DSC_0864g_1

Аляксандр не проста накідаў мне план трэніровак – ён пастаянна яго змяняў, карэктаваў, патрабаў весці дзённікі, запісваць паказчыкі пульса, кіламетраж, тэмп. Тады маёй мэтай быў марафон, але праз падрыхтоўку да яго высветлілася, што маёй улюбенай дыстанцыяй стаў паўмарафон. А марафон фактычна толькі раз і прабег.

photo_2025-07-15_21-49-24

– Даўно гэта было? Калі пачалася бегавая гісторыя?

– Пяць гадоў таму. Зімой. А па восені я ўжо бег свой першы паўмарафон у Оршы. І прабег дастаткова нядрэнна для аматара. Нават для здаровага аматара прабег добра. Так я пачаў выходзіць на сур’ёзныя хуткасці, захацеў паляпшаць вынікі. Паехаў аднойчы ў Брэст, і там нават першае месца ў сваім узросце ўзяў.

photo_2025-07-15_21-50-39

– Прабачце, але немагчыма не спытаць. Тыя траўмы неяк адчуваліся?

– Канешне, з-за іх я вельмі прасеў па форме. Але не магу сказаць, што ў мяне нешта асабліва балела. Было складана пачынаць. Да аварыі я быў 85 кг, а тут – 74. Гэта значыць, што я згубіў усю «мышечную массу». То бок пачынаў я, ўмоўна, з узроўню не нуль, а мінус 10. Але прагрэс быў добры. Раней я і бег не любіў, а тут пачаў паглыбляцца ва ўсё гэта: гляджу нейкія відосы, чытаю кніжкі, трэнер накідвае план. Ты купляеш спецыяльны гадзіннікі, пульсамер, сочыш за паказчыкамі. Усё цікавей і цікавей.

photo_2025-07-15_22-01-15

– Гэта крутая матывацыйная гісторыя.



– Магчыма, і так. Пачынаў я некалі бегаць па асфальце – так званы гладкі бег. На Ніжняпакроўскай, дзе кожны метр ведаю. А потым пазнаёміўся з кіраўніком праекта «Ласіная сцежка» Антосем Навічэнка і яго сябрамі, адчуў вялікую розніцу. Справа ў тым, што яны не проста бегуны, яны моцныя арыентыроўшчыкі, на вельмі сур’ёзным, прафесійным узроўні, майстры спорту. А я прыйшоў такі да іх, маўляў, на Брэсце першае месца заняў – лічыў, што ў мяне ўжо добры ўзровень.

І тут я трапляю на іх трэйл, і мяне там проста «вазілі» дзяўчынкі і дзеці. Ніколі не бегаў па горках, не ведаў, што робяць гэтыя хлопцы і які ў іх узровень. Я запісаўся на дыстанцыю ў 20 км, а мяне пасля шостага ўжо абганяюць дзеці, дзяды, я ўжо амаль без прытомнасці там. Не ў тым рэч, што дзеці неверагодна моцна бегаюць. Я проста не ведаў нюансаў трэйлавых дыстанцый, адразу ўзяў занадта вялікі тэмп, і мяне даволі хутка «накрыла». Я перайшоў на крок, таму, канешне, мяне ўсе і абганялі.

Нават адмаўляўся ад медалю – лічыў сябе недастойным. А мне кажуць: ай бяры ты ўжо, уваходзіць у стартавы пакет.

photo_2025-07-15_22-16-52

–  Даволі кінематаграфічны эпізод, так гартуецца характар. Прыемна, што вы расказваеце ўсё з гумарам і самаіроніяй.

–  Зрэшты, я і падумаць тады не мог, што змагу трэніравацца на ўзроўні гэтых хлопцаў. А цяпер ужо даволі добра выступаю, на трэйлах перыядычна трапляю ў прызы. Для аматара ў мяне, здаецца, даволі добрыя вынікі.

photo_2025-07-15_22-10-58

–  Начны забег «Старажытны горад» пабяжыце?

–  Так, збіраюся. Буду спрабаваць там пабіць свой асабісты рэкорд. На паўмарафоне сярод афіцыйных вынікаў мой лепшы – 1 гадзіна 21 хвіліна, а на трэніроўках пару тыдняў таму я прабег за 1 гадзіну18 хвілін і 17 секунд.

Калі казаць пра лічбы, кіламетр на трэніроўцы я зараз выбягаю з трох хвілінаў, «дзесятку» бягу 35 хвілін 40 секунд. І паказчыкі збіраюся палепшыць. Што датычыць марафона, думаю, мае сэнс паставіць мэтай выбегчы з трох гадзін яго, за 2.50 дзесьці.

photo_2025-07-15_21-55-37

– У вашых сацсетках можна ўбачыць, што часам вы з гумарам ставіцеся да нейкіх спартовых момантаў. Што за забег такі ў «леапардзе»?

– Гэта цікавая гісторыя. Незадоўна да вяселля Антона Навічэнка мы зарэгістраваліся на Налібоцкі забег – дыстанцыя там была нават больш за марафонскую, 47 км. Мы вырашылі зрабіць гэта быццам нейкі «мальчишник», бегчы не столькі на вынік, колькі дзеля асалоды і настрою. Таму ў нас былі белыя кашулі, леапардавыя ласіны і шорты. Мы беглі не на месца, спыняліся і пазіравалі перад кожным фатографам. Але пры гэтым усё роўна некаторыя з нас дакладна траплялі ў прызы. І за тры км да фінішу мы трохі заблукалі, змянілі маршрут і прыбеглі ў выніку з другога боку, не там дзе трэба. Таму нас чакала дыскваліфікацыя. Але ж цікава, што нават, калі бяжыш не на вынік, а дзеля іншых эмоцый, усё роўна добра бяжыш.

photo_2025-07-15_22-10-56 (2)

– Куды вы бяжыце? У чым тут самая асалода?

– Пытанне складанае. На пачатку бегаў, каб проста вярнуцца ў нейкую спартыўную форму. Потым пачаліся выклікі сабе самому. Бачыш прагрэс, і гэта матывуе тваё развіццё. Гэта добры дадатковы стымул. Плюс, можа гучыць не дужа сціпла, але ёсць падстава сабой ганарыцца. Бо ўсё ж такі ў мяне была перспектыва, па сутнасці, застацца ў інвалідным вазку. Мне і доктар мой даволі шчыра ў свой час пра гэта казаў. Не хачу, каб гэта здавалася, нібыта нейкую слязлівую гісторыю распавядаю. Не скарджуся і не перахвальваю сябе.

photo_2025-07-20_21-33-57

– Падаецца, што ваш шчыры расповед можа стаць добрай матывацыяй для людзей, якія зараз у роспачы ці згубілі веру ў сябе.

– Добра, калі так. Безумоўна, калі тое здарылася, вельмі асцярожныя былі і дактары, і я сам не адразу ўсвядоміў цяжкасць становішча. Але вось цяпер так.

– А што дапамагала? Вера? Устаноўкі? Можа, якія рытуалы нават?

– Дапамогло мне, па-першае, тое, што мой доктар вельмі добра зрабіў сваю працу, за што я яму вельмі ўдзячны. Мая рэабілітацыя пасля яго рук, будзем так казаць, пайшла вельмі добра. Па-другое, дапамагаў мне ўласны прагрэс. Бачыш вынік, ён цябе натхняе.

Адносна рытуалаў скажу, што не схільны да магічнага мыслення. Мне падабаецца, напрыклад, кніга Даніэля Канэмана пра кагнітыўныя скажэнні, пра статыстыку – калі ты ўсё можаш навукова, разумна патлумачыць. Мая жыццёвая філасофія – трэба больш спадзявацца на сябе.

photo_2025-07-15_22-01-14

– Сёння вы вы займаецеся спортам ужо далёка не для здароўя і формы?

– Ужо не. Гэта пра прагрэс, пра вынікі, перспектыву. Пра рэжым і дысцыпліну. Калі займаешся «праз не магу», у спёку, дождж ці холад. Бег на вынік – гэта толькі так. Але яно далёка не кожнаму патрэбна, і я ні ў якім разе не прыклад для ўсіх. Мае трэніроўкі цяжкія і складаныя, дакладна не «фізкультурка».

Бывае, не бегаеш некалькі дзён, захварэў, напрыклад. Прыйшоў дамоў, лёг на канапу, уключыў ютуб. Ляжыш, глядзіш, нікуды не трэба, кайф. І дождж яшчэ. Вось, маю афіцыйную прычыну нікуды не ісці. І калі ты некалькі дзён так не бегаеш, то потым пачынаць цяжка.

Для мяне бег – гэта не толькі лічбы і месцы. Скончыў трэніроўку, вось табе лакальная перамога. Ідзеш, сабой задаволены. Кайф. Мне цікава варушыцца, адчуваць.

DSC_0874g

Полацк і сэнс жыцця

– Вы любіце Полацк?

– Так. Магу сказаць, што гэта камфортны для мяне горад, я сябе ў ім добра адчуваю.

– Які ён для вас?

– Гэта, па-першае, горад майго дзяцінства. Я тут вырас. Так яго і ўспрымаю. Калі вучыўся ў ліцэі, прыехаў аднойчы на выходныя дамоў у Полацк, а тут Дажынкі якраз. І горад так акультурылі, што я быў вельмі ўражаны.

У мяне на дадзены момант няма жадання некуды з’язджаць. Для мяне тут усё роднае, утульнае, камфортнае. Еду за мяжу, ці ў Мінск – цікава, добра. Але сам думаю – прыехаць бы ў Полацк. У сваё. Пабыць дома ці пабегаць па горадзе. Люблю цэнтр і Ніжнепакроўскую, гэта самыя выразныя, можа, мясціны тут. Не ўсё, вядома, ідэальна і зручна. Але ўсё роднае і знаёмае. Кожны домік – гэта частка майго бегавога маршрута.

DSC_0879

– А якія ў вас дзіцячыя ўспаміны пра Полацк?

– Успомнілася, як мы малыя кампаніяй прыйшлі на каруселі. Грошай у нас ніякіх не было. І быў там дзядок, які ўсім кіраваў, уключаў гэтыя арбіты і ўсё такое. Нешта нам пашчасціла, што такі настрой быў у дзядка, што катаў ён нас бясплатна і ад душы. «Сюрприз», «Орбита», самыя жорсткія атракцыёны, куды бацькі не пускалі мяне, усё было даступным у той шчаслівы дзень.

А так у маленствея быў паслухмяны дзіцёнак: пацаны ідуць на вадахранку, мне не дазволілі, ну я і цёгаюся па двары. А дом каля вайсковай часткі. І мы там хадзілі і збіралі нейкія сыраежкі. Ці на веліку катаўся.

DSC_0877g_1

– Ведаеце, як быць шчаслівым?

– Гэта, як па мне, магчымасць займацца тым, што табе падабаецца. І быць з людзьмі, з якімі табе камфортна.

– Ці трэба шукаць сэнс жыцця?

– Тыя, хто аб гэтым задумаўся, яны ўжо фактычна яго і шукаюць. Такім азадачваюцца, калі базавыя патрэбы па той жа пірамідзе Маслоў ужо закрытыя. У цэлым, можа і трэба шукаць. Але ў кожнага ён свой. Думаю, жыццё адно, і пражыць яго патрэбна так, каб яно было яркае, цікавае. Мне здаецца, сэнс жыцця чалавека – развіццё. Знайшоў свой напрамак, і развіваешся ў ім.

DSC_0886

– Наш беларускі менталітэт, які ён?

– Беларусы вельмі эмпатычныя. Схільныя да спачування і дапамогі іншым ў бядзе. Мне гэта вельмі падабаецца: гісторыі, калі людзі аб’ядноўваюцца, каб дапамагчы, моцна натхняюць. Але пры гэтым усе мы розныя, і таму вылучыць характэрную асаблівасць цяжка. Спадзяюся, што добрых людзей усё ж больш.

DSC_0891

Фота Кірыла Смалякова, а таксама з асабістага архіву Дзмітрыя Галімскага

Читайте также: В рамках недели водного туризма в Полоцке проведут новый сплав-квест «Река истории: От Рогнеды до наших дней»

«Насквозь промокли, но были так счастливы». Полочане поделились трогательными историями о прогулках под дождем

В городском парке Новополоцка обустроили новое место отдыха и развели белок 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Оставайтесь с нами в социальных сетях: 

insta   58cbe3ace31ff15adc715b82  



Автор: Кацярына Вязевіч




Не вижу код